Ну і галаваломка — куды ж бацька мог падзецца?
На ўсялякі выпадак Уладзік адправіўся на могілкі. Там пастаяў, паслухаў, прыгледзеўся, поўнымі грудзьмі ўбіраючы свежае паветра.
Перад ім усё было пакрыта ілыбокім, добра ўжо зляжалым снегам. Трэба было прыкласці не абы-якія намаганні, каб сабе ўявіць, што пад гэтым белым пакрывалам ляжыць зямля, якая праз пару месяцаў буйна зажыве, заквітнее ды напоўніць ваколіцу духмянасцю. Уздоўж і ўпоперак снег перакрэслілі шматлікія ланцужкі птушыных слядочкаў. Могілкі цяпер праглядваліся наскрозь, а ў канцы іх жаўцелі, нібы тоненькія кветачкі, свежыя крыжы і тумбы. Ад лянівага ветрыку слаба калыхаліся галінкі дрэў, а лёгкі шумок наводзіў санлівую тугу і супакойваў. Усё тут было надта звычайнае. Даўно-даўно знаёмае. Усё ў гэтую пару года — вельмі нецікавае. На бацькаву прысутнасць абсалютна нішто не паказвала.
Малады Маркевіч пераступіў агароджу ды выглянуў на свой хутар. Бытта ў чужой мясцовасці паўзіраўся на знаёмую з дзяцінства хату з хлеўчыкамі, калодзежам і прысадамі. Кінулася ў вочы — толькі бацькава хата стаіць па-даўнейшаму: ні рамы вокан, ні сцены, кі платы непамаляваныя. Што ж, старому і так было добра, а новы жыхар яшчэ прыжываецца.
Раўнюткае поле перад Уладзікам пакрываў белы прасцяг. Там-сям цямнеў па ім буры налёт сажы з гродзенскай ЦЭЦ-2, да якой адгэтуль па простай лініі — кіламетраў сорак.
Яшчэ ў адным месцы, каля самага валуна, які выставіў шэрае пуза са снежнай белі, вароны цікавіліся нейкай чорнай кропкай — бы галоўкай ад запалак. Да сажы Уладзік апошнія гады паспеў прызвы-чаіцца. Пузаты валун з пачарнелымі ад моху дзірачкамі памятаў з дзяцінства — казалі, прадзед хацеў з яго яшчэ адзін крыж зрабіць на другую мяжу, але штось яму перашкодзіла. Толькі чорная кропка на момант прыцягнула, бы магнітам, Уладзікаву ўвагу. На ўсё неба недзе весела пракрычала варона, бытта па хвалілася:
Кра-а-а! Кра-а-а!..
Нічога кепскага ён не мог і падумаць, таму, прыгледзеўшыся больш уважліва да валуна, услых сказаў:
— Гэтыя чортавыя груганы занятак знойдуць заўсёды — нават у халадзіну!
На момант Уладзік страціў фізічнае адчуванне свайго цела, бо зноў агарнулі яго шчымлівыя ўспаміны.
Звонкае, марознае паветра. Асаблівы пах дыму з комінаў — шэрага і чорнага ў залежнасці ад таго, паліў гаспадар у печы альбо гаспадыня — у пліце дровамі ці торфам. Іскрыць крыштальна чысты іней на дрэвах. Незразумелая для людзей пераклічка гэтых самых непаседлівых ды крыклівых варон. Прыгінаючыся, Уладзік прабіраецца з санкамі па глыбокім снезе і стараецца, каб, барані божа, не ўбачыла яго з акна ды не ўзняла лямант маці, што сын яе махнуў на Нёман. Уладзік і сам не дурань. Рэчка, напэўна, яшчэ замярзаць і не думала, да яе зараз не падступіцца. Адтуль далятаў сіплаваты прыглушаны і магутны гуд ільдзін: «Псю-у-у-у-у-у-у-ў!..»
Каб Нёман скаваць, трэба, каб дваццаць ці болей градусаў марозу патрывала хоць паўтара-двое сутак,— праверана сваім градуснікам у Гродне.
Уладзік валачэцца спрабаваць акасцянелае ад холаду і ачыш-чанае вятрамі ад снегу бліскучае люстэрка лёду ў іншае месца. Пнецца да свайго поплаву — на старыцу, дзе шумяць на ветрыку паламаныя патычкі сухога трыснягу, хістаюцца ды жаласліва шапочуць аб нечым, бы жывыя істоты, якія трапілі ў бяду і аніяк не могуць з яе ўжо выбрацца.
Ад тужлівых успамінаў у сярэдняга Маркевічавага сына прыемна і доўга шчымела сэрца. Ён ужо гатовы быў стаяць ля могілак да самага вечара. Але ж у Зялёную Даліну прыехаў не для гэтага — трэба было ўрэшце знайсці бацьку.
I куды стары мог падзецца, што за фокус?
Пасяліўся на хутары зімой? Малаверагодна — занадта горды, каб паказваць сваю слабасць і заходзіць туды нават вады папіць. Дый дзядзька Крапак адразу пахваліўся б такой навіной — хіба ж магло такое быць Змітруком і яго Хвядорай незаўважаным? Аніяк не магло. То мо заехаў да сваёй швагеркі — цёткі Марысі — і там сабе цяпер спакойна жыве?
О, хутчэй за ўсё — завітаў да яе і прытаіўся. Як Уладзік пра такое раней не падумаў?!
Толькі ж чаму Франак ані слова не сказаў, калі забягаў на мінулым тыдні? Нябось чуў, як яны з Паўлам галаву ламалі — дзе бацька...
Ат, зразумееш часам таго Шмігельскага.
Зрэшты, Франак тыднямі дома не начуе, хлопец мог нічога не ведаць.
Уладзік адразу накіраваўся да цёткі. Цяпер, падагнаны надзеяй ды якімсьці трывожным азартам нецярпення, крочыў па снезе ўжо амаль подбегам.
2
Спаралізаваная жапчына пляменніка спаткала насцярожаным пытаннем:
Читать дальше