...Сёння, у вераснёўскую суботу, Ігнат Карлавіч хваляваўся як ніколі. Сёння ў яго быў незвычайны дзень. Які — цяжка адказаць адным словам. Ён i сам не мог разабрацца, што ў яго на душы, што з ім робіцца. Жыццё яго нібы запыніць з сённяшняга дня свой бег, нібы пойдзе па зусім новай каляіне.
Увесь светлы дзень ён таптаўся пры хаце ці ў хаце — памагаў жонцы ў гаспадарскай рабоце, пад вечар расставіў у лепшай палавіне сталы, разлажыў талеркі, відэльцы i нажы. Улучыўшы вольную хвілінку, прысеў на канапе. Адчуў, што стаміўся. Памлелі, сталі зусім цяжкія рукі i ногі, выступіў халодны пот, натужліва калоціцца сэрца. Аслабеў ён вось так пасля інфаркту, што быў у яго на самым пачатку чэрвеня.
Пачуў: ідзе сюды, у чысты пакой, жонка. Трэ было б падхапіцца, не паказаць, што нямоглы, але не здолеў знайсці ў сабе для гэтага сілы. Толькі пастараўся прыкінуцца, што яму добра, што ён прысеў выпадкова, маючы вольны час.
Жонка, невысокая, худзенькая, шпаркая, яшчэ не надта старая, зірнула на яго пільна — відаць, на пагусцелыя пасля хваробы маршчыны на лобе i каля вачэй, на зусім выцвілыя зрэнкі ды пажаўцелыя, нібы бяскроўныя шчокі i вусны. Яна, Кацярына, была простая вясковая, як кажуць, жанчына, трэці дзесятак гадоў працавала тэхнічкай у сельсавеце, але была разумная, спагадная, чуллівая. Вельмі чуйная да людскога гора.
—Можа, трэба памагчы табе? — пачаў бадзёрыцца. Усміхнуўся праз сілу.— Давай буду насіць халодныя закускі на стол.
Яна не сказала: куды табе, лепш сядзі ды адпачывай. Не хацела ні напамінаць, што ён нездароўчы, ні крыўдзіць лішнім спачуваннем.
—Управімся яшчэ падаць на стол, Ігнатка, — прамовіла, не затрымалася, падышла да шафкі з пасудаю. Нібы да яе толькі i ішла.— Ды зараз нехта падыдзе, паможа. Ты пераапранайся ўжо, яшчэ раз пагаліся, — усміхнулася, — трэба ж, каб маладзён быў. Ты ж не абы-які пенсіянер, а малады...
—Добра, добра, — адказаў.— Як i раіш, пачну зараз шыкавацца. Пахвалюйся трохі, калі маладыя настаўніцы вачэй з мяне не будуць зводзіць.
—Такая мая ўжо доля, — нібы паскардзілася. З жартам.— Усё сваё жыццё раўнаваць цябе да настаўніц...
Калі яна, так нічога i не ўзяўшы з шафкі, выйшла, Ігнат Карлавіч паволі падняўся, прытупаў да шафкі. Па валідол. Калі паклаў белую таблетку пад язык, пачаў галіцца. Вадзіў электрычнаю брытваю па шчоках, пад падбародкам i адчуваў: слабеюць, ныюць ногі, рукі. Мусіў колькі разоў класці брытву на накрыты сурвэткаю стол i адпачываць ды заадно выціраць насоўкаю пот з лоба i з падбародка. Пасля, пагаліўшыся, апрануў свой святочны блакітны касцюм, падышоў да люстэрка i зірнуў на сябе: перад ім быў нібы незнаёмы дзядзька. Святочны, інтэлігентны, але поўны, з вялікімі залысінамі i з сівізной на скронях. A ў сваix вачах зноў ca скрухаю ўбачыў не толькі паблекласць, стомленасць, але i адчужанасць.
«Ну-ну! — падакараў сам сябе.— Малады пенсіянер! Ты — што?! Здаўся? Падбіўся? Не, браце. Трымайся! Не думай нават паказаць, што табе цяжка. Не трэба, каб шкадавалі i спачувалі. Трэба, каб ад цябе, браце Ігнаце, i ўсім бадзёрасць перадавалася! Іначай ты сам сабе здрадзіш... Што там нейкі інфаркт? Хіба ён можа зваліць з ног ці падарваць дух?!»
Падміргнуў свайму адлюстраванню, кіўнуў пальцам i адышоў ад люстэрка. Але не супакоіўся. Бруілася, як ручаёк пад вясновым снегам, трывога, хвалявала нейкае новае, можна сказаць, пенсіянерскае пачуццё. Што ён будзе рабіць на той пенсіі, як жыць? Будзе ж ужо нікому не патрэбны, лішні, бесклапотны, пачнецца дажывальскае жыццё. Перастане марыць, летуценіць — i дні яго будуць падобныя адзін на адзін, сумныя i, відаць, доўгія-доўгія i бяздзейсныя. Ці, можа, зусім дарэмна ён адчайваецца, палохаецца сваёй блізкай будучыні? Можа, адпачне i знойдзе сабе новы цікавы занятак? Можна ж стаць пчаляром, рыбаловам ці паляўнічым. Можна ж, калі дазволяць урачы, папрасіцца яшчэ i ў школу. Узяць некалькі ўрокаў i не адрывацца ад таго, чым жыў не адзін дзесятак гадоў. Зноў будзе працаваць у школе i, маючы больш вольнага часу, урэшце, як кажуць, зоймецца i сваёю персонаю, хоць на старасці пачне лепшыць свой характар, лад жыцця.
I настаўнікі, i аднавяскоўцы казалі, што ён працавіты, шчыры, сумленны, вясёлы, кампанейскі, адным словам, «добры», а то нават i «залаты чалавек», але ён сам — надта ў апошнія гады — лічыў, што нехта іншы быў працавіты, шчыры, сумленны, вясёлы, кампанейскі, а ён быў i ёсць бесталковы, сумны, нудны. Вельмі шмат ён бачыў у сабе хібаў, заган, але з жалем адчуваў, што некалішняга не зменіш, не паправіш, а цяпер жыць іначай, як умее, не здолее. А саромеўся ён найбольш за тое, што шмат у яго жыцці было дробязнага, супярэчлівага, што не заўсёды мог заступіцца за сябе i за іншых у патрэбную хвіліну, часамі маладушнічаў, меў цягу да здзеку над слабым i безабаронным i да ліслівасці перад дужым i ўладным. I, можа, найбольшы грэх меў перад жонкаю i дзецьмі. Ён мала i бачыў ix з-за школьнай работы, быў кепскім мужам, бацькам: жонка састарэлася, a дзеці выраслі i пайшлі ў свет, лічы, без яго ўвагі i ласкі...
Читать дальше