Настаўнікаў i некалькі калгасніц прывёў брыгадзір, высокі, як сланечнік. З-пад цеснай. ссунутай на патыліцу пехацінскай фуражкі выбіваўся залацісты чуб, шырокі бязбровы твар усыпаны рудымі вяснушкамі, свяціўся спакойнай дабратою.
— Здаровы, ударнікі! — весела ўсміхнуўся ён.— Што ж ты дарэмна газу пераводзіш, га? — накінуўся ён на трактарыста.
— Праграваю, а то ён, падла, не заводзіцца,— апраўдваўся Гошка.— Заглушыш, а тады да абеду шарманку круці. Вы ж яго характар ведаеце, Васіль Сцяпанавіч.
— Калі тут Паранька, не баісь. Яна не толькі трактару, любому дасць рады. Ну, давайце: раней пачнём, раней кончым. Аксення, станавіся каля цапоў,— звярнуўся ён да маладзіцы ў кіцелі.
— А мужчынам не брыдка будзе, што баба ix работу робіць? Калі ў сяле i штанамі не пахла, ламалі спіну, i цяпер падстаўляй... Бач ты ix, прывыклі за бабскімі гарбамі ацірацца,— тарахцела гучней за трактар Аксення.
— Гэтыя мужыкі, чаго добрага, пальцы паадмалочваюць, а мне адказвай. Давай, не ўпінайся.
— Не бойся, Васіль Сцяпанавіч, не паадмалочваем. Я стану каля цапоў. Сапраўды, работа не жаночая,— спакойна сказаў Аляксой.— Начнём.
Ён насунуў на лоб старую кепку, вышэй закасаў рукавы.
— Хто будзе разразаць перавяслы i падаваць на стол?
Памагаць Алякеею сталі Паранька з Аксенняю. Анатоль Паўлавіч з Акунёвым палезлі на торп, жанчыны разбіралі граблі i вілы — адкідаць салому. ТольKi Вера не ведала, што ёй рабіць.
На кола малатарні накінулі пас, i яна загула прарэзліва i звонка.
— А мне што рабіць? — спытала Вера ў брыгадзіра.
— Пакуль што каля рэчкі пазбірайце ажыну, а трохі намалоцяць — архаваць будзеце.
Як толькі малатарня глынула першы сноп i басавіта загула, Вера ўзялася за вілы i пачала адкідаць салому. Яна хацела быць разам з усімі, рабіць, што робяць яны. Хацелася ўзяцца за нешта цяжэйшае i адказнейшае — палёгкі i скідкі на яе няўменне i слабасць крыўдзілі яе.
Аляксей завіхаўся каля цапоў, нібы ўсэ жыццё толькі i рабіў гэтую работу. Цяжкі сноп, нібы пучок залацістых промняў, рассыпаўся пад яго рукамі i выліваўся з барабана градам буйных зярнят i дажджом зіхатлівай саломы. Зярняты глуха біліся аб вялікі залатаны брызент. З малатарні ляцела воблака пылу. Жанчыны завязвалі хусткі да самых вачэй, а густы пыл пакрываў шчокі i бровы. Туман даўно некуды сплыў, у спіну пачало прыпякаць сонца. Яно вісела ў злінялым небе, а белыя аблачынкі праплывалі побач не засцячы яго.
Вера крадком пазірала, як дырэктар шпурляе снапы адзін за адным, як ix спрытна хапае Аксення, а Паранька рэжа перавяслы. Самы доўгі пагляд спыняўся на Аляксею. Яго загарэлыя рукі роўна рассцілалі сноп на стале i падсоўвалі ў цапы. Засяроджаны, ладны, здавалася, ён усё ўмее, усё ведае, да ўсяго здатны. Вера лавіла сябе на тым, што ўсё часцей думае пра яго, пазірае на яго абветраны, загарэлы твар i добрыя светлыя вочы пад высмаленымі сонцам бровамі, разумее яго лепей, чым іншых, i ён для яе застаецца самаю неразгаданаю загадкай. А салома шапаціць, іскрыцца на сонцы зламанымі промнямі, пахне гаркаватымі вятрамі i недапечаным хлебам. Вера хапае пярэбірак на коўзкія вілы, а ён рассыпаецца i падае пад ногі. Адзін, другі навільнік — i налаўчылася, пацвярдзелі да трымцення рукі, расчырванеўся твар, па шыі пабеглі тонкія струменьчыкі.
Гурбу перамяшанай з мякінай калянай пшаніцы вёдрамі пераносяць да веялкі. Значыць, трэба ісці туды. Вера бярэцца за корбу, але спачатку круціць не ў той бок, мякіна струменьчыкам вылятае з каша. Соф'я Міхайлаўна становіцца побач, i яны разам круцяць доўгую, адпаліраваную далонямі корбу. Смачна чвакаюць зубцы масляністых шасцяронак, гул веялкі зліваецца з грукатам трактара i выццём малатарні.
Сонца па-летняму смаліць. Hi шолаху, ні ветрыку ў агіусцелым полі. Пачынаюць смылець далоні — відаць, павыскоквалі вадзяністыя пухіркі. Пыл вісіць слупом, асядае на твар i плечы, рукі пакрыліся залацістымі лусачкамі мякіны.
Мужчыны на тарпе паскідалі кашулі, змакрэлыя спіны льсняцца на сонцы. Сцірта пшаніцы асядае i шырэе, а каля веялкі становяцца ў рад тугія мяхі цёплага буйнога збожжа. Стомленасць змешваецца з пачуццём радасці суладнай працы. Вера ўпершыню бачыць, як з коласа выходзіць зерне, што неўзабаве стане духмяным боханам. Яна ўявіла, што Сібір усю вайну карміла фронт i тыл, аддавала горы хлеба воінам i сталяварам, у тайзе збірала саладкаватыя дудкі. Успомніліся расказы Трахімаўны, як жанкі i дзеці працавалі на полі ўсю вайну.
Вера заўсёды думала. У дзяцінстве яе фантазія будавала паветраныя палацы, насіла на лёгкіх воблаках у казачную «Краіну райскай птушкі», у юнацтве марыла пра незвычайнае, поўнае радасцей жыццё ў самым прыгожым горадзе. Тады таемна затевала першыя вершы ў запаветны сшытачак, i сэрца заходзілася ад салодкай шчымлівай тугі. Разам з аднакласнікамі хадзіла ў шпіталь — дэкламавала параненым вершы i тоненькім галаском спявала «На позицию девушка провожала бойца», бачыла, як вільгатнеюць вочы маладых i пасівелых байцоў у гіпсавых панцырах i белых марлевых фесках, як параненыя стараліся непрыкметна пакласці ў кішэньку яе фартушка драбочак рудаватага цукру.
Читать дальше