Крапак уважліва прыглядзеўся да Лаўрэна:
Ну ж і выгляд у цябе, браце, скажу табе шчыро, а ёо-о, маё-о! Бы ў таго пана Вішпінга — дай ты веры! Столькі гадоў маеш, усю сваю жызню таксамо тыраў, дай бог — на маіх вачах было, а — хоць бы дзічкі! Твар — бялявы! Сам — мажны! А такая файная куртачка на плячах шчэ з цыгейкавым падбіццем і, мабыць, цёплая, лёгкая ды не прамакае, праўда?
Чаму я маю быць мізэрны і аблахмочаны?! А куртку — Уладзік падарыў.
Ы-ы-ых, і залатыя зубы ў яго! Ёо-о, маё-о! А я ўсё мяркую, а я ўсё гадаю, а я ўсё ламаю сабе галаву ды ледзьве мазгі не звіхну, што ў Маркевіча нашаго так моцно змяніласа, чаму стаў якімсьці іншым, чаму яго зараз бы не пазнаць, чаго гэткі панскі зрабіўса? А гэто — золата поўны рот у яго гарыць агнём і ззяе на ўвесь аўтобус! А ў мяне засталіса, ведаеш, адныя крамы[ 49 49 Карані (мясцовае)
] дый тыя баляць — спасу-ратунку няма ад іх!
Лаўрэн адчуў сябе вінаватым.
Уставіў у горадзе...
Во-во! — нібы папракнуў Зміцер.
Я не хацеў, дальбо... Але сыны прычапіліса, адзін і другі, як смала, прысталі — устаўляй ды ўстаўляй...
Прымусілі?
Куды дзенешса...
Ёо-о, маё-о! У багатаго бык целіцца, а багаты шчэ й нездаволены — брыкаецца, бачыш!.. Я чуў, ты ў масле там купаешса, дзеці нават і дакрануцца не дадуць да чаго-небудзь — так ужэ аб табе клапоцяцца, так ужэ за табою ухаджваюць!
Крапак азірнуўся, каб пераканацца, ці дастаткова слухае пасажыраў.
Эх, калі б пра мяне так мае дбалі, ёо-о, маё-о!
Не дбаюць?
Што ты — хто мае дочкі, той ходзіць без сарочкі, хібо ты не чуў? Маловеле што, так, заразы, і ведаюць — «дай!». Яны адно і ўмеюць — «Дай, дай, дай і дай, бо ты мусіш ім даць, бо даць ты павінен, даць абавязаны і даць ты можаш, а сам — стары, і табе ўжэ ніц не трэ — памрэш заўтра!».
То не патурай! Чаму дапускаешса так?
А што ты зробіш, калі ў мяне адных зяцькоў — аж чатыры! А ўнукаў, ці дасі ты веры, сколькі? Нігды не згадаеш — сем ці восем, бо дакладно, дальбух ты мой, і сам не разбяруса — пакінуў гэто бабе сваёй! Падумай, як такому калхозу ты не будзеш патураць — станеш супроць такого кагалу перці? А мая карга — дарам што касавокая — бачыць, зараза, тое, што ёй трэбо, аж занадто відзіць! I здаровая — як мур, шчэ табе, хапіўшы за рогі, нават быка зверне! А голас мае такі, што сусед смяяўса — комін у яго трэснуў, калі аднойчы каля кало-дзежа гагаўку адкрыла! I от, паспрабуй скажы што-небудзь супроць маёй Хвядоры, паспрабуй не дапусціса — бяды потым не абярэшса! I выходзіць — абложаны з усіх бакоў. Не дай бог, якое ў мяне палажэнне! Вядомо, без хлеба не сяджу — чаго не, таго не. Маю і да хлеба. Алеж паважання ды спакою на старасць — а ніц не маю, нават і столечкі! Ганяюць мяне ды ганяюць, бы таго Марку па пекле!
Ён паказаў замусоленыя сумкі ля ног.
З такім унь ладункам, ці дасі ты веры,— па два, па тры і нават па чатыры пуды нараз — пруць мяне кажнюткі дзень ды пруць: то жонка, то дочкі ад адной да другой! Развожу ім пасылкі, як той фельдпаштавік на манеўрах пакеты генералам, і развожу! Месячныя білеты заўсёды бяру, шафёры мяне ведаюць і не правяраюць нават, бо я — дадатак да іхніх аўтобусаў!.. А думаеш, скарбы якія важу? Дзе ты бачыў! З вёскі пру сало, кумпякі, цыбулю, капусту ды нават — бульбу, а назад — людскія недаедкі свінням альбо — розныя абноскі! Не верыш? Каб я нават не ўстаў з гэтаго месца, калі хоць крыху бра-шу! Эх, прайшло нашае, праехало, шалёным калясом пракаціласа, і яно, зямляк, ужэ аніяк-ніяк не вернецца, хоць плач, хоць скач, а ё-о, маё-о!
Крапак зноў павярнуўся да пасажыраў. Задаволены, што слухачоў стала ў яго больш, загаварыў смялей:
I от, халера, скажы ты, Лаўрэне, уродзе бы і паправіласа ўсё нашае на лепшае, а дабра — так і не відаць! Ну, успомнім давай з табой, як калісь жылі людзі — у маіх Мяньках на жоўтым пясочку ці хоць бы ў тваёй багацейшай Даліне Зялёнай з гліняным грунтам. Хварэлі як — адных сухотнікаў у вёсцы сколькі было, а ёо-о, маё-о! Бо слабымі людзі надто былі, а вядомо, на слабого каня то і мух болей сядае, шчэ тых розных мікробаў больш чапляецца! Мы з табой аб чым тады марылі? Каб ад пуза наесціса заціркі з белай мукі, на малацэ варанай, каб напхацца белых локшын ці напіцца ўдосталь тае ліманады з булкай! Бо ежа тады была для ўсіх адна, бы казаў наш Каб цябе люндра свіснула — Міша Касцевіч:
Бульба парана, пячона,
Бульба сёння, бульба ўчора.
Мой трыбух стаў — бы калода,
Дый без бульбы — няма ходу!
Бераставіцкія крамы забічкаваныя былі рознымі таварамі, і якіх толькі душа пажадала б — адно купляй! Калі ласка, бяры ўсяго хоць цэлымі вазамі! Але людзі не мелі купіла! А дзе тое купіло ты возьмеш? I запалкі на дзве палавінкі дзялілі! Напэўно, і зараз добро памятаеш — у кожнай скрыначцы было іх па сорак дзевяць — не меней, не болей! Якісьці мазур пад Варшавай прыдумаў спосаб дзяліць запалкі на чатыры часткі: аб гэтым у газетах напісалі, а нашых мужыкоў надта мучыла цікавасць — як гэто ён робіць?!
Читать дальше