— Ведаю, ведаю ўсе вашы стагі: тры ў раме, два за лажком, у аднаго яшчэ верх з'ехаў. Так што я сёння накармлю, i каб жалаванне з сённяшняга дня ішло.
— Добра, добра,— супакоіў Анатоль Паўлавіч,— ідзіце.
Дырэктар памаўчаў, наглядзеў на Аляксея i ціха
сказаў:
— Вялікае вам дзякуй за ўсё. Разумею, што займаліся не сваёю справаю, у класе ад вас было б болей карысці, але... не ад нас залежыць. Часам фармальнасці вышэй логікі. Упэўнены — усё ў вас будзе добра, а нас не памінайце ліхам. Калі не маеце крыўды, у любы час прыязджайце, разам папрацуем. Некаму ж i тут трэба вучыць дзяцей. Я мог паехаць у любы горад вобласці, у Калывань i ў Сузун прапаноўвалі, a папрасіўся ў самую глыбінку. Цяжка, няма чаго казаць, але не шкадую. Там i цікава, дзе цяжка. Можа, на будучы год падкінуць хоць парачку такіх настаўнікаў, як Вера Рыгораўна. Чулі, Малярэвіч абяцаў электрычнасць даць. Так што гадоў праз пяць тут нічога i не пазнаеце. Я сур'ёзна. Надумаецеся, прыязджайце. I дзеці вас любяць. Дзетдомаўскія так следам i снуюць...
— Вы аптыміст, Анатоль Паўлавіч, хоць Пушанкоў, відаць, вам зусім іншае гаварыў,— спакойна заўважыў Аляксей.
— Малады, надта порсткі i праяўляе залішне ініцыятыву. Яму вучыцца трэба, а ён старых хоча вучыць. Разумнага i сумленнага Андрэя Андрэевіча Жураўлёва папраўляе. Праўда, той аднойчы паставіў яго на месца. Кажа: «Сынок, твая мамка яшчэ дзеўкаю была, я тут Савецкую ўладу на ногі ставіў. Не агіціруй мяне, калі ласка». Так што вы асабліва да сэрца не прымайце.
— Я i не прымаю. Дарэмна вы мяне суцяшаеце. За мною нічога няма, a непаразуменні, дзе ix не бывае. Спадзяюся, мы яшчэ з вамі сустрэнемся.— I Аляксей устаў.
— Вам жа за некалькі дзён належыць заработная плата, дык напішыце каму-небудзь даверанасць.
— Ат, глупства, дробязь. Калі не цяжка, атрымайце i аддайце маёй гаспадыні.
Аляксей паціснуў дырэктару руку i выйшаў з настаўніцкай.
Нялёгкае было яго развітанне з Мішам Усцігавым. Той на лаве, апрануты, у шапцы, дасмоктваў цыгарку, відаць, збіраючыся некуды ісці. Убачыўшы на парозе Аляксея, ускочыў:
— А я па цябе выправіўся. Чакаў-чакаў. Няўжо, думаю, у такое свята не зойдзе? З кім жа франтавыя сто грам выпіць? А? Пар-а-а-нька! Варушыся, галубка. Садзіся,— Міша адсунуўся на лаве,— расказвай, што там было каля клуба. Хацеў даклыпаць, на людзей паглядзець, дык вунь гэты мой камісар,— кіўнуў на жонку,— не пускае. Яно i праўда, качарга мая на сцюжы, як свіны хвост, мерзне.
Паранька паставіла міску крамяных гуркоў, тварог, гліняную карчагу бражкі, «чакан» гарэлкі i рубчастыя шклянкі.
— Пітакі мы з табою, як пеўні. Ну, давай!
— Пачакай, Міша,— перапыніў Аляксей.
— I так чакаў. Вып'ем, тады гавары. Ну, са святам!
Чокнуліся, Аляксей пакруціў шклянку, прыгубіў, скрывіўся, але падскочыла Паранька:
— Да дна, да дна! Хто не выпіў, той зло затаіў. Я баба, i то...— Яна кульнула налітую ёй злыбеду, крактанула i захрумстала агурком.
— Развітацца да вас зайшоў,— спакойна сказаў Аляксей.
— Куды гэта ты? — устрапянуўся Міша.
— Выклікаюць. У Мінск еду. Відаць, паслухаў цябе Абрамаў.
— Раз выклікаюць, трэба ехаць,— сказаў Міша.— A калі што якое, я спатрэблюся, дай толькі знаць: да каго хочаш дайду. Не глядзі, што такі. Усцігаў — о-г-о-го, прабіўны!
— Думаю, Міша, за мяне хадзіць не прыйдзецца. Як толькі прыеду, напішу.— Аляксей падняўся.
— Ужо ляціш? Пасядзі, пагавары са мною!
— Трэба ж сабрацца. Дарога далёкая.
— Якія ў салдата зборы? А на чым паедзеш?
— Да Тарска з паштаром, а там заготзярноўскія машыны на станцыю ідуць. Да каго-небудзь упрашуся.
Паранька з сянец унесла ладны кавалак застылай адваранай бараніны, загарнула ў чыстую анучку i працягнула Аляксею.
— Вазьмі на дарогу. Хто цябе там накорміць? А гэта сваё, свежанькае.
Як ні адбіваўся Аляксей, але прыйшлося ўзяць.
Моцна абняліся франтавыя сябры. Міша прыпаў да пляча i зашморгаў носам. Аляксей гладзіў яго па спіне i суцяшаў, як толькі ўмеў. Паранька працягнула шурпатую далонь i па-бабску ўсхліпнула. Падбегла i Фенька.
— Вы яшчэ прыедзеце да нас, дзядзя Алёша?
— Прыеду, прыеду, Фенечка,— гладзіў яе Аляксей па галоўцы,— а ты расці хутчэй, добра вучыся i слухайся тату з мамаю.
— Я слухаюся, усё раблю, што загадаюць.
Міша правёў Аляксея да веснічак i доўга яшчэ глядзеў услед.
Увесь вечар Аляксей прабыў з Вераю. Каб не вярэдзіць сабе i ёй душу, жартаваў, смяяўся, запэўніваў, што ўсё будзе добра, адновіць дыплом i абавязкова вернецца сюды.
Читать дальше