Часам здавалася, што яна нічога не ведае i не памятае, усё знямела i страціла лагічную сувязь. Аж гарачыня шуганула ў твар.
З-за стала выйшаў Анатоль Паўлавіч. Вочы добрыя, светлыя i разумныя.
— Хвалюецеся, Вера Рыгораўна? — усміхнуўся дырэктар i спыніўся насупраць яе.
— Хвалююся. Вельмі. Здаецца, усё выскачыла з галавы. Баюся разгубіцца на першым уроку. Заўважаць дзеці няўпэўненасць — і, лічы, усё прапала.
— Такое адчуваў, мабыць, кожны пачынаючы педагог. Я, памятаю, ад хвалявання замест «канвент» сказаў «канверт» i разгубіўся яшчэ больш,— засмяяўся Анатоль Паўлавіч.— А вы лепш не думайце i не палохайце самі сябе.— Ён падышоў i сеў воддаль на канапе.— Умовы ў нас пакуль што вельмі цяжкія. Самі бачыце. А дзе яны лёгкія? Вайна. Хоць тут не рваліся бомбы, не палалі вёскі, не рушыліся гарады. Сібір усё аддавала фронту. Ведаеце, што тут елі людзі гэтыя чатыры гады? Бульбу i піканы. Піканаў вы не ведаеце? Растуць у тайзе такія салодкія дудкі, жанчыны ix прыносілі мяхамі. Дзеці хрумсталі сырыя, з піканаў варылі поліўку i рабілі густую кашу. A пшаніцу, мяса, масла аддавалі арміі. Калі хочаде, i дзеці працавалі на перамогу. Дзеці ў нас харошыя, сумленныя, працавітыя, хочуць усё ведаць. Вось мы i павінны даць ім радасць хоць маленькіх адкрыццяў, захапіць навізною ведаў, адагрэць душы ўвагаю i добрым словам.— Ён памаўчаў i паглядзеў на Веру яснымі вачамі.— На вас у мяне вялікая надзея, Вера Рыгораўна. Вучняў трэба захапіць, каб яны з радасцю беглі ў школу. Можа, арганізаваць нейкі цікавы гурток, праводзіць вечары, нават паспрабаваць паставіць п'есу?
— Якія ў вас гурткі працавалі раней?
Дырэктар махнуў рукою:
— Былі ўсялякія. Нават справаздачы пісаліся, а каб працавалі, нешта не помню.
Вера забылася пра сваю нядаўнюю трывогу i ўжо думала, як збярэ драматычны гурток, як будзе ставіць першы спектакль.
Зазвінеў званок. Вера замітусілася на месцы, пачала перакладаць кніжкі, але ранейшая боязь прытухла ўжо, не так калацілася сэрца, не палалі шчокі, не торгала ў скроні.
Наталля Іванаўна, нібы кап'ё, трымала пад пахаю доўгую ўказку i выцерты, з чарнільнымі разводамі глобус. Яна выкладала геаграфію, батаніку, заалогію. Апрача матэматыка, магла замяніць любога настаўніка.
Уваходзілі настаўніцы, узрушаныя, клалі на стол сшыткі, падручнікі, кавалачкі цвёрдай шараватай крэйды: i яе не хапала ў першы пасляваениы год. Ix сустракаў Анатоль Паўлавіч пытаннямі: «Ці многа адсутнічае? Як паводзілі сябе пяцікласнікі?»
Адсутнічалі многія: пасвілі авечак i коней, веялі збожжа на таках, выбіралі бульбу, падмянялі матак на фермах. Да зімы кожнаму хапала больш пільнай работы, чым хадзіць у школу.
— Што рабіць з гэтым Тартынам, Анатоль Паўлавіч? Увесь урок нешта стругаў. Куча смецця пад партаю. Я ўжо яго не чапала, каб іншым не перашкаджаў,— абуралася чарнявая Соф'я Міхайлаўна.
— A ў мяне Коўган з Кармачовым пабіліся за пяро. Ледзьве разбараніла,— жалілася Аўдоцця Мітрафанаўна.
«Што рабіць, калі зачнуць бойку ў мяне?» — аж сцепанулася Вера.
Зазваніў званок. Па калідоры жвавей затупалі абутыя i босыя ногі, заляпалі дзверы, але гармідар не сціхаў.
На школьным двары апрача асноўнага будынка стаялі яшчэ два невялікія дамы з тоўстага кругляка, сцены абмазаны глінаю i так-сяк пабелены. Ix адны звалі «заімкамі», другія — «хутарамі». На такі «хутар» праз двор ішла Вера на свой першы ўрок. Яе пераганялі дзеці i крычалі: «Ідзе! Ідзе!» З калідора выглядалі дзяўчаткі, а як толькі Вера ўзышла на ганак, усе сыпанулі ў клас i зачынілі дзверы. Сэрца затахкала зноў, здавалася, яго ўдары гучаць у апусцелым калідоры, а скрэмзаныя крэйдаю дзверы ўяўляліся прорваю, у якую трэба сігануць i не разгубіцца, перамагчы няўпэўненасць i страх, сціснуць усю волю ў кулак i не паказаць хвалявання. Здзівіла цішыня ў класе, напружаная, насцярожаная, трывожная. Як толькі адчыніла дзверы, усе стаялі за партамі, a заднія цягнуліся на дыбачкі, каб лепш разгледзець яе. Вера паклала на стол падручнік, крэйду i сшытак, што замяняў класны журнал, спакойна i ціха павіталася. Клас дружна адказаў.
— Сядайце, дзеці,— з усмешкаю сказала настаўніца.
Заляпалі вечкі старых, зрэзаных імёнамі i літарамі партаў.
— Перш за ўсё давайце пазнаёмімся. Завуць мяне Вера Рыгораўна. Я буду называць прозвішчы i папрашу кожнага падняцца, каб ведаць i вас. Добра? — яна разгарнула сшытак i пачала выклікаць усіх па алфавіту.
Ускоквалі стрыжаныя хлапчукі, дзёрзка паблісквалі чорныя i блакітныя вочы, усмешкамі расплываліся вусны. Спакойна падымаліся за партамі старанна зачэсаныя дзяўчынкі з беленькімі каўнерыкамі, з каснічкамі ў валасах.
Читать дальше