Пакуль ішоў дадому, усё гэта прамільгнула ў Аляксеевай памяці. Начны халадок астудзіў лоб i шчокі. У дварах лена пабрэхвалі сабакі, пазяхалі i адыходзілі ад варот. Толькі ў адной хаце яшчэ гарэла лямпа. Не спала Вера Рыгораўна.
Аляксей прамінуў свае весніцы i праз вуліцу паглядзеў у яе акно. На сцяну падаў яе павялічаны цень. Вера ўстала, прайшлася па хаце, нагнулася, відаць, рассцілала пасцель. У завешаным газетаю акне паказаўся яе профіль, рукі высмыкнулі заколкі з пышных валасоў, крутнула галавою, i на плечы рассыпаліся пакручастыя пасмы. Лямпа патухла.
Аляксей пастаяў яшчэ некалькі хвілін, ціха шапнуў: «Дабранач» і паволі паплёўся на свой тапчан.
У сельсавеце яшчэ доўга свяцілася акно. Пушанкоў быў незадаволены размоваю з Буевічам. I пратакол складаў так, дзеля большай важнасці. Пракурор даручыў пагаварыць, а не дапытваць, але як тут утрымаешся, калі чалавек не адмаўляе сваю працу ў немцаў. Многае супадае з заяваю. Ён яшчэ раз выцягнуў яе, прачытаў, прыгледзеўся да канверта — ні адраса, ні прозвішча аўтара няма, i штэмпель не Ельніцы, а зусім другога горада. Можа, баяўся помсты? Але ж факт ёсць, значыць, трэба высвятляць. Ён усю дарогу сюды пераконваў сябе, што на пасадзе школьнага заўхоза хаваецца фашысцкі паслугач, вырашыў «раскалоць» яго i здзівіць пракурора, які не вельмі давяраў ананімшчыкам.
Пушанкоў закурыў, прайшоўся па пакоі, паклікаў дзяжурную i загадаў схадзіць па Міхаіла Усцігава.
— Не ведаю, як небарака даграбецца па такой багне. І днём ён ледзьве клыпае. A ў гэткую цемень сунецца ў канаву, i костачкі не збярэш. Ён жа ўвесь з кавалачкаў злеплены.
— А ты прывядзі яго. Адна нага тут, другая — там!
— От, каб вы маладыя ногі пазычылі,— ляпнула дзвярыма кабета.
Настасся ледзьве дастукалася да Усцігавых. Паранька запаліла бляшаны смаркачык, затуліла рукамі абвіслыя пад кашуляю грудзі i з трывогаю паглядзела на дзяжурную.
— Уставай, Мішачка, нейкаму начальніку спатрэбіўся,— у парозе ўздыхнула Настасся.
— Ці дня яму мала? Ноччу калеку цягае! Скажы — няздолее... Хворы, бязногі. За прыгон i то жонка водзіць,— запрычытала Паранька.,
— Што яму трэба? — Сеў на ложку ўскудлачаны, худы, аж сіні, гаспадар. Толькі блішчалі глыбока запалыя вочы ды ўздрыгвалі тонкія ноздры.
— Хіба ж ён скажа? Прывядзі, i ўсё тут,— прыперлася да вушака Настасся.— Дык чакаць ці ісці? — і, памаўчаўшы, дадала: — На дружка твайго, Ляксея, усё нешта крычаў, а цяпер кажа Усцігава падавай.
Міхал рвануў коўдру i пагробся на край ложка, зняў з біла зацухмоленыя штаны. «Э, не, брат, хоць ты i начальнік, Аляксея не чапай»,— аж заскрыгатаў зубамі. Паранька памагла нацягнуць ватнікі i мяккія старыя бродні. Міша накінуў целагрэйку, задам наперад уздзеў салдацкую шапку, спрытна падаткнуў пад паху мыліцу.
— Хадзем, Настасся. А ты, Паранька, кладзіся паспі яшчэ,— ляпнуў дзвярыма i пачыкільгаў.
У пакой Усцігаў увайшоў без стуку.
— Выклікалі?
— Садзіцеся, таварыш Усцігаў,— далікатна запрасіў Пушанкоў.
— Мне толькі стаяць або ляжаць. Сядзець, зараза, не дае,— паляпаў разбіты клуб.
— Пагаварыць з вамі хацеў...
— Калі да дня не церпіцца, пагаворым,— буркнуў Міхаіл.— Пытайцеся,— закінуў нагу на нагу, абапёрся на мыліцу i павіс, як на плоце.
Пушанкоў пабарабаніў пальцамі па стале, думаючы, як пачаць далікатней, але доўга трымаць стоячы пашчапанага франтавіка не выпадала.
— Дзе вы пазнаёміліся з Буевічам?
— Вайна пазнаёміла i душу, як панчоху, вывернула. Адразу скажу, таварыш... як вас там... Аляксея не чапайце. Ведаю, як самога сябе. З жонкай бывае век у адной пасцелі пракачаешся, а яна вазьмі ды байструка прынясі, а на вайне ні галаву, ні душу не схаваеш. Калі б усе ваявалі, як Буевіч, ардзяноў не хапіла б. А тое, што партызанам быў, не сумнявайцеся. Усе даведкі — у яго на целе. Няхай раздзенецца, паглядзіце — пячатка на пячатцы. Я яго каля мястэчка Смольня нежывога вынес. Думаў, хоць у зацішку закапаю ды магілку прымечу. А ён вазьмі ды замармычы, сказаць нешта сіліцца, але крывёю захлынаецца. Бачу, не ў хвойнік, a ў медсанбат трэба. Не думаў, што пабачымся калі. Аж не, шчасце ў няшчасці звяло: у Новасібірскім лазарэце сустрэліся, i цяпер ужо ніяк не разлучыцца. Ён жа вучаны-перавучаны. Дзве галавы складзі — проці яго аднае не дакажуць. А ён мяне, сівалапага чалдона, як малое дзіця, у хату прынес, Параньку суцешыў. Соткі ўзараў i пасеяў, Феньку няньчыў, казкі ёй расказваў i мяне пелянаў, пакуль сукравіцаю сыходзіў. Кажа: «Міша, друг, не пакіну, пакуль «Падгорную» не ўрэжаш». I не кідае. А ты такога чалавека — памыямі. За што? Скажы, ты сібірак?
Читать дальше