М а к а р ы х а. А мой Юляк колькі часу валяецца на цыменце ў Ваўкавыскай турме. Хаджу, хаджу ў Ваўкавыск — ногі да кален стаптала. Учора камендант: «Матко, ён горшы за бандыта. Той чалавека зарэжа, а твой сынок хоча кавалак Польшчы аддаць бальшавікам!» Білі яго і пальцы прышчамлялі ў дзверы... (Плача.) Кожную жылачку выпарала б з сябе, каб толькі яму палегчала, але што цёмная баба можа? Ноччу сон не бярэ — хоць плач. Кажуць, прарок бяссоніцу здымае...
X і м к а. О, наш Ілья столькі людзям дабра робіць, дапаможа і табе! (Уздыхае.) Доля мацярынская, не дай Бог!
Д а н і л ю к. У адным царстве пасадзілі ў цямніцу хлапца. Маці пайшла таксамо па начальству, а самы галоўны ёй: «Не дуры, бабо, галавы, ніц не дапаможа. Выйшаў царскі ўказ. Заўтра ў дванаццаць ударыць звон і сына тваго на пляцу казняць!» Маці плакала, ноччу галавы да падушкі не прытуліла, а тады думае — хоць пару хвілін сыну дарую. Узабраласа на званіцу, чакае. Калі кат занёс сякеру над галавой асуджанаго і званар тузануў вяроўку, каб падаць сігнал, яна падставіларукі пад язык. Жалезны шворан ударыў у мяккое і звон не прагучэў. Так маці і трымала рукі, покуль не адбіло.
М а к а р ы х а. Дзіво — рукі падставіла. Тваё дзіця здаволенае, яму добро, то і ўсе мацярынскія радасці!
М а й с ю к. I таму зара звернемса да чалавека божаго Альяша, які нас усцешыць і сагрэе ўсіх!.. А покуль што памолімса багародзіцы, покуль з'явіцца прарок, адудзячым словамі малітвы міласць яе!
X і м к а (у неба). Ах, пакутніца ты нашая, Багародзіца дзева Марыя, падзякуй Богаві за любоў святую да нас за сына адзінароднаго, пасланаго на збавенне грахоў нашых!.. Спасіцелька кажа, — уладу Бог даручае тут Альяшу — Лаўрэнаваму сыну! Наказувае, каб Альяша слухаліса, бо гэты чалавек перад канцом свету прывядзе нас да царства нябеснаго!.. Ах, будземо слухаць, царыца нябесная! Скажы Госпаду і яго сынаві — не пашкадуем ні сябе, ні вала, ні асла, ні дзетак, ні мужыкоў, каб...
Ж а н о ч ы в і с к. О-ой, сам ідзе-е!!!
С т а н к е в і ч. Прэцца ўжэ, старое падло!.. (Хапае прэнт, лупіць па лемеху: дзэнь! дзэнь! дзэнь!)
З'яўляецца А л ь я ш. Народ бухае на калені. Мужчыны зрываюць шапкі. Станкевіч запіхвае прэyт у дзірку лемеха, бярэ шахматную дошку і з сябрам знікае. Альяш з сумам азірае натоўп. У напружанай цішыні чуваць звон жаўрукоў, клёкат бусла, пераборы малаткоў у кузні.
А л ь я ш. Я не ўладыка! Надзеньце шапкі, бо прыпякае!
А н т а н ю к. Нічого, пабудзем і так! Бог, Альяш, нават травы ці жыта не зраўнаў, а ты — на прыкмеце ў Госпада!
П а л о с я (з перавязаным вокам). Правазнёс цябе Гасподзь над другімі, а такім заўша пашана! Прабач, што турбуем!
Н а т о ў п. Уваж, столькі мы валакліса, пабудзь з намі!
А л ь я ш. Ат, такая там турбота. Ранак правазіўсо са званарамі. Трэ замест біла бомы файныя павесіць, каб у абедню нават у Крынках было чуваць. Майстры за галоўны шэсць тысяч злотых запрасілі. Гарадскія жулікі — нашаго мужыка разумеюць? Дураць мяне, бытто рысуначкі на званах намалююць. Хто іхнія малюнкі разглядацьме? Трэ каб добро званілі.
М акарыха. А ты, Альяш, не шкадуй грошай на такое дзело, каб адію файныя былі! На ўсіх рысуначкі е! Не скупіса, дай у лапу!
А л ь я ш (чухае патыліцу). Я што думаю? Давядзецца махлярам плаціць — не кляпаць жа цёнгле ў біло!.. Ну, так чаго вы сюды прывалакліса, што хочаце сказаць?
П а л о с я (з перавязаным вокам). Долі няма, Альяшку!
Ж о н к а А п т а н ю к а. Гора такое, што не зальеш і золатам! Мелі адну дачку — бы сонцо, і... (Рыдае.)
А н т а н ю к. Дачку павёз хаваць. Бацюшко за тры злотых не захацеў ісці на могілкі. Няма ўправы на іх. Труну не паспееш у яму апусціць, а поп — мах-мах крапілам, прабумболіць і — дахаты! Толькі грошы злупіць!
М а к а р ы х а. Жызні і ад паноў няма! Апісалі за падаткі ўсенько ды пакінулі нас голымі: ні свіначкі, ні курачкі! Было пару вулляў і тыя на воз пакідалі, гы-гы-гы-ы!.. (Плача.)
П а л о с я. У пас пропаведзі чыталі па-польску. Хто патрабаваў ад бацюшкі чытаць па-руску, паліцыя забрала таго ў халодную, сядзіць!
Бацька в а р'я т а. А я на чыгунцы кастылі забіваў! Загадалі мне католікам стаць. «Хіба, — кажу, — веру, бы кашулю можна мяняць?» А яны — з работы праперлі! Ужэ пад татарынам лягчэй было — той хоць веры не чапаў!
Г а л а с ы. Цяжко, Ілья!!! (Бабкі рыдаюць.)
А л ь я ш (думае, цяжка ўздыхае). Мае вы бабы, мужчынкі, чадо мае! Туліцеса, бы бяздомныя авечкі, не ведаеце, якого Бога шукаці! Папы, кудлы, адно грошы з вас дзяруць! Няма ў іх ніякай веры — прапілі яе, прабалявалі! Аднаму мне верце! Я запалю кожнаму звязду ў сэрцы і агонь напоўніць вашыя душы! Я вас вывяду на дарогу, мяне ніхто не ўстрымае! Кіем удару па моры, вада расступіцца, і вы ўсе пройдзеце за мной па сухім!
Читать дальше