Загледзеўся Аляксей i падумаў, што ўпершыню Кастрычніцкае свята сустракае зімою, з іскрыстым снегам, санным рыпам i звонкім марозікам, а там, дома, шуміць аналае лісце, імжаць дожджыкі, а часам перападаюць i сонечныя дні.
З пакоя выйшаў Андрэй Жураўлёў, падаў Аляксею жылаватую руку.
— Ну, парадавалі ўчора. Ну, малайцы! Трэба ж так усё ўштукаваць.
Аляксея, відаць, па голасу пазнаў старшыня сельсавета i гукнуў, каб заходзіў. У дзвярах з ім павіталіся дырэктар школы i старшыня калгаса.
Аляксандр Іванавіч, у кароткай паддзеўцы, з патухлаю люлькаю ў зубах, стаяў пасярод кабінета.
— Тут такая размова да вас. Званілі ўчора з раёна. Таварыш Пушанкоў паведаміў, што вас неадкладна выклікаюць у горад Мінск,— ён дастаў з шуфляды кавалачак паперы i падаў Аляксею,— вось па гэтаму адрасу. Дарогу, казаў, аплоцяць на месцы. Анатоль Паўлавіч ужо ведае i чалавека знайшоў на ваша месца. Так што здавайце ўсё, што за вамі лічыцца.
— Што там здаваць? Конь, два быкі, хамут ды трое саней.
— Казённую i загваздку трэба здаваць па акту. Ну, шчасліва! Пабягу. Там ужо людзі сабраліся.
Яны разам выйшлі на вуліцу, але Аляксей запаволіў крок, каб сабрацца з думкамі.
Насупраць, на ганку крамы, тоўпіліся пераважна ўдовы ў зграбных кажушках, плюшаўках з буфамі, у квяцістых шыліноўках i пімах. У магазіне ішоў святочны гандаль — давалі пячэнне i «падушачкі». Павесялелыя жанкі прытупвалі на ганку. У цэнтры з недапітаю чацвярцінкаю цётка Анісся выводзіла звонкім голасам:
Мой миленочек, зазноба,
Хоть кривой, да смотрит в оба.
Я кривова не хочу...
I, угледзеўшы Аляксея, на ўсю сілу выгукнула:
К Алексею укачу!
Жанкі гарэзліва падхапілі прыпеў:
Алексей, Алексей,
Мне еще муки насей.
А изладили пельмешки,
Потрясем с тобой орешки... И-х-х!
Анісея закрычала праз вуліцу:
— Іваныч, a Іваныч, не пагрэбуй з бабамі радасць дапіць i гора ўтапіць. Сваіх мужыкоў не дачакаліся, хоць ты нас выручы.— Яна падбегла i за рукаў пацягнула яго на ганак. Аляксей аднекваўся, упінаўся. На дапамогу Аніссі падскочыла чырванашчокая маладзіца. Яны з абодвух бакоў падхапілі пад пашкі i павялі да крамы. А на ганку з надрывам прыгожым сакавітым голасам зацягнула Аксення:
Фашистская Германия,
Проклятая, немила,
Меня с миленком Ванею
Навеки разлучила.
У Аляксея да горла падкаціўся тугі камяк, ён адчуў усю глыбіню гора гэтых спрацаваных прыгожых маладзіц, чые мужы не вярнуліся з вайны. Магілы ix засталіся недзе на ўзбярэжжах Віслы i Одэра. Успомніліся скрываўленыя, пасінелыя абліччы параненых i забітых аднапалчан. Можа, гэта былі мужы гэтых нязломных карміцелек фронту х тылу?
Аляксей адпрошваўся, казаў, што не п'е, што забаранілі дактары.
— Сёння i сам доктар вып'е. А занядужаеш, венічкам пахвошчам, як рукою зніме,— угаворвала Анісся. Аляксей здаўся.
— За вас, жанкі, за шчасце вашых дзяцей.— Пляшка пайшла з рук у рукі.
— Бабы, а бабы! — крыкнула Анісся.— Пракоцім салдаціка, заступнічка нашага!
Жанкі сыпанулі з ганка, ухапіліся за аглоблі парожніх саней, што стаялі каля брамы, падцягнулі да прыступак, сілком звалілі Аляксея, побач села i моцна ашчаперыла яго Анісся. Як Аляксей ні прасіўся, як ні адбіваўся, але выкруціцца не змог. З рогатам i піскам жанчыны павезлі ix па вуліцы.
Ледзьве выцерабіўся Аляксей з жаночага палону. А яны, расчырванелыя, з пазбіванымі на патыліцу хусткамі, смяяліся i сакаталі каля яго. А ён, збянтэжаны i разгублены, вінавата ўсміхаўся i дзякаваў за такі гонар.
— Табе дзякуем, Ляксей Іванавіч. Унь, як учора папрыбіраў нашых дзетак. Далібог, я сваю Нінку адразу не пазнала. Гляджу i не веру, адкуль што ўзялося,— дзеўка, хоць ты пасаг збірай. Колькі жывём, такога не бачылі.
Сяк-так адпрасіўся Аляксей, развітаўся з жанчынамі i ходка пайшоў да клуба, дзе канчаўся мітынг.
Насустрач, абняўшыся, хістка ішлі тры хлопцы. З пасінелым страшным носам Лёнька рыпаў на гармошку, яго падтрымліваў кучаравы прыгажун Гошка. Расхлістаная грудзіна i твар чырванелі, як пасля лазні. Трэцяга Аляксей не ведаў. Відаць, з тых «сватоў», што нядаўна ая^анілі Лёньку з прыгожаю, тоненькаю, як трысціначка, Кацяю. Цяпер яе чорныя, з татарскаю раскосінкаю вочы пабляклі i вінавата апускаліся пры сустрэчы. «Вось чым трэба было б заияцца таму ж Пушанкову,— падумаў Аляксей.— Але ж у яго заявы няма.— I ўспомніў, як нядаўна адны спачувалі Каці, а некаторыя цынічна рагаталі, расказваючы падрабязнасці Лёнькавага сватання.
Читать дальше