Г а л а с ы. Вось і скончыласа наша радасць! Ого, паны з папамі дазволяць табе пацешыцца!
Манах першы (ногцем спрабуе іканастас). Шашаль паеў! Новы з Гродна прывязём! I клірасы перафарбуем!.. (Моршчыцца.) Безгустоўнасць!..
Т э к л я. Альяшку ты наш лю-убы, галубок ненагля-адны, чаму ж ты паддаешса іхняй ула-адзе?! Якую на цябе чорную адзяжыну архірэі напя-алілі, бы таму Самсону ручанькі-ножанькі павяза-алі!
Як па камандзе, бабы пачынаюць выць і скрозь енк чуваць голас маладзіцы.
А л ь я ш (бытта прасыпаецца). Што, апранулі, падлы, мяне ў лахманы і думаюць — купілі? У сваёй царкве я ўжэ не гаспадар? (Манаху.) Іканастас табе, шмэндрык, не падабаецца? А ты ведаеш, гіцлю, што я ўсю бульбу з хаты павазіў на яго ў Гродно?! Дзе вы былі, калі я ўсё гэто сваім гарбом будаваў? У Гродне чаі з коржыкамі распівалі! (Зрывае вопратку з сябе.) Бярэце гэтыя лахманы ды перадайце свайму архірэю, што мяне сам Іаан Кранштацкі вучыў, як не паддавацца вам!
Н а т о ў п. Прагані іх! (Абкружаныя варожасцю манахі бездапаможна топчуцца.)
А л ь я ш. Я ж вас зара!.. (Шукае вяроўку.) П'янкі, гіцлі, блуд тут хочаце развесці, як у Гродне? (Лупцуе манахаў.) Са сваім архірэем прадалі веру і мяне падбіваеце? Скажыце пузатаму ўладыку — няма тут дурняў, забабонам яго патураць не буду!
Манах першы (пакорна). Скажам, дзядзьку Альяш...
А л ь я ш. I лахманы гэтыя валачэце!
Манах другі (ловіць адзенне). Аддамо, пане Клі-мовіч!..
А л ь я ш (лупцуе іх вяроўкай). Вон, гунцвоты! Цуцыкі архірэявыя! Зляцеліса сюды, як вераб'і на свежыя конскія яблыкі!.. Вон!
Народ выштурхвае прадстаўнікоў манастыра, з захапленнем узіраецца на прарока.
А л ь я ш. Адныне аб'яўляю новую веру — ільінцаў! О на чым яна будзе трымацца! Для кантакту чалавечай душы з Госпадам мітрапаліты, архірэі і папы — лішнія дармаеды! (Народ падтаквае, Альяш распаляецца.) У Бібліі гаворыцца аб стварэнні Богам чэлавека па вобразу і падобію свайму! Гасподзь змяшчаецца ў кожным чалавеку, таму нам не трэ пасрэднікаў! Мужыкі і самі могуць сабе даць рады ў храме!
Н а т о ў п. Могуць!!!
А л ь я ш. Кансісторыяў ды прыходаў не ведалі за Ісусам Хрыстом, дармаеды потым узлезлі народу на шыі! Мужыкі бедныя? Затое праведныя, бо не жывуць чужым коштам, не ведаюць распусты, таму вышэйшыя над панамі ды бацюшкамі, бо пакланяюцца Госпаду духам, а не багацтвам!
Н а т о ў п. Ой, добра!
А л ь я ш. Каму дзіця хрысціць — прынось! Багач награшыць, добро заплаціць, абедню купіць і — без граха пойдзе чысценькі, а бядак? Спавядаць будзем кагалам, як рабіў Іаан Кранштацкі! Паставім людзей на калені, а Гасподзь разбярэ сам, каму дараваць віны! А то гавары аднаму папу на вухо пра грэх: што, ён — Бог?! Гэтыя кудлы, духоўныя дзікуны, прыдумалі так зумысно, каб грошы ў людзей выдзіраць! За споведзі, мярліны — ніякай платы, хіба сам чалавек пакладзе на храм, — яго дзело!
М а й с а к. Правільно наш прарок прапёр манахаў! Як дом стары патрабуе адновы, так і вера наша за дзве тысячы гадоў састарылася! У цэрквах загняздзіліса клубы змеяў, усю кроў з яе высмакталі! Наш айцец, усемагутны Ілья, з простаго народу! Брацця і сёстры, радуйцеса — наша вера ўваскрасае!
А н т а н ю к. Выкурым ладанам царкву, каб у ёй і духу папоўскага не стало! Віншуем цябе, сястрыца! (Чмоканне пацалункаў.) Хрыстос уваскрэс!
X і м к а. Ваісціну ўваскрэс! Кланяймосо Альяшу!
Людзі выконваюць загад.
М і р а н о с і ц ы (з радасцю спяваюць).
Быў у Кранштаце добры пастыр,
Праўду людзям гаварыў
I на подзвіг твой вялікі
Ён цябе благаславіў!
Ты лішыўсо ўсяго крова,
Цэркву божую-саздаў
І што маеш дарагого
На алтар святы аддаў!
Людзі зблізку і здалёку
К табе йдуць, і йдуць, і йдуць.
Няма таго чалавека,
Які б не быў ужэ тут!
Твая цэрква — незямная,
Ў ёй кіруе херувім,
Твая цэрква — залатая,
Гэта наш — Ерусалім!!!
КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
Пад цэрквай самотныя гандляркі вяжуць ля палатак панчохі. Жабрак на прыступках выпрастоўвае каменем мядзяк. За сталом — Альяшоў сінедрыён. Вісяць партрэты прарока з надпісамі: «Айцец Альяш», «Пасланец божы Альяш і яго Ерусалім», «Прарок Ілья». Партрэты ў запусценні, месцамі іх паабрываў вецер, размачыў дождж. Людзі не ў настроі. Сядзяць і тыя самыя [...].
А н т а н ю к. Паўпуда царскаго золата ўкрасць! Не трэ было Яноху, Ілья Лаўрэнц'явіч, давяраць такое багацтво!
М а й с а к. I Хрыстос пе прадбачыў, што сярод апосталаў Іюда знойдзецца! Гіцлю Яноху — анафема!
Читать дальше