—Ды вучымся быць i настаўнікамі, i звычайнымі вяскоўцамі, — сказала Вольга.— Можа, не ўсё так як трэба ў нас выходзіць, але стараемся быць тут не чужымі i не лішнімі i работу сваю i сябе ў меру глядзець.
—Так, так, — са згодаю паківала галавою суседка i пайшла на сваё поле.
Заляскалі паблізу на ўтоптанай пагонцы колы, забарабаніў на возе плуг. Логвін азірнуўся: па дарозе ехаў на белаватым, з чорнымі кропелькамі жарэбчыку конюх. Пад'ехаўшы сюды, прыпыніўся.
—Гэй, настаўнік! — гукнуў ён.— Садзіцеся, паедзем. Разгонім мне, а пасля вам.
—Не трэба, — махнуў рукою Логвін, — мы накапаем на вячэру i пойдзем дамоў. Мы i мяхоў з сабою не бралі.
—Я дам, — не адступаўся конюх, — хадзеце разгонім, дык дацямна яшчэ добра выграбеце. Ды i брыгадзір сказаў, каб разараў табе з разору...
Вольга разагнулася, здзьмухнула з твару пасмачкі русявых валасоў, зірнула дапытліва, i Логвін зразумеў: яна здагадалася, чаму ён не прывёў нядаўна каня. Каб не расказваць ёй пра тое, не хваляваць, ён усадзіў у зямлю рыдлёўку i пайшоў да конюхавых калёс.
—Кажа мне: глядзі, які горды! — расказваў конюх, калі яны ўжо ехалі.— Бач, павярнуўся i пайшоў, не стаў прасіць!.. Згледзеў, што вы з лапатаю сюды пайшлі, галавою паківаў! Кажа: будзеш сабе разганяць, дык i яму разары. Не чужы ўсё ж, нашых дзяцей вучыць.
Логвін маўчаў.
—Любіць ён вось так... Вас, маладога, па бацьку называюць, дык i яго трэба...— гаварыў конюх.— Калі дык i хочацца паказаць, што ён тут гаспадар, самы важны чалавек...
Логвін прамаўчаў.
Конюхава поле было паблізу. Логвін, калі распрэглі каня ды прывязалі пастронкі за гужы, пачаў вадзіць каня за цуглі, а гаспадар выворваў. Калі яны разаралі баразён з дзесяць, гаспадар-конюх паваліў набок плуг i павёў каня на Логвінавы соткі.
Сваю бульбу Логвін папрасіў разагнаць сам. Конюх згадзіўся, даў яму плуг, правёў да сярэдзіны поля каня, прыпыніўся, вярнуўся i агледзеў баразну. Агледзеў i нічога не сказаў, павёў каня далей. Вярнуўшыся на сваё поле, ён штосьці доўга расказваў жонцы, i яны, прылажыўшы далоні да вачэй, нібы са здзіўленнем пазіралі на Логвіна i Вольгу...
Зямля была мокрая, цяжкая, не распадалася, таму трэ было яе трэсці, ледзь не вышчыкваць бульбу. Цешыла, што на баразне было шмат бульбы i клубні былі ядраныя, цвёрдыя, выстаяліся за восень.
Яны выбіралі, пакуль не паніжэла неба, закацілася сонца i заружовіла небакрай, згарнула святло, i пачаў паўзці з кустоў, згушчацца мяккі прыцемак, а за ім брацца начная асенняя здаровасць. Завязаўшы мяxi, яны пастаялі, чакаючы конюха. У гэты час нечакана холадна i ярка высвецілася на вечаровым небе ранняя зорка, i першы ўбачыў яе сын, радасна заскакаў: «Мама, ляма!» Гэтая сынавая выдумка насмяшыла Логвіна i Вольгу, яны моцна, ажно гукнулася рэха ў кустах, шчыра засмяяліся, азірнуліся (ці хто пазірае на ix), падаліся, прыпалі адно да аднаго, — i перастала, здаецца, балець спіна, толькі шчымнулі сухія вусны, што сасмяглі за дзень.
Калі конюхава сям'я сышлася, гэтаксама пачала трэсці i завязваць мяшкі, абіваць i зносіць кашы, Логвін падышоў да ix i памог узлажыць на калёсы мяшкі. Конь ірвануў воз, выцягнуўся, ажно затрашчалі гужы, i цяжка пацягнуў па полі, пакідаючы ад колаў глыбокія каляіны. Конюх выкіраваў яго на дарогу, i жарэбчык пайшоў лёгка, зафыркаў. Пасля яны паднеслі з поля да калёс чатыры Логвінавы поўныя мяхі, узлажылі, пасадзілі наверх дзятву i падаліся за канём у вёску, слухаючы, як гулка ляскалі колы, рыпеў, перавальваўся з боку на бок воз, чуючы, як цягнула з балота горкім дымам — відаць, упалілі недзе пастухі ці рабочыя торф i не атушылі, калі адыходзілі дадому.
—Вось i выкапаеце за некалькі дзён, — сказала конюхава жонка, — бо спраўна капаеце.
—Заўтра, калі вам будзе час, прыходзьце гэтаксама на поле, разгонім яшчэ, — азваўся конюх, — заўтра мы сваю канчаем, дык прыхінёмся, за якую гадзіну i вашу выграбем.
—Мы ўжо самі справімся, — сказаў Логвін.
—Паможам, — запэўніла конюхава жонка, — дзятву ж нашу вучыце.
—Вучым i грошы за гэта палучаем, — сказала Вольга.
—Усе гавораць, што вы больш, чым за грошы, вучыце, — прамовіў конюх.— I дзеці вас хваляць... Паможам. Ды i бабы збіраюцца падбегчы якога вечара, памагчы. Агалашу ўсім назаўтра.
—Не трэба, — сказала зноў Вольга, — хай сабе ўжо капаюць.
—Выкапаем, — махнула рукою конюхава жонка.— Не бойцеся, калі сарвём з вас пачастунак — не пабяднееце, дос грошы на кніжку насіць...
Пад'ехаўшы да Логвінавай кватэры, згрузілі мяхі ў хлеўчык, туды ж паставілі рыдлёўку i кош. Логвін падзякаваў конюху, абтросся на дварэ ад пяску i пайшоў з сям'ёю ў хату.
Читать дальше