I настаўніца i вучань прамаўчалі, выйшлі з настаўніцкай.
—А мне можна ісці на ўрок? — Эла Іванаўна пакорліва пазірала на Логвіна, так жаласна смыкнула тонкімі вуснамі, захвалявалася, што ён сумеўся, успомніў, як летась вясною зайшоў праверыць работу пажылой настаўніцы суседняй пачатковай школы.
Тая ўбачыла яго, «начальніка», з акна класа, спалохана выскачыла на калідор, папраўляла невялікую тлустую плямінку на блузцы, пасля паказвала журнал, планы, залівалася чырванню i так жаласліва пазірала, стрымлівала свае дрыготкія рукі, калі Логвін збіраўся сказаць ёй пра заўважаныя непаладкі. Настаўніца тупала вакол яго, называла «Аляксандравіч ды Аляксандравіч», што Логвін сумеўся, засаромеўся i яму стала шкода гэтай старой жанчыны — ёй засталося працаваць год-два да пенсіі. Ён хутчэй пажадаў ёй «поспехаў», развітаўся i заспяшаўся ca школы... Можа, ён памыляўся, але яму здавалася, што некаторыя настаўнікі маюць залішні страх перад усякім начальствам. Яму заўсёды было няёмка бачыць гэта.
—Хадзем, зірнём, як вы можаце працаваць без планаў, — усміхнуўся Логвін.— Можа, так у вас яшчэ лепш выйдзе.
—Дзякую, Мікалай Аляксандравіч, — усміхнулася i Эла Іванаўна, абрадавана зірнула на яго.— Больш так не будзе, вось паглядзіцё.
—Добра, добра, — усміхнуўся ён, адводзячы позірк ад яе чырвоненькіх свежых шчок, ад белай стройнай шыі i прыгожай прычоскі.
Дзеці без настаўніцы шумелі, вызіралі з класа на калідор; калі зайшлі Эла Іванаўна i Логвін, яны кінуліся да сваіх парт, суцішыліся. Эла Іванаўна запынілася ля стала i доўга, што не варта было рабіць, дапытвалася, хто не прыйшоў сёння ў школу, не вывучыў урок ці што не зразумеў, прасіла ўсіх лепей сесці.
Пасля выклікала вучня да дошкі. Невысокі, плячысты хлопчык, мусіць, не прачытаў дома ўсяго, гаварыў вяла i нецікава, увесь час блытаўся. Эла Іванаўна перажывала, што вучань так слаба адказвае на яе пытанне, хвалявалася. Астатнія дзеці сядзелі вялыя (быў панядзелак), пазяхалі, паглядалі ў вокны ці корпаліся ў сваіх сумках.
Логвін сядзеў на самай апошняй парце i не ведаў, як дачакацца канца ўрока. Маляваў у сваім сшытку чорцікаў, кружочкі i часта пазіраў на гадзіннік. Эла Іванаўна, заўважаючы гэта, аднаго за адным паднімала іншых вучняў, прасіла ix адказваць на яе пытанні, хочучы павесці ўрок цікавей. Гаварыла шмат сама, выгаворвалася, хутка зусім разгубілася, выдумляла, абы-чым займала дзяцей, — каб не маўчаць.
Логвін падумаў, што вось так i не шанцуе настаўніку — як ты ні старайся, a ўрок не ўдаецца. То тэма ўрока не зусім цікавая, то дзеці мала стараюцца. Калі адзін на ўроку, дык толькі сабе непрыемна, калі ж яшчэ нехта, завуч, дырэктар ці інспектар, сядзіць на ўроку, дык тады ўдвайне перажыванні. I сабе за няўдачу, i за адчуванне, што нехта будзе думаць, што ты вось такі настаўнік, у цябе вось так заўсёды... Логвін адчуваў, што цяпер на душы ў маладой, яшчэ не спрактыкаванай настаўніцы, паспачуваў ёй; рашыў, што пастараецца пасля, разбіраючы гэты ўрок, не пакрыўдзіць, бо так можна адбіць у яе ахвоту да работы...
Падумаў ён яшчэ, што дзіўная настаўніцкая праца. Нейкая схаваная яна — не раз i самому сабе.
Прыйдзеш з урока — адчуваеш, але добра не ведаеш, што ты зрабіў, што новага ўведалі дзеці. Нагаворышся, наслухаешся, аж галава забаліць. Але сёй-той са старонніх да школы людзей можа яшчэ пажартаваць ці пазайздросціць: хіба цяжка вам працаваць? У цяпле, з малымі дзецьмі, пры добрай плаце! Вось нам...
«У цябе колькі дзяцей?» — пытаўся Логвін пры такіх гутарках.
«Двое», — звычайна адказваў яму субяседнік.
«А ў мяне дзвесце трыццаць, — гаварыў Логвін, — дык каму лягчэй: табе ці мне?»
Гулка празвінеў у цішыні званок.
Логвін падняўся i пайшоў у настаўніцкую. Там Міхаліна Казіміраўна, немаладая ўжо настаўніца, Maцi дваіх дзяцей, цяпер ужо чырвоная, што бурак, расказвала настаўнікам, што Быкоўскі так i не даў ёй весці ўрок, усе сорак хвілін траціла пасля на яго свае нервы — супакойвала, прасіла, пагражала. Такіх вучняў, як думае яна, трэба калі не гнаць са школы, дык хоць атэстаты з двойкамі ім выдаваць, каб пасля ўсюды бачылі, што за чалавек перад імі. Нечага ix прыкрываць троечкамі...
—Мяне злуе, аж не ведаю, што рабіць, — скардзілася Міхаліна Казіміраўна, выціраючы хустачкаю спацелы лоб, — калі ён, гэты Пеця, ужо з пятага класа заяўляе мне ў вочы, што будуць вось так цацкацца з ім усе дзесяць гадоў, прагоняць са школы — пасля будуць прасіць, каб хадзіў, паставяць тройку. Ён ужо, жаўтароты, ведае, што тэхнікумаў ды інстытутаў яму не трэба, а грошай вялікіх, большых, чым у настаўніка, у яго будзе. Ён надакучаў мне: «А колькі вы, Міхаліна Казіміраўна, палучаеце? »
Читать дальше