— Дык прыходзьце снедаць, Верачка. Хоць невялікія прысмакі ў нас, але лепш, як нічога. У вас жа ні гаршка, ні міскі. Так што пасталуйцеся, як не грэбуеце, з намі. А пабагацееце ды разжывяцеся — як сабе захочаце. Прыходзьце, пакуль не прастыла.
Вера аж пачырванела ад такога нечаканага запрашэння. Яна яшчэ i сама не ведала, як будзе харчавацца. Самой варыць складана i доўга. Сталоўкі ж ніякай у сяле няма. Думала, але набівацца ў сталаўніцы да Трахімаўны не адважылася. Таму i ўзрадавалася, што ўсё так проста выходзіла.
Трошкі затрымалася, пакуль прыбірала ў пакоі, засцілала ложак, нацягвала зацыраваныя на ступаках панчошкі. Трахімаўна настукала ў забітыя дзверы паміж пакоямі. Вера чакала гэтага стуку; бянтэжачыся, не вельмі смела, зайшла на яе палавіну. Увесь кут займала вялізная печ з палацямі пад столлю, пры сцяне стаяў драўляны ложак з тарою падущак, шырокая лава, каля яе стол, засланы кужэльным абрусам. Пасярэдзіне зіхацеў пукаты тульскі самавар, з краю стаяла патэльня з падсохлай яечняй, цэлая, падсмажаная перад полымем, пакарабачаная, з хрусткімі падпалінамі, бульба, у місцы — скрылі кіслага малака. Яго чамусьці Трахімаўна звала прастакішай.
Гаспадыня фартухом сцерла лаву.
— Садзіся, Верачка, з'еш, што бог паслаў,— проста i натуральна перайшла Трахімаўна на «ты».— На лепшае выбачай.
— А вы чаму не ясце? Садзіцеея.
— На мяне не зважай. Назбіралася, пакуль тупала каля печы. Дзень у мяне вялік, пакручуся трохі ды i падзяўбу чаго-кольвек. Колькі старому трэба? Еш, еш, галубка. Табе ж у школу бегчы. Зранку будзеш хадзіць ці па абедзе?
— У другую змену. А сёння дырэктар прасіў усіх зранку прыйсці,— адказала Вера.
— Ну i добра, калі па абедзе. Уга, як выспацца можна. А то ў нас пазалетась дзве жылі, дык да першых пеўняў сляпіліся i ўпоцемках у школу ляцелі. A зімою задзьме, замяце ды закруціць — свету божага не відаць. Калоцяцца, па пахі грузнуць, a ідуць.— Памаўчаўшы, спытала: — Пімы ў цябе хоць ёсць?
— Няма,— адказала Вера.
— Без пімоў i не думай зімаваць. Э-э, не! У гэтых панчошках ды боціках ногі ў першы мароз паадлятаюць.
— А што такое пімы, Трахімаўна? — пачырванела Вера.
— От табе i на! Пімоў не ведае. Ну, катанкі па-вашаму. Як чобаты, толькі з воўны бітыя. Без пімоў, галубка, толькі на печы сядзець. Старайся к зіме. Каб воўна была, Архіп i скатаў бы. Ну, паразіт, i майсцер. Як улье, ніхто не дакажа!
— Напішу, можа, мама прышле.
— Не-е, тыя не выдзюжаць. Архіп у кожны насок, можа, паўхунта воўны кладзе i абцасікі робіць. Адным словам, лялькі. Тры зімы дзюжаць, а там i падшыць можна. А мамка твая служыць дзе ці як?
— На гуце ў лабараторыі працуе, а бацька майстрам. У яго з грамадзянскай вайны вока паранена, дык у гэтую ўжо не ўзялі. Да вайны мы пад Гомелем жылі. Там вялікая гута была. Эвакуіраваліся за Яраслаўль i цяпер там жывём. Але бацькі ўсё назад збіраюцца...
Вера падзякавала за снеданне i пачала прыбіраць ca стала.
— Няхай стаіць. Сама ўпраўлюся. Табе ж бегчы трэба. Абед у гэтым чыгунку будзе i на патэльні. Калі часам куды выскачу, дык сама ўпраўляйся. Замок пацягні, i адчыніцца. Так, для прыклепу вісіць. У нас тут зладзеяў няма. Усе свае. Трэсачкаю прабой заткні — ніхто не зойдзе. Ну, бяжы.
Вера хуценька адзела шэрае гладкае плацце з белым каўнерыкам, накінула лёгкі жакецік у клетку, зірнула ў люстэрка, паправіла валасы. Праз акно паглядзела на вуліцу: сцежачкі пацвярдзелі i падсохлі. Абула лёгкія чорныя лодачкі i пабегла ў школу.
Па вуліцы ішлі натоўпы дзяцей. Хто босы, хто ў маленькіх чырочках на голых нагах, дзяўчынкі ў доўгіх злінялых сукеначках i хустачках, хлопчыкі ў штоніках i расхлістаных кашулях. Валасы за лета павыгаралі i бялелі, як маленькія сланечнікі-самасейкі.
Вера была адметная ад усіх, нават нейкая таямнічая сваёй нетутэйшасцю. Да астатніх настаўніц усе даўно прывыклі. Яны былі мясцовыя: летам басанож палівалі грады, даілі кароў, разам з усімі хадзілі ў ягады. А новая — зусім незвычайная, з горада. А плацце якое! A лодачкі! Дзяўчынкі глядзелі як зачараваныя. Смялейшая падбегла да Веры, павіталася.
— Вы нас вучыць будзеце?
— A ў якім ты класе? — спыталася Вера.
— У чацвёрты перайшла.
— Тады толькі ў наступным годзе.
— Вы i на той год будзеце ў нас?
— Абавязкова.
Дзяўчынка адстала ад Веры i шапнула сяброўкам «будзе». Вера пачула i азірнулася. Хлопчыкі i дзяўчынкі весела ўсміхаліся i падтыкалі адно аднаго локцікамі. Кніжкі i сшыткі неслі ў руках, некаторыя ў палатняных торбачках, некалькі хлапчукоў важна размахвалі вайсковымі сумкамі, ішлі ў бацькоўскіх шапках з чырвонымі, сінімі i чорнымі аколышамі. На маленькім хлопчыку быў танкісцкі шлем з тугімі рэбрамі.
Читать дальше