Зусім маладая, а куды больш разумнейшая і дарослая, чым я. Так і пацягнула пад яе апеку. Адначасна дзесьці на краі свядомасці здзейнічаў, набыты ў партызанах, рэфлекс хваравітай асцярожнасці і недаверу. Я слаба падумаў: хораша гаворыш, але ж ці не закончыла і ты школу дыверсантаў у Беластоку, бы тая Рыжая?
Год таму назад у Налібоцкую пушчу прыбыла з гарнізона і здалася нам краля. Першым яе ўбачыў Лісіцын ды, здзіўлены, далажыў:
«Ну і ну! На такую нічога кепскага нават не падумаў бы, а каб у горадзе знячэўку наступіў на нагу, не ведаў бы, як прасіць і прабачэння!..»
Паўзірацца на шпіёнку пабег і я.
Яна мела доўгія рудыя валасы, цёплыя зеленкаватыя вочы, чуллівы рот ды даволі інтэлігентны твар, трымала сябе незалежна і горда. Да вайны скончыла нашу дзесяцігодку, затым тры курсы інстытута і — на табе, яшчэ і выпускніца нямецкай спецшколы. Паспела ўчыніць партызанам не адное свінства. На днях выдала нашага радыста, які збіраўся асталявацца ў гарнізоне...
Да суда трымалі яе ў партызанскай лазні. Там адбылася ў нас наступная размова:
«Ну, зараза, загубіла Віцьку?!. Але ж чаму, скажы, прыйшла сама ў Налібокі і здалася? Няўжо, думаеш, памілуюць?»
Прыгожая вядзьмарка пагардліва змерала мяне вачыма:
«Што ты, хлопча, ведаеш пра жанчыну? Зрэшты, калі так хочаш, слухай.
Закаханага радыста прывяла я, бы дурачка, у гарнізон і шапнула начальніку паліцыі — Кавалевічу. З ім кантактуем паўгода. Выклікаў ён сваіх апрычнікаў, радыста звязалі ды — у гестапа. Вярнуўся потым Кавалевіч, аб'явіў: «Не згаджаўся твой трафей з намі працаваць, прыдушылі яго, канец!.. Потым пакажаш, дзе схавана рацыя, а зараз — гульнём!» Сам распра-мянёны, шчаслівы, з дзвюма сумкамі бутэлек і кансерваў: якраз збіраўся ў адпачынак...
Цэлую ноч пілі мы французскі лікёр, і ён мяне слінявіў.
Раніцой прачынаюся, а гэтая свіння — храпе ў мяне пад пахай. Успомніла вашага культурнага хлопчыка, размову з ім па дарозе з Налібокаў, яго наіўную закаханасць семінарыста, прыпомніла ўсё сваё мінулае — і стала сама сабе агіднай. Прыдумала сабе кару: загінуць менавіта ад сваіх ды так, каб мае паганыя вочы гэтую смерць да апошняга моманту назіралі.
Заўтра — трыбунал. Ведаю, нават кулі пашкадуеце смярдзючай падле. Перад атрадамі на паляне маю галаву пакладзяце за кудлы па пень і — сякерай! Але ж я гэтага вартая».
«Гм, калі адумалася!.. Кавалевічу б хоць яду падсыпала!»
«Залёгкая для вылюдка такая смерць! Уцякла з гарнізона да вас — і СД напэўна з ім зрабіла тое самае, што з вашым Віктарам! Кавалевіч чакаў якраз адпачынку — ха, водпуск яго пагарэ-эў!..»— ад злоснай усмешкі зялёныя вочы і белыя моцныя зубы бліснулі такім помслівым здавальненнем, што мне зрабі-лася нават страшна.
Трагічную гісторыю з Рыжай, як сумны жудасны сон, прыпомніў я мімаходам і толькі для парадку, бо не меў ужо сілы вырвацца з-пад абаяння незнаёмай ды толькі сябе слаба паце-шыў: чым цяпер рызыкую? Людзі павінны адны адным верыць, інакш — што ж яны за людзі?
Размаўляючы са мной, спадарожніца ўсміхалася не так вуснамі, як усім нутром, і было такое адчуванне, што ведае ўсе мае турботы, шкадуе і тоіць для мяне гаючыя лекі, а паміж намі няма ніякіх перашкод сарамлівасці, якія я заўсёды адчуваў паміж сабой і жанчынамі.
Незнаёмая мела хвалістыя свстла-русыя валасы, гладкі лоб, белыя, як светлыя фасолінкі, зубы, далікатную скуру на твары і моцнай шыі ды жывыя сінія вочы. Яна аж ззяла сваёй жаночай плоццю. Такіх прывабных жанчын я не спатыкаў і толькі здагадваўся, што недзе, напэўна ж, існуюць, ды падсвядома іх чакаў. Адчуваючы сябе вахлаком, меў толькі адно жаданне: не спужаць гэты цуд.
Мы ўсё ішлі. Не памятаю, пра што далей гаварылі, бо не гэта было важным. Самае галоўнае — яна не зводзіла з мяне ласкавага позірку, які і далей меў дзіўную ўладу. З прамяністых сініх вачэй на мяне ішло жаданае цяпло, у голасе адчувалася ласка, ад чаго аж замірала маё нутро. Было ўражанне, што два месяцы інспектарства, гады партызанства, усё жыццё чакаў я менавіта гэтай інтанацыі голасу, прамяністай ласкі гэтых мілых вачэй і рос для спаткання менавіта з гэтай асобай у светлай сукеначцы з васількамі: для яе зараз я — нявольнік, гатовы на ўсё.
Яшчэ гадзіну таму скажы мне хто, што я, прайшоўшы агні, воды і медныя трубы, імгненна закахаюся, бы той самы семінарыст у асобу, якой нават і не ведаю,— я б пасмяяўся. А вось, не бачачы ўжо нават белага свету, за такой незнаёмкай ішоў, поўны радасных дрыжыкаў і шчаслівага чакання.
Читать дальше