Па вачах кабеты было відаць, як цётка хвіліну думае ды сумленна мяркуе — так і гэтак.
Мо толькі крыху залішне мондрая. I голас у яе занадто вішчаты ды сама вельмі траскатлівая — жаба ў яе на языку не спячэцца, не-е, языком гэтым аперазацца лю-убіць!
Але ж дзе, Уладзік, цяпер знойдзеш ты нявестку, якімі былі калісьці мы з тваёй мацерай! Дзе зараз такую падыскаць? Вывеліса добрыя — нарыхтык!
Кажуць, добрых мышы паелі, цётку Марыся!
Табе смешачкі, а я — сур'ёзно! Ой, хай набяжыць на памяць, пра што гэто я пачала... Ага! То буфетова казала, Лаўрэн, прыехаўшы сюды другі раз, у сталоўцы палуднуваў і мужчынам зафундаваў па добрай чарцы. Тыя падпілі і давай яго таксамо распытуваць. А ён — што?
Ну?
А — нічого! Бомкнуў толькі ім: «От, як гаварылі калісь, кожны мае сваю вош, што грызе!» ды зноў — бы вады ў рот набраў. Адно — Бася кажа — твар яго выцягнуўса, весь аж счарнеў. Так насупісто і прасядзеў. А калі бавіў час у Крапакоў і касавокая Хвядора пачынала яму цвярдзіць, што гэтак фартово выглядае, бо яму ў горадзе надто шыково жывецца, твой бацько так на Хвядору паглядзеў, што бабе адразу заткнуло.
I ўсё-о?!
Ага, а табе шчэ мало? Гляньце вы на яго, трэ яму шчэ больш! Хопіць па самыя годзі, Уладзік, і таго! Хібо ж гэто нармально? Сам падумай добро! Якоесь носіць у сабе велькае гора, сказала мне і буфетова! Мы, бабы, не тое, што вы, мужыкі, на гэто — разгадлівыя, о-ой як разгадлівыя! Стары чалавек адно не хацеў ні з кім дзяліцца сваім горам. Ну і што, калі слова не вымавіў? Дай ты веры, пляменнік, бяды, бы таго агню ды кашлю, ад людзей аніяк не ўтоіш! Праўда, па натуры ён невясёлы — такі ўвесь іхні род. I Лаўрэнаў бацько насупістым быў, а ўжэ дзе-ед Мі-іхал!..
Твар і вочы кабеты пасуровелі ад успамінаў.
Калі жонка, нарадзіўшы яму Яфіма, неўзабаве памерла, то Міхал увогуле перастаў адзывацца, казалі мне мама, да людзей! Мужыкі ў вольную хвілю то гарэлку пілі, то спрабавалі нават з малымі галадранцамі ў пікара гуляць, у лапту, то пад плотам збіраліса ды — гэ-гэ-гэ! — а ён каля могілак усё свой той крыж з каменя высякаў, высякаў і высякаў. Восень, зіма, снег злазіць, а твой дзед — дзяўбе і дзяўбе, бы які дзяцел, ні да каго не адзываючыса, як нямко. Жартачкі, такі быў крыж! Калі ў музей да Гродна забіралі — аж два краны мусілі падганяць, і то штось у ім там ламаласа!.. Я і кажу, Маркевічы ўсе да работы былі ўпартыя, як немцы, але і — замкнутыя, што слово з іх не выцяшуць. Аднак і жызню калісьці людзі мелі не тую, таму больш маўчалі і панурымі выглядалі. Затое цяпер — іншая справа! Так чаго ён зара такі? Б'еце вы Лаўрэна там ці з хаты выганяеце, хутар адняўшы?
Уладзіка ад галавы да пят прашыў холад — выходзіць, бацькі не было і тут. Ён устрапянуўся:
Але, б'ём! Дубінай! Шчэ голадам морым! З хаты выпіраем калом!.. Вы і гэтая ваша буфетова з жабамі на языку зусім ужэ з глузду з'ехалі ды вярзеце чортведама што! Як вы маглі такое падумаць нават, цётку Марыся?
Тая не слухала:
Скажу табе, Уладзік, як маці твая,— не грашы з Паўлам! Не грашыце там у сваім Гродне! Ой, не грашыце, бо, напэўно, бог, Люцыпар ці яшчэ якая сіла е і за такое надто ж карае! Не ты, то твая жонка, твае дзеці, унукі ці ўнукі ўнукаў панясуць, абавязково панясуць надто ж цяжкую кару, о-ох, панясу-уць! I цяпер не які-небудзь, а — высакосны рок, і ты пагавары з людзьмі на вёсцы, паслухай дый сам прыглядзіса, сколькі народу памірае — страх! Асабліво — старыя! Так і сыплюцца, так і сыплюцца!.. Ён у вас не прасіўса, я добро ведаю! Але ж калі самі пажылого чалавека звакавалі ў велькі горад ды выдралі з роднаго гнязда, то ўжэ ж там з Паўлам ды са сваімі надто вучанымі ды прыгожымі такімі жанкамі за ім даглядайце! Дагляда-айце, дагляда-айце і дагляда-айце! Глядзіце там за ім не ліш бы як, а — добро глядзіце!
Што-о вы, цётку Марыся, выдумваеце, хібо ж мы не глядзім? Шчэ як даглядаем, ісціны бог, чаму вы не верыце?!
Тады што з ім такое?
Сам хачу разабрацца, дальбух!
Мо сумно яму там — нуда заядае?
Напэўно, сумнавато...
То прыдумайце ўдвух з Паўлам які занятак яму, хібо ж так гэто зрабіць вам ужэ цяжко?
I не просто!
А нашто чапаць было ды везці — чортведама куды? Нашто патрэбно было гэто вам рабіць? Нашто з гнязда выдзіралі? Нашто адгэтуль выкарчоўвалі? Калупаўса б тут сабе да апошняй сваёй гадзіны на бацькавай сядзібе, радуваўса б сонейкам і дажджам, сваім бытаваннем, ніякай нуды не ведаючы, і ўсе мы спокуй мелі б!
Так яно выйшло...
Выйшло-дышло! Бачыце, захацеласа яго жонцы на бліскучай машыне паегдзіць, думаеш, не ведаю прычыны? Дурань, уся вёска пра гэто гаворыць! Во што ты, пляменнічак, навычаўпляў! I чалавека — роднаго бацьку — пад самы корань секануў, і сябе ў людскіх вачах на смех выставіў! Дзыгаў, дзыгаў, дадзыгаўса, а цяпер — радуйса!
Читать дальше