—Не крыўляйся! — жонка не вельмі любіла, калі ён жартуе ці пакеплівае.— Можна лепшую вёску знайсці, бліжэй ад горада. Чалавек браў, запрашаў цябе ў Галінавічы, у дзесяцігодку, а ты... Ну, чаго ты ўпарцішся? Чаго ты ліпнеш тут?
—Некаму ж трэба вучыць дзяцей i ў Міланьках, — сказаў Логвін, — школа, нават i самая далёкая, не можа быць без настаўнікаў.
—Знайшлі во згоднага, упіхнулі, а ён i рады. Сухамлінскі!
—Не прападзём, Оля, — паклаў ёй руку на плячук.— Самае галоўнае, што работа ў нас добра выходзіць, ніхто не папракае, жывём, сына во гадуем, а там, глядзі, i на дачку асмелімся...
—Ну!..— хмыкнула толькі жонка, адцягнула ад пліты фіранку i начала ставіць на стол ежу — звараную капусту i смажаную бульбу. Са століка дастала хлеб i гуркі.
Увогуле, у ix з мэблі была толькі шафа, канапа-ложак, раскладушка i стол, тумбачка з тэлевізарам. На стале яны правяралі сшыткі, пісалі планы, у тумбачцы лажылі свае кнігі. Вучнёўскія сшыткі клалі аж на шафу, бо ix вельмі любіў «паглядзець» сын. Калі ён «праверыць», дык тады ўжо гэтых сшыткаў дзецям не панясеш... З сынам i яшчэ былі клопаты — не было дзе дзець яго днём: у Вішнёўцы не мелася дзіцячага сада. Вользе браць яго з сабою ў школу не выпадала, бо ён не даваў працаваць, трэ было толькі забаўляцца з ім. Аббегалі амаль усю вёску i ледзь знайшлі для яго няньку. Праўда, тая падрадзілася, але адмовілася прыходзіць да ix, змусіла, каб малога прыносілі да яе...
Логвін зірнуў у акно: за цёмнымі асеннімі хмарамі ружова заірдзелася сонца, а пасля выслізнула на сінюю прагаліну, паплыло, гайданулася, бы на хвалях, ярка высвеціла хмурнае неба, i стала відаць, што не сонца плыве, a ўцякаюць кудысьці, рассейваюцца, як зімою з комінаў дым, цёмныя, цяжкія хмары — i нечакана пабольшалі, разгарнуліся аблогі, вышэйшым, чуйным здалося неба. Недзе блізка на дварэ моцна залопаў крыллямі певень i радасна загарланіў, выклікаючы на цяпло курэй, якія, пэўна, зашыліся ад дажджу i цяпер драмалі ў зацішку ці церабіліся.
—Не будзем нудзіцца, жонка, — сказаў Логвін, садзячыся i беручы ў рукі лыжку, — не бяда, што без хітрыкаў жывём. Напрацаваліся вось у школе, далі дзецям усё, што маглі, сумленне чыстае, а зараз пад'ядзім, i я пайду на саўгасны двор. Вазьму каня i разганю пару сваіх баразён — выграбем да вечара.
—Абрадаваў i суцешыў!
—Ка жу не, усё будзе добра, жонка, — прамовіў Логвін, — жывуць людзі тут, i мы жыць будзем. Некалі правядуць да горада добрую дарогу, пабудуюць тут сярэднюю школу, сад-яслі, дадуць нам харошую кватэру... Лес, грыбы ды ягады блізка, рэчка гэтаксама, дык нам пасля будуць зайздросціць... A калі яшчэ купім «Волгу»!..
—Чаму — «Волгу»? Чаму — не самалёт? — не вытрымала i ўсміхнулася жонка, гэтаксама прысела побач, пасадзіла на калені сына i пачала карміць яго. Палагаднела і, здаецца, магла ўжо дараваць яму ўсе свае крыўды, боль, пакуты, больш не маркоціцца, жыць сваімі клопатамі. А ix у яе, у настаўніцы i маці, было безліч...
Пад'еўшы, Логвін апрануў выцертую куртку, у якой яны насілі ваду i дровы, i выйшаў на двор.
Нізкія густыя хмары расплыліся, неба высветлілася, стала бела-сіняе, зазіхацела шчодрым не па восені святлом. Зірнуў ён на нізкае неба, пачуў цяпло — i торгнулася, зашчымела недзе жылка, што гэта мо апошняя цёплая ласка, хутка абернецца восень сіверам, будзе стыла i холадна кожнага дня, пабялее, заініцца, а пасля зусім заледзянее зямля — сцнецца, схопіцца цвёрдай скібінай вада, будзе шмат снегу. Пачнецца доўгая белая зіма — замяце, закруціць, навіхурыць гурбы снегу ля платоў, дык прыйдзецца кожнага дня абсякаць ля калодзежа лёд, каб выцягнуць бадню вады, хадзіць у валёнках i цёплым паліто; гулка будуць звінець драты i спяваць стрэмчыны ў частаколе. I сядзець яму, Логвіну, да вясны ў Міланьках i Вішнёўцы, чакаць сакавіка, калі ўлягуцца, збягуць мяцеліцы, асядзе, растане снег, i тады можна ўжо будзе пайсці з дзецьмі ў лес спускаць бярозавік...
Логвін пастаяў, паслухаў ваколіцу i пайшоў папрасіць у конюха каня.
Тагo ўдалося знайсці хутка. На гразкім саўгасным дварэ ён падцялежыў задок калёс i мазаў квачом восі.
—Дзень добры, — адказаў той на яго прывітанне. Пацвеліўся: — Глядзеў я сабе, глядзеў i ўгадаць ніяк не мог, што гэта, думаю, за мужчына ідзе?! Па-нашаму адзеліся — у куртцы старой, у ботах, дык як i вясковы мужчына.
—Дзядзька Апанас, мне трэба конь, — прамовіў Логвін.
—Тады ідзіце за гумно, — сказаў конюх, — там сам начальнік, а без яго я даць не магу.
Логвін абышоў цялятнік, старое гумно, падышоў да маленькай, як хатка бабы-ягі, кузні i ўбачыў начальніка — тутэйшага брыгадзіра. Той, маладжавы, але поўны, нават дзябёлы, сядзеў на парозе кузні. Быў у высокіх гумовых ботах, доўгім апырсканым плашчы i ў мокрым сагнутым капелюшы.
Читать дальше