X і м к а. Каб ён у сваім доме, на падворку і ў полі быў пракляты! Каб у яго ад макаўкі да пят ні адной здаровай костачкі не стало! Каб яго вымазалі з кніжкі жывата і ён зажыў з чарвякамі!
X о р а м. Анафема! (Цяжка ўздыхаюць.)
А н т а н ю к. Перастаў да нас народ ісці, усё пайшло сікось-накось! У горадзе чуў— пад Кракавам мужыкі баставалі і паліцыя іх расстраляла зноў з кулямётаў. У Гішпаніі брат ваюе з братам — рэкі крыві пацяклі! Немец туды сваіх салдат папёр, самалёты, а Саветы —танкі! На Усходзе японецу Кітай лезе! У газетах здымкі — шабля ў японца, бы цясак, ля ног галовы навалак — бы качаны капусты. Бо няма такого Саламона, каб сказаў народу — людзі, якого ражна хочаце?
X і м к а. Жах! Калісь Майсею Гасподзь даў дзесяць запавядзей, і з таго часу хоць бы на адну паменшало? Той самы разбой, войны, п'янкі, ашуканство, грахі ды распуста! А камуністам ужэ мало запавядзей!
А л ь я ш. Зноў настае Садом і Гамора ды канец свету!
М а й с а к. А папы разводы ўжэ пачалі раздаваць за грошы! Бацюшкі залатыя зубы паўстаўлялі! Грамаадводы проці неба ўкапалі, радзівы пакуплялі і слухаюць тое, што адно Госпаду дазволено!
X і м к а. Знойдуцца рызыканты — паспрабуюць гаварыць шчэ з небам, думаеш — не?
А л ь я ш. Кара страшная чакае людзей за гардыню. У святым пісанні так і сказано: перад канцом свету брат пойдзе на брата, дачка — проці маці, і тады жоўтая чума свет залье, зямля разверзнецца, а на тым месцы застануцца чорная ноч і сем слупоў дыму!
М а й с а к. У календары пісано пра зацьменне месяца і я сабе падумаў — дай праверу. Прыйшоў вызначаны дзень — точно! Ведалі, што і ў святое пісанне ўпісаць!
X і м к а. Пятрук, як ты можаш спакойна гаварыць пра гэто — канец жа свету ідзе! Белыя пальчаткі папоўны панадзявалі, капялюшы і так пруццо да цэрквы! Дзеўкі ды маладзіцы ліфчыкі панашывалі! У гарадах замест дзяцей багачкі сабачак заводзяць і цванцыкуюць з імі па тратуарах! Іншая адкрыто жыве з палюбоўнікам, а мужык маўчыць! У горадзе ніхто не паважае бабу без каханка!
М а й с а к. Паступово, памаленьку і агорне людзей бяда, факт!
X і м к а. А не шкада табе? Карова здохне і то жаласць бярэ, а тут — свет ідзе прахам!
А н т а н ю к. I звяры выміраюць! Шчэ з бежанства вярнуліса— ласі бегалі, а зара і зайца дзецям не пакажаш! А дрэвы цяпер якія? Рэчкі высыхаюць, то і лясы гінуць! А маладыя якія цяпер? Нос усюды сунуць, рагочуць — бо чортавай пячаткай кляймёныя!
А л ь я ш. Канец усяму ідзе. Я меў відзенне. Ноччу бачу: выскачыў на белым кані архангел Гаўрыіл, затрубіў, небо адразу і распаўзлосо, а людзі, хаты, каровы — зніклі. Застаўсо толькі Вершалін — горад такі, пабудаваны мной на пагорку пад Лешчыной.
Цяжкое маўчанне. Чуваць шахматыстаў.
С т а н к е в і ч. От напалохаў! А гэто — што? (Совае фігуру)
Б а н а д ы к. Ха!.. Хоць ты шышка важная — царкоўны стораж, а мы твайму слану — сякір-башка!.. Ага, язык у цябе адразу дратвай перавязалі? Пагарэў, бы Заблоцкі на мыле!
X і м к а. Ілья, ратуй нас! Ты і відзенне ўжэ меў! Думаеш, Бог зра намякаў? Дальбо, настаў момант, каб ты зноў сваю моц праявіў! Пра цябе ж айцец Рэгіс Мікалай Біблію друкуе, усе моляцца на твае іконы, а па вёсках імя тваё гэтак славяць!
Г а л а с ы. Даўно чакаем святы знак!
А л ь я ш (уздыхае). Сам чую гэто. Намякало даўно... Цяпер, калі людзі сталі рэдко сюды прыходзіць, пачало намякаць часто.
X і м к а. То чаго марудзіш, покуль д'ябельская сіла пачне намі правіць? Толькі страшнае знаменне пакажы!
А л ь я ш. Найперш трэ радзіць Хрыста. Мусім знайсці дзеўчыну на мацер божую...
X і м к а. А — Нюрка з Забагоннікаў, дзеўка — бы ружа!
А л ь я ш. I трэ знайсці мужыка, ад каго яна панясе. (Думае, уздыхае.) Для гэтаго я — застары ўжэ.
Г а л а с ы. Не-е, шчэ не стары-ы, змо-ожаш і гэта... Паспрабуй і пабачыш, што змо-ожаш!..
КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
Злева — домік Альяша, справа — Хімчын. Далей — царква са званіцай. Вакол домікаў бушуюць бабы. Хімка рыхтуе маці божую да святога зачацця. Стыне ў балейцы вада. На лаве — Нюрчына вопратка. Божая маці нацягвае гарадскі ліфчык, шаўковую кашулю з мярэжкамі. Кашулька ўвыдатняе поўныя, бы палавінкі футбольнага мяча, грудзі, такія ж габарытныя бёдры ды крутыя плечы.
Б а б ы (пяюць «Вершалінскі гімн»).
Наша цэрква — незямная!
Тут ўпраўляе херувім!
Гэта цэрква — залатая!
Гэта наш — Ерусалім!..
Г а л а с ы. То дзе яны там, чаму не ідуць, хопіць прыхарашувацца! Няхай, няхай! Прыйшлі, то пачакаем!
Н ю р к а. Слізкая, як вужака! А халодная, бы бляшаная! (З трывожнай радасцю.) Як дурныя жанкі паноў такую бялізну носяць?!
Читать дальше