—А можа, давайде так, — сказаў Логвін, — не будзем разбіраць ваш сённяшні ўрок. На днях вы самі паклічце мяне на свой урок, на такі, дзе вы зможаце разгарнуцца, i тады мы ўжо абмяркуем гэтыя ўрокі. Згодны?
—Канечне, — усміхнулася Эла Іванаўна, — толькі вы... Ну, не гаварыце нікому ці на нарадзе якой пра мой сённяшні, пра маю сённяшнюю няўдачу... Так больш не будзе...— I яна так добра пазірала на яго, што ён не вытрымаў, усміхнуўся.
—Ладна, — сказаў ён, — хай будзе па-вашаму. На першы раз.
—Ну, гэтыя дзяўчаты! — усміхнуўся Пётр Сцяпанавіч, калі яны з Логвіным выйшлі на калідор.— I грэх i смех... Стараюцца, любяць работу, але... нейкія трошкі нешчаслівыя яны: ix, незамужніх, шмат, пяць ці шэсць тут, аж, далібог, не помню, а халасцяка ні аднаго... Думаеце, гэта добра? Не...
Пётр Сцяпанавіч немалады ўжо чалавек, у вайну быў у партызанах, а пасля пайшоў у армію, ваяваў i дайшоў да Берліна. Пажылаваты, але акуратны. Вось i сёння на ім пацёрты на лакцях, але добра адпрасаваны сіняваты касцюм, сіняя кашуля i сіняваты, з шэрымі пералівамі гальштук, наваксаваныя туфлі. Гэта ўсё нягледзячы на такое мокрае надвор'е, на тое, што ў яго ёсць вялікая сям'я, гаспадарка. За ўсім ён неяк паспявае дагледзець i чытае болей амаль за ўсіх. Бадай, толькі болей за яго чытае кніг Ігнат Карлавіч — самы стары настаўнік школы. Сёння яго няма: ляжьіць у бальніцы.
Васьмікласнікі сядзелі ціха, чакалі настаўніка. Не корпаліся ў сваіх сумках, бо ўсё іхняе прыладдзе ляжала на партах. Яны адразу засыпалі Пятра Сцяпанавіча пытаннямі, i ён выслухаў ix, коратка i добра адказаў, вучняў не перабіваў, але своечасова i далікатна ix папраўляў, тады пачаў пытацца сам.
Логвін хоць стараўся бываць штодня на двух чужых уроках, як таго хочуць ад завуча інспектары (хоць гэта не заўсёды выходзіць), але на ўрокі Пятра Сцяпанавіча ішоў заўсёды з прыемнасцю, бо не толькі сядзеў, стараўся знайсці «добрае i благое», але адчуваў, што i самому яму ёсць чаму павучыцца, бываючы на такіх добрых уроках.
— Уявіце сабе...— амаль шэптам сказаў Пётр Сцяпанавіч, i дзеці заціхлі, сачылі за кожным рухам настаўніка, лавілі кожнае яго слова. I Логвін заслухаўся, перастаў пісаць, перанёсся ў думках у тую далёкую, цёплую краіну. Ён убачыў, здаецца, калі гаварыў Пётр Сцяпанавіч, густы, пераплецены нізкімі дзікімі кустамi гушчарнік, высокую зялёную траву; куст затросся, расхінуўся — i паказаўся хітры, з прыжмуранымі вачыма i вусамі, што шморгаліся, грозны тыгр, — казуля-малалетак перастала есці траву, сціснулася, застрыгла вушамі, скочыла, але было позна...
Логвін слухаў i зайздросціў Пятру Сцяпанавічу: як ён добра, маляўніча, без ніводнага лішняга слова расказвае, як умее зацікавіць. Гаворыць не толькі тое, што трэба па праграме, але i тое, што бачыў у кіно ці па тэлевізары, вычытаў з часопісаў i кніг. Такі ўрок, падумаў Логвін, ёсць за што пахваліць, не трэба хітраваць ці вышукваць далікатныя словы, каб сказаць калегу горкую праўду.
Логвін, як гавораць настаўнікі, якіх ён не раз i сам запрашаў, працуе «добра», але сваімі ўрокамі не заўсёды задаволены. Таму, калі сам даваў добры ўрок, трапляў на нечы выдатны, дык дзень гэты лічыў удалым, пражытым не дарэмна.
...На мокрым дварэ тапталася старая жанчына. Яна са здзіўленнем зірнула на Логвіна, адказала на яго прывітанне.
—Гаспадар дома? — спытаў ён.
—А дзе ж яму быць, — хмурачыся, забурчэла тая.— Налізаўся ўчора, сёння на работу не пайшоў, ляжыць, памірае. Хваробу такую ён часта сабе знаходзіць.
Логвін зайшоў у сенцы, з сянец — у хату. Адразу са двара здалося тут цёмна, i ён ледзь убачыў на ложку заспанага, маладога яшчэ, гадоў пад сорак, ускудлачанага мужчыну.
—А, настаўнік! Дзень добры! — Мужчына падняўся, звесіў на падлогу босыя ногі, зморшчыўся i пацёр далоняю твар.— Відаць, нешта наш бэйбус у школе выпаліў?
Логвін расказаў Быкоўскаму пра яго сына, расказаў пра сённяшні дзень.
—Не хоча вучыцца, лайдак, — паківаў галавою Быкоўскі-бацька, — зусім не цягнецца да кніжкі. Вось i цяпер прыбег са школы, перакусіў i панёсся недзе на вёску. Я нават i не зірнуў куды: галава баліць...— ён зноў зморшчыўся. — Я i лупцаваў, i прасіў, задобрываў, а цяпер дык i рукою махнуў. Адумаецца некалі.— Ён закурыў i сеў ля стала.— Сам я невялікай навукі, вельмі не памагу. Задачкі яшчэ некаторыя выходзяць, a грамаціка... Ды цяпер i задачкі такія сталі, што не рошыш... Самы меншы мой у першы клас да вас ходзіць, а памагчы яму не магу па матэматыцы... Іксы нейкія прыдумалі... Ды якая была ў мяне вучоба? Бацька наш не вярнуўся з Нямеччыны, загінуў недзе, маці адна засталася, ды нас жменя гароху — шасцёра... Старэйшы я, дванаццаць гадоў; перад вайною збіраўся ў першы клас пайсці. Пайшоў толькі ў сорак чацвёртым, на во колькі пазней. Праўда, чытаць крыху ўжо налаўчыўся, стаяў у нас адзін паранены партызан, дык паказаў літары. Пахадзіў я тры гады ў школу — без кніжак, босы, галодны, са шчапою замест паперы, але навуку грыз добра, бо нечага лепшага хацеў... Настаўнік прарочыў, што вялікім чалавекам буду. Ну, кажа, Быкоўскі, станеш ты інжынерам! Прынёс я дзённік за чатыры класы, маці паглядзела яго, парадавалася i кажа мне: добра, сын, малайчына, але з навукі тваёй сям'я хлеба не мае i калі яшчэ будзе мець, ідзі ў калгас, памажы падняць меншых на ногі, а то не вытрываю я... Паплакаў я, пароў ды i пайшоў з віламі, касою, плугам працаваць. Во цяпер на ферме раблю, цялят даглядаю. Учора во з дружбакамі прэмію...— ён усміхнуўся.— Браты i сестры мае, маладзейшыя, павывучваліся, інжынерамі ды ўрачамі сталі, а я вось так i застаўся...
Читать дальше