Сваячніца ўзглянула на яго і праверыла, ці пляменнік кажа гэта ўсур'ёз.
— Ты што такое гародзіш, Уладзік! Падумай над тым, чаго толькі тут намалоў! Мы ж тут адзін аднаго ведаем напралёт! Калі ў маіх вокнах, не дай божа, не загарыцца святло, то праз дзесяць мінут — паўвёскі збяжыцца! Ты за мяне, пляменнічак, не бядуй! Гэто ў вашых гарадах так! Гэто там у вас людзі паміраюць, а бліжэйшыя суседзі і ведаць пра гэто не ведаюць!
Здаюса, цётку Марыся, ваша праўда... У нас так...
То чаго мелеш быле-што? Лепш сябе пашкадуй! Пляменнік не рады быў, што ўвязаўся з цёткай у перапалку. Зрэшты, не гэта цяпер для яго было самым галоўным. Ён раптам усхапіўся ўзрадаваны з табурэткі — так проста знойдзены ў горадзе ратунак для бацькі.
Толькі ж дзе нашаго старого носіць, дзе яго знайсці, каб вы таксамо шчэ, цётку Марыся, параілі мне? З тыдзень, як некуды знік, і ніхто не ведае куды! Дзе цяпер можа быць, куды мне падацца яго шукаць?
Цётка паківала галавой ад палітавання над нездагадлівасцю маладога сваяка.
— I не дадумаешса?
Не-а!
А шчэ лічыш сябе такім разумным!
Во сітуацыя!
А-а!.. ,
— Не цягніце, цётку Марыся, бо не вытрываю і ўзарвуса!
То — слухай! Да Коліка вашаго ва Уладзівасток махнуў!
Ну-у-у?!.
От табе і «ну-у»!
Уладзік насцярожыўся:
Адкуль такія ўпэўненыя?
А сядзеў тут на гэтай самай табурэтцы перада мной апошні раз ды прызнаваўса — па самым меншым, па Мікалаю, надто сумуе і вельмі хоча яго пабачыць! Успамінаў тут і Нінін наказ — не забываць малого! Шчэ прызнаваўса — ветэранскі білет кожны рок у яго марнуецца за так!
Ага! Ані разу ім не карыстаўса...
А вы з Паўлам куды глядзелі?
— Не туды, вядомо, цётку Марыся! Дальбо, не туды! Б-бляха, як мы праваронілі — біць нас мало!
Вядомо — мало! Але добро, што хоць пакаяўса, бо ад майго арыштанта не дабіўса б і гэтаго! Свайму дрыцкіну я заўша вытыкаю, што вы лепшыя!.. Ну, во, а цяпер твой бацько ўзяў ды махнуў аж туды! I зараз — напэўно, ужэ там даўно! Колька недзе пасадзіў яго на самы велькі ўладзівастоцкі карабель і катае свайго бацьку па тым акіяні ды паказувае яму ўсялякія кіты і хвастатыя сірэны, пра якія ў Бібліі напісано!
Можа быць...
I не думай нават — напэўно так е! Ён тут спачатку вагаўса — ці не з'егдзіць лепш у Караганду, пашукаць магілы бацькоў і пакла-ніцца. Помніш дзеда Яфіма і бабу Нюру?
Мало.
— Сколькі ты меў, як іх...
Чатыры гады было мне, калі іх забіралі. Запомніласа што? Ай, зусім мало? Як баба мёдам частавала... Дзед ракаў вучыў мяне лавіць у Верацейцы каля свайго млына, а я надто іх баяўса... Карцело да трыбаў, якіх вада круціла, але дзед не падпускаў і казаў як вырасту, тады падпусціць...
Ну — во! Тут яму ўталкавала, што няма чаго валачыса ў пяскі да тых вярблюдаў, бо што там цяпер знойдзе? Столькі ж гадоў праляцело! Лепш падумаць пра жывых і з'егдзіць да сына. Лаўрэн і пагадзіўса.
Толькі цяпер убачыла, што пляменнік — на нагах.
— Ты — што-о, уцяка-аеш ужэ?!
Трэбо, цётку Марыся, дальбо, трэбо!
Пасядзі-і шчэ, Уладзічак, мы і палавіны ўсяго не абгаварылі! А то вы, абодва з бацькам, забягаеце толькі, бы агню пазычыць, ды адразу — лататы! Лепш пра дзяцей мне сваіх зара раскажы! Дзесь у мяне для іх ландрыначкі прыпашаныя... Франак паведаў, малая ў школку ўжэ ходзіць? Скажы, а памятная да навукі хоць?
Але ён больш сваячкі не слухаў.
3
Уладзік ледзь не хапіўся за галаву — якая ж з яго булавешка, як ён мог адразу не падумаць з Паўлам, што стары адправіўся менавіта ва Уладзівасток, а не куды-небудзь.
Колькі яны, абодва, пра гэтую паездку гаварылі! Абмяркоўвалі яе так і гэтак!
Бацька туды адправіўся, нічога нікому не сказаўшы, бо, мабыць, пакрыўдзіўся за нешта на Кіру. Тая можа чалавека давесці да таго, што і свет стане табе з аўчынку. Ну, ён жонцы зноў пакажа! Цяпер, б-бляха, навечна запамятае і шчэ многім накажа нават, як старога чапаць!..
А ўсё гэта — глупства.
Галоўнае — стары вернецца. З нявесткай ён памірыцца яшчэ не адзін раз, бо Кіра — такая-сякая, вядома, але ж і не злапомная, а ён, Уладзік, будзе цяпер куды разумнейшым. Сам стане арганізоўваць старому распарадак дня і — нават гадзіны. Бо дзе хто бачыў, каб кінуць бацьку так без аніякай апекі ды паставіць на гэтым крыж. Гэта ж — не па-людску. Дый бацька ў іх — адзін. А як стараўся сынам, калі яны малыя былі, калі вучыліся, як мацеры дапамагаў!.. Іхні стары — не які-небудзь лайдак Амэрыканец-Рубдваццаць, не лятун Зміцер ці распутнік Шмігельскі. Ён — чалавек усімі паважаны і чагосьці варты. Без догляду пакідаць яго, у такім узросце, ні ў якім выпадку не выпадала. Догляд бацька патрабаваў, мажліва, большы, чым Ігар.
Читать дальше