Здаецца, i сам ён, апрача работы, нічога не бачыў. Лічы, усё жыццё пражыў у сваёй роднай, невялікай i далекаватай ад горада вёсцы i свет вялікі найперш адчуваў іменна па ёй — па калектывізацыі, па вайне, па пасляваенным часе. На першы погляд у ёй нічога нібы не ўскалыхвалася, не зыначвалася, як нічога выключнага не адбывалася i ў яго жыцці, лесе, але ўсё ж, відаць, ён быў сведка — i не толькі сведка — цэлай эпохі. Маленства яго прайшло пры лучыне i газніцах, у лапцях, пры сявеньках, а старасць прыпала на век электрычнасці, электронікі, машын, тэлевізараў, тэлефонаў i, на жаль, на век магутнай атамнай зброі...
Праўда, часта хацелі перавесці яго адгэтуль у большую школу, паставіць завучам i дырэктарам, бралі ў горад, але ён не меў сіл вырвацца адсюль, працаваў, працаваў i, дзякуй богу, бачыў радасць там, дзе яе іншыя не маглі разгледзець i ўцякалі шукаць лепшых месц, хоць некаторыя прызнаваліся, што абетаваных месц не знайшлі, бо ўсюды былі нечым незадаволеныя, відаць, больш думаючы пра сябе i свае выгоды, чым пра работу. Адзін бог ведае, кім бы быў ён сёння, як жыў бы, каб усё ж у свой час спакусіўся i некуды з'ехаў, пайшоў па іншай дарозе. Можа, i жыў бы іначай, «лепш», а можа, i таго не меў бы, што тут мае. Хто ведае?! Шляхі чалавечыя неспазнаныя!
Патупаў-патупаў па пакоі i зноў прысеў на канапе. I тут жа сюды зайшла жонка, акінула яго ранейшым, дапытлівым, позіркам.
—Ці не кепска табе? — запытала.
—Ды i не зусім добра, — адказаў.— Ці не зарана я пабег на гэтую пенсію?
—Хочаш яшчэ адзін інфаркт? Ці хочаш нават памерці ў школе, на ўроку? А можа, лічыш, што незаменны, без цябе не пойдзе работа, не будзе добрай вучобы?
Змаўчаў. Адчуў: жонка разумее, што ў яго на душы, але ўсё роўна разважае па-свойму. Шкадуе, беражэ яго.
—Я ж не каялася, пайшла во на пенсію...
—Дык ты ж цяжка працавала! I дома, i на рабоце.
—А ты — гуляў? — напала, змушаючы яго навучыцца ўжо думаць іначай, чым думаў i жыў дагэтуль. He чуючы яго адказу, дадала, пафіласофствавала нават: — Не, не гуляў. Іншыя i на такой рабоце лындылілі, а ты не ўмеў. Але ж цяпер прыйшоў час i адпачыць. На ўсё свой час. На работу i на спачын. Так было, ёсць у іншых, так яно i ў нас. Што мы — адмысловыя нейкія ці не на зямлі жывём? Адменныя ад усіх людзей? Ці без старасці, без стомы? — Уздыхнула, адвяла вочы.— Хоць, можа, i не зусім так жылі... Людзі каторыя, можа, жылі i лепш, мудрэй, больш сябе глядзелі...
Ён зноў нічога не адказаў. Ды што скажаш?!
—Затое цяпер, на пенсіі, будзем глядзець толькі саміх сябе...— Усміхнуўся.— Нагонім тое, што страцілі некалі...
—Толькі што...— прамовіла ў адказ i больш нічога не паспела сказаць: у сенцах пачуўся стук, рыпнулі дзверы ў хату.
Яны абое пайшлі насустрач. У хату зайшла невысокая, светлавалосая, у яе, у маці, дачка, а за ёю ступіў высокі i худы зяць-шафёр, падстрыжаны па-даўнейшаму, пад польку, з белаю патыліцаю, у новым, але крыху велікаватым касцюме.
—Самыя раннія, — усміхнулася Марылька, пацалавала маці, бацьку i адразу ж падалася на кухню. Памагаць гаспадыні, а заадно пачынаць сервіраваць стол. Яна, аграном, шмат дзе была на свеце, добра ведае ўсякія цяперашнія этыкеты i цырымоніі. Зяць падышоў да Ігната Карлавіча, парукаўся, гаварыць па сваёй прыроджанай маўклівасці не спяшаўся, дык гаспадар сам пачаў распытваць у яго пра саўгасную работу.
Калі паставілі ўсё, што мелі, на стол, калі прыбраліся гаспадыні, зноў пачуліся ў сенцах шум, шушуканне. Ігнат Карлавіч зразумеў: прыйшлі маладыя настаўнікі i саромеюцца заходзіць, выбіраюць, хто павінен ступіць за парог першы. Ігнат Карлавіч памкнуўся ўжо, каб падысці, адчыніць дзверы i запрасіць моладзь, але дзверы адчыніліся i зайшоў у святочным шыкоўным касцюме Логвін, за ім увайшлі яго жонка i па-святочнаму апранутыя настаўніцы.
Усе маладыя, стройныя, модніцы.
—О, якія ўсе пекныя! — заўсміхаўся Ігнат Карлавіч. — Няхай даруюць мне за мой правінцыялізм, але скажу шчыра: іменна ў нас, на Беларусі, самыя прыгожыя дзяўчаты i жанчыны!
Настаўніцы абступілі яго, заваражылі яго маладымі ўсмешкамі, пацалункамі, ледзь не завалілі яго букетамі кветак. Здаецца, сама па сабе знікла стома, нямогласць, пабегла па яго жылах маладая кроў.
Неўзабаве прыйшлі непазнавальныя ў сваёй святочнасці, бесклапотнасці i весялосці Пётр Сцяпанавіч з жонкаю, Міхаліна Казіміраўна з мужам, суседзі; нават хмурнаваты дырэктар, Андрэй Сцяпанавіч, сёння быў урачысты, гарэзны, нібы не зважаў, што налета i яму час ісці на пенсію. Каб заявіліся яшчэ i астатнія дзеці, дачка i сын, дык i зусім было б выдатна. Дачка далёка адгэтуль, на Далёкім Усходзе, напісала, што завітае пазней, зімою, у адпачынак, а сын, вайсковец, дакляраваў прыехаць сёння. Калі ўсё будзе добра па службе, дык i прыедзе.
Читать дальше