КАРЦІНА ДРУГАЯ
Вісяць аб'явы. На плакаце — вялізнае факсіміле ад «Зварота Прарока Альяша да Народаў з выпадку Канца Свету». На царкве — жахлівы малюнак: у смале кіпяць грэшнікі, ля іх чэрці з віламі. Перад царквой сцякаюцца на канец свету «альяшоўцы». Людзі здаюць прыёмшчыку грошы. Пераапранаюцца ў свежыя кашулі і сукенкі, кідаюць на траву торбы, лахманы. Да «канца свету» рыхтуюцца грунтоўна, без спешкі, бытта да касьбы ці жніва. Ля іх — камсамольцы. Відны новыя будынкі Вершаліна.
Камсамолец першы. Цётку, так вы — на небо збіраецеса?
П і л і п і х а. Пасмейса, пасмейса!
Камсамолец другі. Уваскрэснуць умерлыя, то куды змесцяцца — іх столькі жыло да нас?! Навыцяжку хібо пастануць, упрытык!
Ж о н к а Антанюка. Бог ім адкрые новыя міры! Зрабіў гэты свет, наробіць шчэ, бо гэто ў яго моцы!
Камсамолец першы. Царква ваша ўзнімецца на неба са званамі, а Вершалін — з каровамі, сабачымі будамі, нужнікамі?
А н т а н ю к. Нехрысці, ваду муціце? Цэнцну зара па тваіх акулярах!.. (Актывістаў выштурхваюць.)
X і м к а (з-пад далоні выглядае людзей). Няўжо з намі болей ніхто не пойдзе? Шкадаваць потым будзеце — позна будзе!
Д а н і л ю к. Перад усямірным патопам людзі елі, пілі ды весяліліса, высмейвалі старого Ноя, калі каўчэг збіраў!..
Камсамолец першы (на авансцэне). Жывыя персанажы з біблейскага патопу! Раскажы каму ў горадзе — не павераць!
Камсамолец другі. Цішэй, шчэ раздзяруць тут нас!.. (Хаваюцца.)
Разадзетыя багамолы ўрачыста кіруюць да Альяшовай святыні. Адпетыя фанатыкі перад храмам кладуцца ніцма на траву, чакаюць ракавой хвіліны.
А н т а н ю к. Глядзі, Соня, дзіця, каб не надто перапалохаласо, калі грымець пачне і зямля валіцца! I сама не бойса! Распачнецца ўся неразбярыха, то стань і — ні з месца! Народу будзе прорва, але нас Бог не кране! А цяпер давай будзем развітвацца! Жылі мы з табой душа ў душу дваццаць гадоў, цяпер давай, бабо... (Цалуе.) Хто ведае, ці ўбачымса на тым свеце?
Жонка А н т а н ю к а. У цябе е грэх які, што ў пекло рыхтуешса? Бо я перад Госпадам чыстая, як слязінка! Так што ў цябе за душой, ну?
М а й с а к (Антанюку). Во, маеш!.. Скажу табе, Іване, калі гэтых бабаў там не аддзеляць ад мужыкоў, то і рай будзе не рай!
Антанюк (жонцы). А гэто, Соня, што ў цябе?
Ж о н к а А н т а н ю к а. Маткі. Буду сабе вязаць там.
А н т а н ю к. У раі вяза-аць?! Здурнела!
Ж о н к а А н т а н ю к а. Воўна з нашых марыносых авечак, надто файная і фарба добро ўзяласа — паглядзі сам!
А н т а н ю к. Не смяшы людзей!
Жонка Антанюка. А я з пруткамі схаваюсо дзе-небудзь за смакоўніцу тую ці пальму і буду панчохі рабіць альбо світар! Бо сумно стане без дзела, Іван! Ну, дзень-два пасплю, а потым?
А н т а н ю к. Ы-ы-ых, што ты выдумала! Нагараваласа за жызню, мы з табой варты лепшаго! Выкінь зараз жа гэту дрэнь!
X і м к а. Іване, дай пацешыцца ёй крыху, яна потым сама выкіне!
Г о л а с. Ой, няўжэ я сваю маму пабачу? Якія яны цяпер? Мама памерлі, а мне было пяць годзікаў— цяпер мае дзеці старэйшыя?
Ж а б р а к. Людзі на небе не мяняюццо. А я ўсё думаю пра бацькаваго дзеда. Шчэ з турэцкай вайны прывёз, кажуць, сярабра збанок і закапаў перад тым, як самого мядзведзь задраў. Я пераараў усё поле!.. Але стары здораво грашыў, зара не спытаеш, бо напэўно — у пекле на самым дне будзе.
Жонка Антанюка. Думаеце, адтуль нельга і да сваякоў выйсці? На мінутку хоць, калі папрасіць добро апостала Пятра, столькі ж не бачыліса!..
Ж а б р а к. Калі ўжэ трапіў туды хто — капут. Ат, цяпер і карысць малая, каб дзед і сказаў! Цікаво просто!..
Жонка Антанюка (да мужа). А як жа я буду жыць на тым свеце: там з'явіцца і твая першая жонка?! Гандзя маладзейшая і ты мяне адразу кінеш! Кінеш, бессаромныя твае вочы! А-а, дак во што ў цябе за душой!..
А н т а н ю к. Пабойса ж Бога, Сонька, што мелеш?!
М а й с а к. Не спрачайцеса! У Евангеллі ад Мацея гаворыцца, што на небе не любяць па-зямному, а прабываюць, як анёлы божыя!
П а л о с я. А мяне разбірае страх, калі падумаю, што трэ ляцець на небо кудысь! Я ж па драбінцы за бялізнай на гару баюсо лезці, а то — над хмары, звёзды і месяц!
М а й с а к. Будзеш, як усе, адна ты такая?
П і л і п і х а. Мілая сястрыца, архангелы возьмуць цябе ў белыя рукі і панясуць, панясуць у нябесныя высі, бы тую каралеву!..
Жонка Антанюка. А ўсё ж такі жуткавато! Чалавек сабе жыў-жыў і тут раптам — у раі! У Гродно ехаць і то страшно!.. Волесь, унь і Палося Канцавая! I гэтая рэзгіня прыперласа, каб спазнаць царство нябеснае!
Читать дальше