3
I сілай, бывала, мяне не завалачэш на кватэру да дзяўчыны. На гэты раз без супраціўлення пайшоў нават да незнаёмай. Крочыў, бытта мяне туды нешта гнала, бытта баяўся спазніцца.
Жыла яна ў глухой вулачцы са старымі мураванкамі. Таў-сцёрныя сцены, невялікія вокны. Тры пакоі з шыкоўнай мэбляй. На сталах, століках, камодзе і этажэрках — сурвэткі са сланамі і вазамі, у іх красаваліся півоны ды парыжэлыя лісты клёна.
На кватэры мы засталі нейкага старога, і мая спадарожніца разгубілася. Але толькі на секунду.
Сядайце, калі ласка!—гэтак жа прыязна запрасіла мяне, падаючы табурэтку, а яе добразычлівая ласкавая ўсмешка мяне пакарыла яшчэ раз, і я зноў адчуў, што паміж намі няма ніякіх бар'ераў.
Дзякуй...
У суседнім пакоі нізкарослы стары спрабаваў напяліць накрухмаленую кашулю ды нязграбнымі пальцамі зашпільваў пад барадой прыстаўны каўнерык. Чалавек меў зморшчаную шыю і сухі кадык, які бывае ўжо ў пяцідзесяцігадовых і нездаровых мужчын. Убачыўшы мяне, стары насцярожыўся. Я ўсё знаходзіўся пад уплывам чараў незнаёмай, і прысутнасць дзядзькі яшчэ да мяне не даходзіла.
Сімпатычная спадарожніца пасадзіла мяне сярод пакоя. Нічога не кажучы, пайшла да акна ды рассунула гардзіны. У гэты момант дзядзька гукнуў:
Люся, зашпілі!
Толькі цяпер у маёй партнёршы мільгануў на твары цень нездавальнення. Яна нібы зняла з твару павуцінку ды ўспомніла: а, гэтая ж зараза тут! — ды пайшла да яго. Было такое ўражанне, бытта нам папсаваў хто чароўную песню. Агарнула трывога.
Цяпер са сваёй табурэткі, не падымаючы нават вачэй, адчуваў я кожны рух незнаёмага.
Каўнерык яго толькі што накрухмаленай кашулі чапляўся спецыяльнымі гаплючкамі. Мне вядома гэтая сістэма. Дробныя панікеляваныя штуковінкі і маладымі пальцамі не надта хутка зачэпіш, а для смарчка з яго грэбзамі — цэлая праблема. Але да яго лёгка падышла мая спадарожніца, дакранулася да металё-вых бліскучак — і чалавек ужо ўзяўся завязваць гальштук.
«Хто гэта?— губляўся я ў здагадках.— Няўжо — муж?!. Не-е, застары для такой!» Аднак...
Дзе тады ў іх ложак? У тым пакоі — канапа. Адна? Толькі адна, здаецца. Невядома, ці рассоўваецца... У трэцім пакоі — піяніна, шафы з кніжкамі...
Усё незразумелае. Ясна адно — хто тут гаспадар. Пакоі цяпер здаліся надта чужымі і непрыемнымі. Іх перапаўняла масіўная мэбля ды чырвоныя дываны. Яшчэ я адчуў нагамі — дываны ляжаць на падлозе ў некалькі слаёў. Выглядала на тое, бытта людзі звалаклі дабро ў тры пакоі, покуль пераехаць на новую кватэру, так яго трымалі.
Гаспадыня вярнулася да мяне ўжо як бы меншая ростам, паблеклая, і ў ёй бытта выключылі тое самае чароўнае святло. Адразу са мной загаварыла. Зноў гаварыла так, бытта нас не слухаў ніхто трэці, як бы спяшалася выкласці. ўсё, што накапілася на душы.
Неўзабаве я і даведаўся: яна — жонка савецкага лётчыка. Пажыла з мужам усяго тры месяцы, ды лейтэнант загінуў у першы дзень вайны, калі на аэрадром за горадам паваліліся «месеры». На гэтай кватэры і праіснавала акупацыю: цярпела, выкручвалася, рабіла, што магла.
А-а!..— як мага больш спачувальна пашкадаваў я хлапца, недзе свайго равесніка.— У паветраным баі загінуў?
Нават падняцца не паспеў!.. Тады мала хто ўцалеў з лётчыкаў. Вельмі ім не пашанцавала. Узлётную паласу разбамбілі і расстрэльвалі лётчыкаў ды іхнія машыны, бы на палігоне. Супрацьпаветраная абарона мела шэсцьдзесят чатыры ствалы, але снарадаў — на дзве гадзіны. З шостай раніцы дваццаць другога чэрвеня фашысты ўжо лёталі, як хацелі.
Па яе суму, лёгкасці, з якой вымаўляла тэрміны, што мелі сувязь з авіяцыяй ды супрацьпаветранай абаронай, было відаць — у гэтым маладзічка ведала толк, хвалюе яе гэта і цяпер.
Покуль мне так апавядала, малы і зморшчаны дзядзька ў суседнім пакоі прабурчаў чагосьці другі раз. Агорнутая горкімі ўспамінамі, маладзічка яго не чула. Чалавек павысіў голас:
— Людміла, глухая? Мы — познімся! Толькі тады яна пакорна пайшла.
— Хочаш, каб пра ўсё расказаў? — напаў ён ужо ўпэўнена.— Гэта — мо-ожна!
Асмялеўшы, гаспадар цяпер клікаў Людмілу часта: прынясі тое, прынясі гэта, ідзі і патрымай, вазьмі іголку. У голасе яго ўсё мацней і мацней чуліся ноткі абуранай нездаволенасці, ад чаго маладзічка панікла зусім.
А мне зрабілася ніякавата. Прыйшлі на памяць першыя месяцы акупацыі.
У акружэнні тады заставаліся нашыя байцы, і разбітныя ўдовы лавілі момант — прыдбалі сабе прымакоў, часта — на шмат гадоў за сябе маладзейшых, яшчэ і адукаваных. Якія тады казусы не здараліся!
Читать дальше