— Эла Іванаўна, прабачце, — сказаў ён, клічучы маладую настаўніцу, — пакажыце, калі ласка, свой план па беларускай літаратуры.
Эла Іванаўна, маладзенькая, прыгожая, стройненькая дзяўчына, спалохана ўскочыла з канапы, абцягнула на сабе вузенькую чорную спаднічку, якая ўсё роўна не закрывала поўненькія калені. Нядаўна яна, як крыху нехаця пачуў Логвін, расказвала дзяўчатам-сяброўкам (а ix, незамужніх настаўніц, у школе аж пяць) пра Валерыка. Той прыехаў пазаўчора з горада i ў той жа вечар выклікаў яе на двор, «кідаў каменьчыкі ў акно», а яна «наўмысна не спяшалася выходзіць, правярала яго». Эла Іванаўна, нагінаючыся над сваёй сумкай i чырванеючы, доўга перабіраючы кнігі-падручнікі, шукала патрэбны сшытак, нарэшце, здаецца, абмацала яго, яшчэ гусцей пачырванела i вінавата зірнула на Логвіна. Ён адразу ж усё зразумеў — яна сёння не напісала планаў.
—Мікалай Аляксандравіч, — ціха прамовіла яна, — я забылася планы дома.
Сказала — i ёй самой стала сорамна, бо плюскала вачыма i не магла сустрэцца з яго позіркам, раз ад разу гладзіла пачырванелыя шчокі. Дасюль яна, як ні адна настаўніца, заўсёды пісала вялікія добрыя планы.
«Усё-такі дакідаўся той» «разумны, ветлівы» Валерык, доўга пасля пратрымаў на дварэ», — падумаў Логвін, усміхнуўся i пашкадаваў маладую дзяўчыну. Яна прыехала з горада ў вёску, сумуе без хлопцаў, рада кожнаму новаму чалавеку.
«Яна, відаць, i не выспалася добра».
—Эла Іванаўна, — страгавата сказаў Логвін, — вучні-гультаі, калі не зробяць урокаў, даўно выдумалі сабе тры адгаворкі: не быў у школе i не ведаў тэму, што рабіць, балела галава i не зрабіў ці што-небудзь забыўся дома. Другіх вымыслаў амаль не бывае. Вы i самі гэта ўжо ведаеце...
—Я напісала...— прашаптала Эла Іванаўна, i яшчэ болей відаць было, што маніла: ужо не ведала, дзе дзець вочы. Поглядам яна прасіла не дакараць яе, не гаварыць болей — каб не пачуў строгі дырэктар. Той i на педсавеце можа за гэта папракаць i калі яшчэ раз так «зловіць», дык i вымову аб'явіць.
—Без плана нельга лічыць, што вы падрыхтаваліся да ўрока, — сказаў Логвін.
—Я падрыхтавалася...
I тут празвінеў званок. Настаўніцы-дзяўчаты першыя падняліся, моўчкі разабралі класныя журналы i разышліся. Цяжка падняўся, паклаў у нагрудную кішэню акуляры высокі паўнаваты дырэктар i гэтаксама падаўся на свой урок, на Элу Іванаўну нават не зірнуў: гэты год ён мала ўваходзіць да работы, цярпліва чакае вясны, зваліў усё на Логвіна i стараецца ўтрымаць, не адпусціць яго ca школы, змусіць, каб iменна ён сачыў за маладымі настаўнікамі: першы год ix трэба вучыць, як i дзяцей.
Эла Іванаўна ўзяла класны журнал, стаяла i чакала: пусціць яе Логвін на ўрок ці пашле дахаты па планы. Логвін усё разумеў, спачуваў настаўніцы, але мусіў не быць мяккім: работа ёсць работа. Хоць увогуле яму, маладому завучу, было нялёгка: не ўдавалася быць заўсёды строгім з амаль сваімі равеснікамі ды яшчэ з маладымі незамужнімі дзяўчатамі, i няможна было залішне быць мяккім з імі — тады яны сваімі ласкавымі позіркамі, рознымі гутаркамі ды інтымнасцямі зусім бянтэжылі яго, нават часамі i любілі паджартаваць, ведаючы, што ў яго вельмі раўнівая маладая жонка. Яму школьная — настаўніцкая i завучаўская — работа давалася лёгка, а вось «спрацоўвацца» з дзяўчатамі было цяжэй...
Ён хацеў ужо сказаць сваё слова, як адчыніліся дзверы i Міхаліна Казіміраўна, пажылая хворая настаўніца, цяпер раззлаваная, белая, ледзь не ўкінула ў настаўніцкую пяцікласніка Быкоўскага — рослага, гарэзлівага падлетка. Ад выхадак таго часта ўжо нават плакалі настаўніцы, праз сілу ідучы ў пяты клас на ўрокі.
— Мікалай Аляксандравіч, — Міхаліна Казіміраўна аж не магла гаварыць ад злосці i хвалявання, — што хочаце рабіце з ім, але я не магу весці ўрок, калі ён у класе... Усе дзеці як дзеці, а ён... Вось i цяпер захаджу да ix, а ён ката з-пад парты выпусціў... Сарваў урок... Вы ведаеце, якія ў мяне нервы... Разбірайцеся! Вы — завуч. Я не магу...
Гаварыць, разбірацца цяпер з Быкоўскім, падумаў Логвін, — значыць, бясконца дапытвацца: «Чаму ты так зрабіў?» Логвін настаўнічаў не першы год, усякіх дзяцей пабачыў, ведаў гэтага Быкоўскага i цяпер разумеў: яму трэба ісці на ўрок з Элай Іванаўнай i не траціць часу на свавольніка, прыйдзецца пагаварыць з ім пазней ці нават схадзіць сёння да яго бацькоў.
— Міхаліна Казіміраўна, супакойцеся, калі ласка, — папрасіў Логвін, — i дазвольце Пецю пабыць на ўроку. Разбяромся з ім пазней, толькі скажыце мне, як ён цяпер будзе сябе паводзіць.
Читать дальше