—Сядайце, госцікі дарагія, за стол, — запрасіў Ігнат Карлавіч.— Уважце маладога пенсіянера, — i сам першы падаўся ў кут. Злева селі за ім настаўнікі, справа — радня i суседзі. Мужчыны пачалі адкаркоўваць пляшкі шампанскага.
З поўным фужэрам падняўся Андрэй Сцяпанавіч, поўны, па-хатняму блізкі, не строгі ў белай кашулі з закасанымі рукавамі.
—Таварышы! Сябры! — прамовіў ён, відаць, гадаючы, як гаварыць. Гучна, пафасна, як i заўсёды, ці неяк іначай, проста i цёпла.— Сёння ў нас i радасная, i сумная бяседа. Нам сумна, што нас пакідае сціплы, але выдатны працаўнік на ніве народнай асветы, нам радасна, што ён па-ранейшаму малады, бадзёры, паказвае ўсім нам прыклад...
Андрэй Сцяпанавіч гаварыў доўга, ледзь не расказваў яго біяграфію, хваліў. Пасля ўручыў i ад райана, i ад школы падарункі, пацалаваўся з ім, упершыню ў апошнія гады шчыра расчуліўшыся, бо звычайна ён быў чалавек строгі i стрыманы.
Калі бяседа была ў разгары, калі адзін за адным чуліся тосты, звінелі нажы i відэльцы, чуліся смех, гамана, увайшоў у хату маладжавы маёр.
—Сын Ігната Карлавіча, сын Ігната Карлавіча, — зашапталі маладыя настаўніцы, i яму, бацьку, было прыемна, што i сын прыехаў, i што ён выклікаў у дзяўчат шчырае захапленне.
Тут жа знайшлі яму месца сярод дзяўчат, пасадзілі.
—Я не ведаю, што тут гаварылі, — пасля, падняўшыся, прамовіў той.— Але скажу перад усімі шчыра: дзякуй, што ёсць вы, тата, дзякуй, што ёсць вы, мама! Калі ёсць такія бацькі, людзі, дык ёсць каго абараняць, i мы, вайскоўцы, будзем абараняць вас, Радзіму з годнасцю.
—Дзякуй, сынок, — Ігнат Карлавіч нахіліўся, i яны з сынам моцна пацалаваліся. Хоць ён не браў у рот i кроплі, піў толькі кампот, але расчуліўся да слёз.
Шчырэлася, спявала ад увагі i пяшчоты яго душа, калі спявалі народныя песні, калі ўздумалі i патанцаваць.
—Ану, Андрэйка, давай любімы намі ў маладосці вальсок, — сказаў ён i запрасіў на танец Логвінаву Вольгу, на здзіўленне сам сабе лёгка закружыўся. Усе здзівіліся, запляскалі, а ён, падахвочаны, загарэзнічаў, паказваючы сваё былое танцавальнае ўмельства. Ніхто не асмельваўся ўслед за ім вальсіраваць. Можа, i таму, што цяпер маладыя (настаўнікі таксама) не зусім ахвочыя да вальсаў, полек, падыспанаў, кракавякаў, «Лявоніхі», на жаль, найбольш выдыбаюць нейкія «бугі-вугі».
Патанцаваўшы крыху, ён змусіў танцаваць i ўсіх. Танга.
—Павесяліцеся, калегі, — упрошваў, — асвяжыцеся душою. Гэтае асвяжэнне вам вельмі прыдасца. I мне няхай музыка, ваш смех, ваша весялосць доўга помняцца.
Пасля, калі i маладзейшыя i сталейшыя натанцаваліся, аж паружавелі ды пачырванелі, i зноў паселі за сталы з падноўленымі закускамі, яго ўпрасілі сказаць слова.
—Гаварыць мне цяпер i цяжка, i лёгка...— прамовіў ён, адчуваючы, што цісне ў горле ад нейкага даўкага камяку i заадно лагодна на душы.— Шкода маладосці, дужасці, маю нейкі страх нават за сваё пенсіянерства. Мала ўсё ж прырода, жыццё адпускаюць чалавеку маладога веку. Але не нуджуся, не каюся. Як казаў Андрэй Сцяпанавіч, лічы, сорак сваіх гадоў я аддаў школе. I не шкадую. Наадварот. Хоць за школьную працу героем не стаў, не маю медалёў i ордэнаў, гучных званняў, але ўсё жыццё радаваўся, што настаўнік, што паказваў маладому пакаленню шлях да святла, хараства, сэнсу... Нашы вучні, ix поспехі ў навуцы, у культуры, у народнай гаспадарцы — найлепшая нам, настаўнікам, уцеха i ўзнагарода... За настаўніцкую душу, сябры! За яе мудрую веліч!
...Вясёлыя госці пайшлі, панеслі з сабою смех, песні, гамонку, узрушэнне, але ў хаце па-ранейшаму захоўваўся ўзнёслы дух.
Жонка, дачка i сын пачалі прыбіраць са сталоў, а ён, Ігнат Карлавіч, сядзеў непадалёку на канапе, адпачываў.
—Неяк жа ты, тата, асмеліўся пайсці на пенсію? — здзівіўся сын.— Я дык спярша i не паверыў, што можаш пайсці са школы.
—Звольніўся б ён, каб не я ды не ўрачы, — сказала гаспадыня.— Мы табе, сынок, усяго не пісалі, не хацелі, каб ты хваляваўся. У бацькі ж быў інфаркт.
—Інфаркт? — аж спалохаўся сын, ледзь не выпусціў з рукі талерку. Немалады ўжо, за трыццаць, лётчык, а вось разгубіўся.
Ігнат Карлавіч адчуў: стаміўся ўжо сын. Пра гэта сведчаць i глыбокія залысіны, кругі пад вачыма. Дзіва тут ніякага няма: нялёгкая ў яго служба, забірае шмат маладосці, сілы, душы. Бяда іншая: на жаль, ён яшчэ i зараз нежанаты. Калі цяпер яшчэ гэта, можа, i не трывожыць вельмі, бо можна забыцца пра свае нягоды ў рабоце, дык хутка, як сын рана выйдзе на пенено, усё раптоўна абзыўнецца.
—От, Сцёпа, не зважай, — прамовіў ён.— Бачыш жа: дужы яшчэ я. Магу нават з маладымі жанчынамі скакаць. Адпачну крыху дома ды пачну шукаць работы. Не возьмуць у школу, дык пайду ў саўгас. У сад ці да пчол.
Читать дальше