Прыгажунька, сядай, во, ідзі, на сваё месцо зноў, бо мы пад'язджаем! Дзякуй табе, што ўважыла нас!
Нічога, нічога, я пастаю! — збянтэжылася дзяўчо і на гэты раз.
Сядай, сядай, калі е магчымасць! Ашчэ настаішса ў аўтобусах, як старой будзеш!
Зноў у салоне зарагаталі.
2
Ля сельсавета абодва з аўтобуса вылезлі.
Крапак вывалак свае сумкі на божы свет, расставіў каля ног, і толькі цяпер стала відочным, якія яны пузатыя ды зашмальцаваныя і колькі гадоў імі карысталіся. Пасля аўтобусных разважанняў пры народзе і пасля дужання з сумкамі Крапак глыбока цяпер уздыхнуў, бы той салдат, што пасля цяжкіх палявых практыкаванняў атрымаў ад «плютановага» каманду «спочні»[ 52 52 Вольна (польск.).
].
А ёо-о, маё-о, як падыміць захацеласа — аж страх! Усім, Лаўрэне, гэтыя «Ікарусы» файныя, але шчэ каб у іх курыць дазвалялі, праўда, клёво[ 53 53 Добра (мясцовае).
] было б? Кажуць, у Грузіі, Полынчы — рабіць гэто можно, а ў нас паспрабуй толькі, шафёр так і гыркне!
Маленькі, пацярпець не можаш?
А от — не магу! Як захочацца — каравул сам сабе крычу і месца не знаходжу!
Мужчыны вынялі з кішэняў цыгарэты.
А памятаеш, як калісьці мы курылі з гродзенскай махоркі самакруткі і якія ў нас ладныя муштучкі былі? У мяне касцяны, а ў цябе, сына млынара, яшчэ і з бурштынавымі кольцамі... Дакурыў, хлопнеш далонню пры дзеўках і выстраліш бычок! А тады толькі дроцікам прачысціш каналік, шчэ яго добро прадуеш... Помніш, як мы ў старым парку Юзэфа Пілсудскаго ахранялі, калі ў Друскенікі на адпачынак ехаў і ў Гродне спыняўся, покуль рыхтавалі яму поезд? Загадаў, каб ніякай аховы для яго не выстаўляць, таму нас у самыя кусты заперлі. Пазашываліса мы, стаім і не дыхаем. З парку вытурылі ўсіх, толькі завялі якіхсьці падшыванцаў — бытто яны самі там апынуліса. Помніш?
«Маршалак» падышоў да хлопчыкаў і выставіў назад руку. Паслугач умэнт піхнуў яму ў далонь хустачку. «Дзядэк» павыціраў малым насы ды раздаў па цукерачцы. Тады павыломваў ім па дубчыку і давай камандуваць: «К назе!», «На плячо!», «Плютон, шагам — марш!», «Запявай!..» Мы падзівіліса, і, чую, ты шчэ да Касцевіча кажаш: «Здзяцінеў, падло, доўго ўжэ не пажыве!» А калі паехаў, мы з табой таксамо во гэтак закурылі, але — з тых муштучкоў...
Крапак хвіліну падумаў, успамінаючы:
Здаецца, учора тое ўсё было! I калі яно, скажы ты мне, Лаўрэне, праляцело-праехало?
Але вы толькі ўзгляніце на гэтаго сямідзесяціпяцігадоваго ка-валера-фраера, ёо-о, маё-о,— нават «Марльборо» смаліць! А я — «Прыму».
Ад гэтай заразы горло надто дзярэ — яе і ў рот не магу нават сунуць.
Так, так, наеты галоднаго ніколі не разумеў і яму не спагадаў! Паслухай, пан чортавы, а маё горло, думаеш, луджанае і не дзярэ, та-ак, па-твойму? I я, па-твойму, не меў бы хэнці які «Космас» ці якую «Герцагавіну» пасмакаваць? Затое «Прыма» — як задарам! За «Прыму» нават мая касавокая звэнга не бурчыць — выдае капейкі без адзінаго слова!
Чорная, як галавешка, прымакова галава затрэслася ад кашлю.
О-ой, замучыў ён мяне!.. Ну, здаецца, прайшоў!.. Разумееш, як толькі хлябну дыму, так і пачынае... Ладно, пагаворым пра цябе зара. Скажу табе, раско-ошно жывеш, бы калісь — паш Вішпінг! Не-е, з усяго нашаго вывадка, Лаўрэн, пашанцавало аднаму табе! Пра гэто я цвярдзіў, цвярджу і буду ўсім заўсёды цвярдзіць — каб невядомо што ты тут мне гаварыў!
Маркевіч пачаў ужо злавацца:
Ай, чаго табе, Зміцер, плакацца? Жонку маеш, і яна ў цябе, як мур, здаровая, шчэ сам прызнаеш — узяўшы за рогі, і быку шыю зверне! Столькі ты дачок нагадаваў, сем ці восем унукаў! А шчэ займеў чатыры зяці, як дубы!..
Ы-ы-ы-ых, ты пра што-о, Лаўрэ-эн?! — Крапак узняў на яго маршчыністы, з адубелай, як старая халява, скурай твар, а шэрыя вочкі ўзглянулі на земляка са шчырай крыўдай.— А ё-о, маё-о, ці ты сляпы, ці ніц не хочаш бачыць і разумець?!
Зміцер разгарнуў ботамі разлезлы снег, стаў на цвёрдую зямлю, збіраючыся грунтоўна ўсё выладаваць земляку.
Пра жонку — ніц не скажу. Толькі яна мяне і шкадуе. I то, халера, не заўсёды. А дочкі — дай ты веры, як грызуць і грызуць! Адно паслухай. «Зосі яе родны бацько восем тысяч на машыну адваліў!» — вытыкае мне адна ды чакае, што ёй адкажу. Другая кідаецца прыскам у вочы: «Нават Лілін айчым падчарыцы пуцёўку ў Італію зафундаваў, а мне родны татко і кааператыву не выб'е! Трэцяя дзярэ ляпу: «Вы мне ў пасаг нічого не далі з мацерай — выпхнулі сірату, быле хутчэй з хаты, у мяне нават людскай дублёнкі няма!» Чацвёртая звэнгае штось сваё! А што ты ім цяпер — грымака дасі, як калісь? Дарослыя кабылы! Мая кабета, замест таго каб заткнуць ім гагаўкі ды сказаць — соплі сабе падвяжыце раней, чым на старого ды згараванаго бацьку, які вас на свет пусціў і выгадаваў, нападаць,— ведаеш? Шчэ і расцвельвае іх! Дый аб чым тут гаварыць? Каб гэтыя эгаісткі бацьку нават рэзалі, яна іх падолам закрыла б, а ёо-о, маёо-о! А чатыры зяці, пра якіх ты кажаш — бы дубы,— маўчаць, бы вады ў рот набраўшы, як адзін маўчаць! I выходзіць, Лаўрэне, я — бы той няшчасны, дальбо, жолудзь, што і сярод тых самых дубоў, і дрыжыць ды баіцца, каб свінні не з'елі.
Читать дальше