Перада мной выпадак, дзе ўсё — наадварот?! — кранула здагадка. Жонцы савецкага лётчыка не так было проста ў горадзе ўтрымацца. Гэта яе мецэнат? Мажліва, яшчэ і з мясцовых немцаў. З тых, што унь і зараз у кіёску просяць «Neues Deutschland».
У суседнім пакоі стары смарчок зноў нечым выгражаўся, а я сядзеў, як на гарачай патэльні. Чакаў, калі яна не выцерпіць здзеку ды пакліча мяне на падмогу, альбо павысіць голас на гэтага куркуля, каб можна было заступіцца? Мажліва. Але прычыны ўмяшацца так і не надарылася: новая знаёмая стала зусім ціхай ды пакорлівай.
I вось настаў момант, калі я цалкам прачнуўся ад салодкага сну ды зразумеў, хто ў доме гэтым лішні. Давялося ўстаць і, нічога не гаворачы, накіравацца да дзвярэй.
Ніхто мяне не затрымліваў. Яна не выйшла нават з другога пакоя, каб правесці.
4
На работу я ўсё не вяртаўся.
Расстроены ўпічэнт, даходзіў ужо да ракі, калі раптоўна ўзнялі вэрхал зеніткі. Да поручняў моста збягаліся людзі, задзіралі галовы. Нямецкія самалёты?! Толькі цяпер спахапіўся: фронт жа за Нарвай — усяго сто дваццаць — сто пяцьдзесят кіламетраў адгэтуль, дзівіцца якраз трэба з таго, што да сённяшняга дня яны над горадам не паказваліся.
Задраў і я галаву ды паўзіраўся, што дзеецца наўкола.
Па небе нейкімі зігзагамі, бытта яго тузалі за вяровачку, насіўся разведчык — высока, кіламетраў з пяць. Вакол самалёціка рваліся снарады. З-за адлегласці выбухі здаваліся маленькімі крупінкамі, бы галоўкі ад рассыпаных запалак, затое натыкана было іх у нябеснай сіні — сотні. Што ж, цяпер немцам не чэрвень сорак першага, зенітчыкі снарадаў мелі ўдосталь, а страляла па іх добрая сотня «ствалоў». Нават здзі-віла: дзе ў нас зеніткі стаяць, іх жа, здаецца, і не відаць было.
За вайну я прызвычаіўся да нямецкіх самалётаў і да таго, як нахабна ды бяспечна шпарылі яны па простай лініі, куды хацелі. Каб змыліць зенітчыкаў, гэты «месер» вярцеўся між выбухаў, як вужака на гарачым прысаку. Аж пацешна было глядзець на прыціснутага ворага.
З натоўпу ад поручняў нейкі вайсковец пажартаваў:
— Перадсмяротны танец Тамерлана!
Усе зарагаталі.
Ад шчырага сэрца рассмяяўся і я.
— Во, во! Нашыя сыны недзе ў Прусіі кроў праліваюць, а гэткі малады гіцаль схаваўся тут ад вайны, бабскіх сукенак трымаецца ды яшчэ смешачкі сабе строіць! — праказала абураная кабета сяброўцы ды апякла мяне злымі вачыма.
Пакрыўдзіцца я і не думаў, бо яе разумеў. Але стала непрыемна.
Ад моста пакрочыў я ў ваенкамат. Там адмовіўся ад брані і атрымаў накіраванне ў Бабруйскі запасны полк.
5
Вечарам таго ж самага дня таварняк, прыстасаваны для навабранцаў, вёз мяне ў Бабруйск для абмундзіравання. Нецярпліва ўзабраўся я на дашчаныя нары і лёг побач з такімі ж, як сам. У патыліцу нешта муляла.
Ага, Нюрчын падарунак!
Нейкім чынам дзяўчына даведалася, што адпраўляюся на фронт, і прыперла на вакзал вузел з харчамі. Зараз прыйшла на памяць яе брудная хусцінка, якой калісьці выцірала мне вусны. I я з гідлівасцю шпурнуў вузел на пустыя дошкі. Хутчэй засунуў рукі пад галаву, задумаўся.
Мяне чакала яшчэ паўгода вайны, раненні і смерць блізкіх, але не гэта лезла ў галаву. Не давала спакою загадка з незнаёмкай.
Мяне мучыла — аж разрывала, пытанне: хто яна?
Чаму на вуліцы была такая адважная, а гэтак панікла дома? Калі мы зайшлі, яна ані крыху не здзівілася, застаўшы гэтага дзядзьку. Не выказала нездаволенасці яго прысутнасцю яшчэ некаторы час. Выходзіць, ён для яе нечаканасцю не быў. Дык у чым справа? Не ставіла яго ў грош. Тады чаму такая перамена адбылася пад канец?
Кім для яе тып са зморшчанай шыяй і сухім кадыком?
Навошта вяла мяне дадому, калі быў там гэты язвенік? Я навязаўся і ёй не было куды дзявацца? Не, яна ж — запрасіла, у абаіх атрымалася ўсё натуральна...
Чаго смарчок часта так яе клікаў. Абяцаў грошы, гразіўся, каб не размаўляла са мной, бо скампрамятуе — раскажа нешта пра яе? Што ён таіў?
Людміла — прадажніца, бы Рыжая з Налібокаў?
Мне было ўсё роўна, што б ён ні сказаў: усім сваім нутром я прагнуў яе.
Калі я пакідаў іхні дом, так быў усхваляваны і агарошаны, што не здагадаўся нават зірнуць у другі пакой. Цяпер здалося: я скасіў туды вочы ды ўбачыў, як яна, бедная, кінуўшы прышываць нешта на старым, зірнула на мяне з такім жалем, што, каб не прышчаміць яе жаласлівага позірку, я пакінуў пасля сябе дзверы прыадчыненымі.
Зрабілася надта шкада лётчыка, і падумалася: эх, уваскрасіць бы яго ды паказаць хоць адну сцэнку з нямецкім разведчыкам над мостам — лейтэнант бы гэта ацаніў! Агарнула нецярплівае жаданне — дапасці да перадавой ды выдаць гітлераўцам і за пагібель лейтэнанта, і за Людміліна ўніжэнне.
Читать дальше