Яшчэ дрэва паслужыла зборным пунктам для тых, хто збіраўся ісці ў лес — вось і ўвесь подзвіг дуба.
I тут Лаўрэну нагадалася пытанне пуцалаватага Самойлы на сустрэчы з вучнямі ў школе.
«У партызаны, хлопчык, ішлі не таму, што хтосьці цябе тады заклікаў у выступленнях, хтосьці цябе выбіраў ці пасылаў. Ішлі не толькі каб помсціць. Сколькі ведаю такіх, у каго бацькі, браты, сёстры засталіся жывымі-здаровымі, а хаты — цэлымі, але і яны адправіліса ў лес на невыгоду, холад і голад ды нават склалі там галовы. Бо ў партызаны беглі гэтак, як дзісь некаторыя людзі кідаюцца гасіць пажар ці ратаваць з вады дзіця, самі не надта ўмеючы плаваць. Ісці ў лес ці не ісці, для іх гэтак было відочным, як дыхаць ці не дыхаць, красці ці не красці, рабіць камусьці подласць ці не рабіць. Без загаду сэрца ніхто на тую мэнку не паквапіўса б!»
Так вось, трымаючыся за перакладзіну, сам з сабою разважаў Лаўрэн. I тут яго перабілі.
1
З чэрава цёмнага салона раптам да яго нехта вельмі ўзрадавана закрычаў на цэлы аўтобус:
— Маркевіч, хай ты здаровы будзеш! Ёо-о, маё-о, няўжэ я нарэшце цябе бачу?!
Лаўрэн з вялікай неахвотай прызнаўся:
Выходзіць...
Чалавек з салона дзівіцца не пераставаў:
Ё-о-о, маё-о, ну ж і сустрэ-эча! А я ўсё гляджу з самого горада, а я ўсё гадаю, хто ж то высокі такім людарэзам стаіць па праходзе ў нашым аўтобусе! Людзі яго штурхаюць, усе яго тоўкаюць, а людарэз гэты то ўлево, то ўправо боўтаецца, а я ўсё пазнаю — ён ці не?! Аднак гэто — ты-ы! Ты-ы, Маркевіч, каб я не ўстаў з гэтаго месца!
Але, я...
Цяпер — і я бачу, можаш не прызнавацца. То — здароў!
Ну, здрастуй і ты...
Мусіць, на магілку да жонкі едзеш?
Пара, браце, ой, даўно пара! Ты ж пасля таго, як прадаў хату, здаецца, больш да нас не прыягджаў і нават не паказуваўса, ці не так?
Не прыягджаў...
А я што кажу? Каб з'явўса хоць раз, напэўно, хто-небудзь мне сказаў бы! Як з'ехаў тады з вёскі, то — бытто вада яго ўнясла! Нарэшце аб'явіўса во!
Перад чалавекам міла вуркаталі — галоўка да галоўкі, пластма-савая завушнічка да пластмасавай завушкічкі — дзве дзяўчыны. Ён нахіліўся да крайняй ад праходу:
Курносенькая, ты — зусім шчэ маладзенькая, уваж нас, старых! Пастой сабе трошкі! Хай пажылы ветэран лепш тут пасядзіць — ахвота пагаварыць з земляком!
Ой, калі ласка! — засаромлена ўсхапілася дзяўчо.
О, каб бог табе, прыгажунька, ладнаго жанішка даў! А ты сядай, зямляк, хутчэй!
I, хоць яму не хацелася, Лаўрэн мусіў апынуцца на сядзенні перад саслужыўцам з польскага войска і «афэрмай» — Зміцерам Крапаком з Мянькоў, апранутым у абмоклы, латаны-пералатаны кажух, а на чорнай, як саган, галаве — такая ж разлезлая ад вады і старасці трусіная вушанка.
Яшчэ перад вайной чалавек гэты прыстаў у прымы да зялёна-далінскай няхлюістай — з вечнымі пархамі ў валасах — дзеўкі, Хвядоры Касавокай. Пра новую пару вяскоўцы адразу сказалі:
«Сышліса два друга — дуга і пуга!»
I вельмі слушна сказалі. Свайго хлеба ў Хвядоры хапала адно да каляд, але малады муж гаспадарыць на новым месцы пачаў з таго, што адразу прадаў паўтара пуда цесцевага жыта ды купіў Біблію, каб мець пра што спрачацца з гудзевіцкім бацюшкам.
На вёсцы смяяліся, што Зміцер любіў у чужых коней зубы лічыць, не маючы ў кішэні ні гроша. I што менавіта ад яго пайшла ў народ байка пра гультая, які, бывала, адправіцца з касой на поплаў, але покуль выйдзе пракос, то ў пачатку гоняў трава зноў вырасце па самы пояс.
Лаўрэн яшчэ добра памятаў, калі Змітрук «за польскім часам» ставіў хату, аддзяляючыся ад цесця, і на дохлым мышастым коніку — нават без набэдрыкаў — цягаў для фундамента каменне з Нёмана. Па старому знаёмству не паленаваўся тады прымаку падказаць:
«Кінь, Зміцер, рабіць так-сяк, наўскасяк, абы не па-людску,— не будзь нідарайдай! Уся вёска з цябе смяецца! Запомні: ні з вады, ні з агню каменне для гэтаго не ўжываюць — патрэскаюцца! Дарэмно каня гробіш!»
«Што ты мне трэліш, Маркевіч?! Ёо-о, маё-о! Каб я большаго клопату не меў — на жызню маю і з патрэсканым фундаментам халупы хопіць!» — бесклапотна кінуў той.
У 1944 годзе Крапака з Лаўрэнам бралі ў савецкае войска, але і з таго часу добрага ўспаміну аб чалавеку Лаўрэн не захаваў.
Пасля вайны ні на адной рабоце прымак доўга не затрымліваўся, бо кожная яго нудзіла — круціўся сярод тых, каго Лаўрэн не паважаў. Меў аж чатыры дачкі. Вечна ездзіў у горад прадаваць самагонку ды бабам прывозіў модныя кофты, касынкі, іголкі для швейных машын, ніткі для вязання, лаўровы ліст ды ванільны корань на цеста, покуль участковы Касцевіч, якога ў вёсцы звалі Панімаеш, не паклікаў Лаўрэна панятым, не канфіскаваў аж два самагонныя апараты, не ўляпіў штраф і не абарваў Крапаку гандаль.
Читать дальше