X і м к а. I я лічу — самая лепшая льняная: у гарачыню не парыць, зімой лепш грэе. Але ніц не зробіш, цяпер мода на шоўк! (Падае сукенку з малінавага аксаміту.) Нацягвай!.. (З-за Нюрчынага жывата ў сукенцы перад карацейшы, жанчына хвіліну мяркуе: счапіць на жывую нітку і падкараціць зад, адрэзаць лішняе?) Ат, не будзем псаваць, Нюрка, файны матарыял!
Н ю р к а. Такого нават і ў паноў не бачыла!
X і м к а. Дарагі! Калі будзеш, Нюрачка, ісці, то не надто напінайса, тады краі вісецімуць роўно!
Н ю р к а. Каб не забыць адно!
X і м к а. Толькі той бяды, як і забудзеш!
Н ю р к а. Ой, выпало чысто з галавы, што ў мяне там! (Вымае з пліты шчыпцы, слінявіць палец і правярае гарачыню жалеза. Падвівае перад люстэркам валасы і суне прыладу ў агонь назад.) Стынуць падто хутко. Перад адыходам шчэ папраўлю! (Спрабуе нацягнуць панчохі на тоўстую лытку.)
X і м к а. Абыдзешса без панчох, цалейшыя будуць!
Н ю р к а. Летам пават і паненкі так ходзяць па гарадах, сама ў Гродне бачыла, калі з татам бульбу вазілі!
X і м к а. Толькі ног не мачы, бо набрыняюць і туфель не нацягнеш. Вытры насухо, калі ўжэ ўсадзіла, на! (Кідае анучу.)
Н ю р к а (не слухае). Цётко, а ён, кажуць, надто велькі, праўда?.. Каб не задушыў шчэ, чаго добраго, мяне!..
X і м к а. Мой быў таксамо мажны мужчына, царство яму нябеснае. (Хрысціцца.) I мне здалосо — такі здаравяка ўзлезе на цябе ў ложку ды яшчэ задушыць. Ажно ён надто лёгкі аказаўсо, ой, лёгкі, бы хлопчык!
Н ю р к а (праз хвіліну). Гадко ўсё гэто, праўда?
X і м к а. Мо першы раз толькі. А потым, бывало, пасля работы дзеці ноччу пазасынаюць, надыдзе той час, і ўжэ не можаш аніяк без гэтаго... Ай, то калі мужык з жонкай жывуць, а ў цябе ж — іншае, грэх пра гэто і думаць нам!
Н ю р к а (паслухаўшы, як на двары збягаюцца жанчыны). Уй, што скажуць бабы з Забагоннікаў, калі даведаюццо, што мама скажуць, сёстры што пачнуць гаварыць?!. Я то, дурная, хоць і згадзіласа на гэто, але ж не знаю, не ведаю, цётачку, што шчэ будзе!
X і м к а. Маліцімосо за цябе, от што! Жартанькі, столькі дасі людзям, — боскае дзіця прывядзеш! Пра такое адно ў бібліях ды святых евангеллях пішуць, з паперці бацюшкі расказваюць!
Н ю р к а (уздыхае). Шчэ я так козыткі баюсо — не дакраніса! Як яно ссаці ў мяне будзе?!
X і м к а. Так бывае, калі цябе казыча хто другі. Як сваё дзіця — не пачуеш!
Н ю р к а (недаверліва). Вы думаеце?!
X і м к а. Вядомо! Тваё цело, твая крывінка дзіця — сама ж ты сябе не баішса, казычы, не казычы!
Н ю р к а. Дальбо, мусіць, праўда!.. (З Хімкай апускаюцца на калені, моляцца.)
X і м к а (устае). Амант! То пойдземо! Як ужэ яно будзе, Нюрачко! Чакаюць, мусі, яны з Альяшом нас...
Н ю р к а (у паніцы). О, што ж гэто я нарабіла, дурная, не пайду, цётачку, хібо я здурэла?!
X і м к а. Будзе табе, не маленькая! Вытрыса, на!
Н ю р к а. Я баюсо вельмі! (Уся калоціцца.) Я — грэшніца! Хібо мне радзіць божаго сына?
X і м к а. Бог безупынно ўвасабляецца ў народ, таму і Хрысты, Нюрачко, могуць раджацца ў многіх бабаў!
Нюрка (ад стрэсу зявае). Ы-ы-ыэах!.. Вы так думаеце?
X і м к а. Пра што тут думаць? Паглядзі, колькі Багародзіц ведаем: і Казанская, і Журовіцкая, і Чанстахоўская, і ў яўрэяў, мусіць, свая!.. Шчэ Яшка, бывало, пытаўсо: «Мам, колькі Багародзіц, столькі і Хрыстоў было?»
Н ю р к а. Страшно як!.. Ай, куды мне, цётачку, учыніць такое, грэшнуй?! Ой, цёточко, сутарга рукі-ногі зводзіць, баюсо!.. Што мне рабі-іць, мамо-о, падскажэце?!.
У істэрыцы падае на падлогу. Хімка б'е яе па твары і вядзе на двор. Натоўп бабаў неахвотна расступаецца. Зайздросныя жанчыны бесцырымонна разглядаюць яе, каб да чаго-небудзь прычапіцца. Нюрка ідзе, бы па дроце.
Г а л а с ы. Замаладая! Дзева Марыя павінна быць файная баба ды высокая, а гэта— як пянёк! — У самы раз. Дваццаць тры ёй! — Кажуць, ніхто не згаджаўсо! — Было ахвотніц шмат, Альяшоў крыж на гэту паказваў! — Адзначана святым духам! I пасціласа, і моліцца, як трэ, яе бацькі таксамо бедныя! — Гляньце, сукенка тапыршчыцца! Шчэ і ніткі тырчаць якіясь!.. — I лякеркі абула, бы на вялікдзень! — Не чапляймосо, бабы, ёй і так страшно, спатнела ўся, бач! — Каб толькі ўсё добро было! — Паслухае нас Гасподзь! Аднаго Альяша слово што значыць! — Грэх языкі распускаць! Не кудзелю папрыходзілі прасці! — Дзе той хлопец, чаму не ідзе ўжэ! — Унь, а малыя, а малыя, — як плот абляпілі! Шчэ і на ліпу ўзлезлі! Дзеці, марш дахаты! Ну, што сказано? — Ага, так яны цябе і паслухаліса — не тыя цяпер дзеці! Сабак каб нацкаваў, хібо!..
Читать дальше