Аляксей падаў яму запаленую цыгарку.
— Колькі ж цяпер будзеце адпачываць? — пацікавіўся ён.
— Разгружуся i так, як ёсць, завалюся на суткі, а там зноў у рэйс,— пасмактаў, папыхкаў i павесялеў.— А куды гэта ты ў такую халадэчу выправіўся?
— Дадому, у Беларусь сабраўся.
— Чаго цябе туды нясе? Праязджаў я з Дрэздана цераз Брэст i, як ix там, Баранавічы — лічы, да самай Вязьмы адны закураныя коміны, як помнікі на пагосце, тырчаць. Беднай Беларусі больш за ўсіх дасталося — спляжылі ўдоўж i ўпоперак. Чаго цябе нясе? Прытуліўся б да якой удавы з кароўкаю ды свінчом, а там відаць было б. Чаго-чаго, a ўдоў — як зярнят у кузаве... Не скажу, не ўсе да нашага брата падкія. Ёсць — ого-го! — Ён крутнуў галавою i ўсміхнуўся, нешта ўспомніўшы.— Тут у нашай калоне ездзіць Васька. Прыедзем, пакажу. Зух — на тры раёны адзін. У буран дацягнуў неяк да вёсачкі i папрасіўся ў першую хату. Не пускае маладзіца, пасылае да суседзяў, а ён — ну, арціст! — прыкіпуўся казанскаю сіратою i ўмалёгаў-такі. Чакан спірту дастаў. Грэецца i гаспадыню ўгаворвае. А тая — ані ў зуб. Хлопчык у яе гадоў з шэсць. Маленькі яшчэ. Як лямпу патушылі, счакаў Васька i шкрэб-шкрэб да гаспадыні. A маладзіца была вушлая — качалку выхапіла ды як урэжа... Вылецеў Васька ў адных сподніках у сенцы, а яна дзверы лясь на зашчапку, i будзь здароў. Ну ж i папаенчыў, ну ж i паскакаў на марозе! Схапіла маладзіца Васькава ўсё абмундзіраванне i недапітую чакушку прыхапіла,— шусь за дзверы i зноў — на зашчапку... Так да раніцы ў сенцах i праляскаў зубамі... З тае пары ўся шафярня, як чорт ладану, баіцца тае хаты. Так што, брат, усякія бываюць бабы. Адны самі лістам сцелюцца... а як тая, Васькава хросная,— качалкаю. Усё яшчэ чакаюць. Чаго, адкуль — не ведаюць, а чакаюць.
Аляксей маўчаў. Перад фарамі, як змеі, паўзлі i круціліся белыя языкі пазёмкі, машына павольна перапаўзала з сумёта на сумёт, снег забіваў ветравое шкло i праз шчыліны працэднсваўся ў кабіну.
— He cпi толькі. Гавары што-небудзь, каб мяне не павяло. Дзе ваяваў, як гараваў, дзе хрысціўся, як жаніўся. Толькі не маўчы,— прасіў шафёр.
Аляксей гаварыў пра франты, раненні i шпіталі.
Выходзіла, ваявалі яны побач, хадзілі i ездзілі па адных дарогах. Ці мала перавазіў шафёр параненых да франтавых шпіталяў i цяплушак! Можа, i непрытомнага Аляксея калі вёз.
— Ну, кіламетраў праз дзесятак пагрэемся,— пацёр шафёр рукі,— запахла Пацюканавам.
Грузавік ківаўся з боку ў бок, парыпвала настылая расхістаная кабіна, святло ад задніх машын то паўзло ўгору, то некуды правальвалася i павольна выпаўзала зноў. Аляксей адчуваў, як сціскаецца ад холаду цела, як гусінее скура на твары, як пачынае дробна калаціцца ніжняя сківіца. А дарога яшчэ доўгая-доўгая.
У замеці мільгануў хісткі жоўты агеньчык. Фары выхапілі сцены прысадзістай шырокай хаты. Кал я яе стаяла некалькі замеценых снегам парожніх грузавікоў. Да хаты падрульвала i спынялася ўся калона. Шафёр вытыркнуўся з кабіны i голасна крыкнуў:
— Глушы маторы праз адзін i накрывайце капоты!
Аляксей выскачыў на слізкую сцежку, здранцвелыя ногі распаўзліся, i ён ледзь утрымаўся.
У хаце накурана i парна. Кажухі i целагрэйкі звалены ў кут, пасярэдзіне ўсхліпвае закураная лямпа, з-пад ног коцяцца белыя клубы пары i засцілаюць пакой. Як у тумане, калываюцца шапкі i ўскудлачаныя галовы шафёраў.
— Здаровы, хлопцы! Ну, як грэемся?
— Варка, засыпай пельмені!
— Не вельмі перамяло?
— Што там у Барабінску новага?
— Зачыняйце, чайную выстудзіце,— крычыць тлустая дзябёлая буфетчыца.
Шафёры мосцяцца за сталы, накрытыя калянымі цыратамі.
— Васька, як начавалася? — нехта кпіць з маладога шафера.
— Парадак,— адказвае шыракатвары з рудым чубам Васька.— Кульну дзве чаркі i пайду да Варкі,— выскаляецца ён i цягне руку да буфетчыцы.
— Прыходзь, прыходзь. У мяне пад коўдраю чыгунны кантар ляжыць, — весела агрызаецца Варка, накладае ў алюмініевыя міскі пельмені, перчыць, палівае воцатам. Мужчыны нацягваюць на далоні рукавы, каб данесці гарачую пасудзіну, рагочуць, жартуюць, пад'юджваюць адзін аднаго.
Аляксееў шафёр, відаць, у калоне за старшага. Устаў, зашпіліў пінжак:
— Закругляйся, хлопчыкі. Пагрэліся i — па конях!
Хоць i неахвотна, збіраюцца шафёры, трэба ехаць. Васька яшчэ павыскаляўся каля буфетчыцы, закурыў, нацягнуў паўкажушок, лапавухаю шапкаю крутануў нязграбны рэверанс i знік у воблаку пары.
На цёмным небе высыпалі буйныя зоры, мяцеліца пацішэла. Загулі маторы, i зноў паплылі машыны з сумёта на сумёт, выхопліваючы фарамі прыдарожныя слупкі, укрытае наледдзю вецце елак i кедрача, яшчэ нейкіх дрэў.
Читать дальше