— Працягнем, таварышы, партыйны сход. Наша арганізацыя стварыла свае ячэйкі ў Лучыцкай, Парыцкай, Ляскавіцкай i Глускай валасцях. Усе члены партыі i чырвоныя партызаны маюць такую-сякую зброю i гатовы біцца, a калі трэба, дык i памерці за ўласць Саветаў. Але, таварышы, павятовы камітэт папярэджвае, каб не было неарганізаваных, непатрэбных нападаў на немцаў. Многіх мы ўжо схілілі на свой бок, яны не толькі нам спачуваюць, але часам i памагаюць. Згодна ўмове з нашым урадам немцы хутка павінны выйсці з Беларусі. Толькі трэба ix адправіць з тым, з чым яны прыйшлі. Не даць ніводнай парушынкі. Думаю, гэта нам удасца. Але, таварышы, вы ж ведаеце, што ў Загальскіх балотах, ды i тут па хутарах яшчэ лазяць шляхецкія бандзюкі — Казік Ермаліцкі, Плышэўскі, браты Перагуды i ўся ix хеўра. Яны ўжо нямала забілі нашых людзей. А як толькі акупанты выедуць, от пабачыце, з'явяцца сюды. Цяпер немцы ахоўваюць Беркаў, Мёдухаў, Харомнае i Сераброн — усе котлішчы шэршняў. А як толькі пачнём дзяліць ix зямлю, прыйдзецца стукнуцца лбамі з гэтаю шляхецкаю зграяй. Так што перадайце сваім хлопцам, калі дзе каторага запарвуць, хай судзяць так, як яны асудзілі Анікея.
Потым Салавей паведаміў, што ў тую нядзелю ў Гатавіцкім лесе, каля «цудатворнай» капліцы, будзе вялікае набажэнства. От там можна i сабрацца ўсім камандзірам атрадаў, узводаў i партыйцам-бальшавікам.
...Як толькі наступаў маладзік, да крынічкі, над якою стаяла замшэлая каплічка, з'язджаліся i сыходзіліся людзі за дваццаць i за трыццаць вёрст. Ішлі калекі i сляпыя са сваімі немачамі, жанчыны i дзядзькі, старыя i дзеці. Вакол капліцы рассаджваліся барадатыя лірнікі i абшарпаныя жабрачкі. У царкве правілі аж тры папы: спявалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Збіраліся сюды хлопцы i дзяўчаты. Пастаяць трошкі ў царкве i разыходзяцца купкамі па лузе ды па дубняках. Пасля гэтых набажэнстваў i траплялі кашэвіцкія дзяўчаты замуж у Карпілаўку ды ў Курын, a рудабельскія — у Ляскавічы ці ў Забалацце.
Пры немцах каля капліцы ўжо не было ранейшых кірмашоў, не прадавалі ні ружовых пернікаў, ні доўгіх цукерак з кутасамі. А народу збіралася шмат. Адны — каб памаліцца за душу «убиенного раба божия», другія — набраць святой вады ад ліхаманкі ці ўроку, іншыя — пабачыцца з братам ці сватам, пагаварыць з кумам, якога даўно не сустракаў. А маладыя, як казалі вясковыя бабулькі,— каб пакруціць хвастамі.
Апошні час да капліцы хадзілі «недавяркі» i «кааператыўшчыкі», лузалі гарбузікі, смяяліся, пілі свянцокую вадзічку i бадзяліся па лесе.
У гушчар ляснымі сцежкамі прыходзілі Салавей з Ляўковым, Пракоп Малаковіч з Лявонам Адзінцом. Вакол ix лажыліся на траву хлопцы з Каткі i Зубарэвіч, Шкавы i Завалёнаў. Для прыклепу ставілі пляшку, раскладалі лусты хлеба з салам, каб часам якінебудзь Каленік не расшалопаў, што i тут сабраліся «рэўкомшчыкі», або калі наскочыць нямецкі афіцэр з патрулямі,— няхай усэ выглядае, як у людзей.
Камандзіры ўзводаў расказвалі, хто яшчэ запісаўся ў партызаны, колькі ёсць вінтовак i дубальтовак. Але ўсе ў адзін голас жаліліся, што мала патронаў i пораху.
Хлопцы за пазухі расгііхвалі свежанькія лістоўкі, аддрукаваныя ў Смаленскай i Бабруйскай друкарнях ці адціснутыя на шапірографе. Збіраліся невялічкімі кампаніямі i разыходзіліся хто куды. У розныя бакі ішлі рэўкомшчыкі. Начаваць ім на адным месцы не выпадала: Харомнае, дзе Аляксандраў бацька арандаваў зямлю, было гняздом лютых шляхцюкоў, там кожны гатоў быў Раманавага сынка жыўцом падсмажыць на ўласным мезенцы. Таму Аляксандр дзе дняваў, там не начаваў. Толькі Марылька i ведала братаў прыстанак. Прыходзіла часам да яго, прыносіла чыстую кашулю, a калі-нікалі i скварку.
Пад восень разам з Цімохам Валодзькам на кааператыўнай фурманцы Аляксандр паехаў у Бабруйск. Пропуск яму выдаў валасны стараста Міхал Званковіч i сказаў:
— Тут, браце, усё па форме. Хоць да самога Вільгельма едзь, ні адзін сабака не гаўкне.
I праўда, ехалі як мае быць. Разы са тры спынялі нямецкія патрулі. Гляне каторы на вялікую сінюю пячатку з арлом, ткне назад цупкую карталюшку, буркне: «Fahr!»[ 10 10 Едзь! (ням.)
] — i зноў ляскочуць колы па выбоінах i лужынах шляху.
У Бабруйску Цімох паехаў на склад да Ліакумовіча, а Салавей злез каля знаёмай чайной. За сталамі сядзела некалькі вясковых дзядзькоў са сваімі торбамі. Пілі чай гаманкія бабруйскія рамізнікі i мурзаты чыгуначны качагар. З баковачкі зіркнулі прыгожыя чорныя вочы тае самае Розы, якую Аляксандр бачыў i тут i ў кнігарні старога Агала.
Читать дальше