Тым часам пайшлі тыдні, месяцы – цягучыя, без працы, без мажлівасці друкавацца. Нарастала трывога. Тут яшчэ першы сакратар гаркама партыі Магільніцкі шапнуў: знайшлі кампрамат на мяне і ўжо даведку пішуць для выключэння з партыі.
Наіўныя людзі ўсёй падаплёкі не ведалі, і народ пачаў усё тлумачыць па-свойму. Тлумачылі чамусьці гэтак, што ўсе мы выглядалі пачварамі.
Раптам папаўзла пагалоска, што Быкаў за сваю творчасць атрымлівае ад амерыканскіх рэзідэнтаў даляры. На Барыса Клейна сказалі, бытта ён у Віцебску раскапаў бацькава золата, захаванае яшчэ ў часы, калі той служыў у Дзянікіна афіцэрам, перавёў у Гародню, дзе Барыса бытта бы і падлавілі на махінацыях. Маўляў, пакуль што вылецеў з партыі, а неўзабаве стане перад судом.
Аднак найбольш фантастычныя байкі пачалі гуляць пра мяне. Дапамог тагачасны сакратар гаркама партыі А.Магільніцкі. У дакладах з трыбуны ён пачаў апавядаць такое, пра што пішуць толькі ў прыгодніцкіх раманах.
Пры сустрэчах з гараджанамі Магільніцкі, які дагэтуль нібыта сябраваў са мной, вёў вольналюбівую гутарку, даваў нават не раз службовую машыну з’ездзіць у аэрапорт па пісьменнікаў, у Друскенікі іх завезці, раптам абвесціў, што я сын мацёрага кулака і здраднік Радзімы. Нібыта ў вайну пры немцах вучыўся ў берлінскай школе дыверсантаў. Затым бытта бы немцы заслалі мяне ў партызаны, дзе я выдаў карнікам атрад.
Пасля вызвалення, бытта бы для маскіроўкі, ажаніўся з дачкой віднага рэвалюцыянера (мой цесць – Альшэўскі, расстраляны сталіністамі ў 1937 годзе, і праўда, быў калісьці сакратаром ЦК КСМБ, у гонар яго ў Менску нават вуліца названа!), а па камандзе ЦРУ я нядаўна вынырнуў з падполля ды пачаў савецкай уладзе шкодзіць.
Такая нагонка неўзабаве дала вынікі. Быкаву зноў пабілі вокны. Ад Клейна і мяне знаёмыя людзі па вуліцы кідаліся ў бакі, бытта бы ад пракажоных. Ніхто больш мне не тэлефанаваў, не дасылаў лістоў, а школы, тэхнікумы ды рабочыя інтэрнаты перасталі раптам запрашаць на выступленні.
У педінстытуце арыштавалі студэнтаў – Раманава Аляксандра, Каленчанку Сяргея і іншых. Іх падлавілі, калі хлопцы на партрэце Леніна намалявалі сімвал «Пражскай вясны», і на допытах пастараліся, каб студэнты прызналіся, што ўсё рабілі пад уплывам выступленняў Карпюка і Быкава.
Цяпер кожны раз на вуліцы я пачаў заўважаць за сабой хвост. Заўсёды паспяваў адзначыць, што высочвалі нашы органы куды прымітыўней, чым рабілі гэта шпікі польскай дэфензівы, а ў часы нямецкай акупацыі – «гегаймсполіцай» (тайная паліцыя). Карцела спаткацца з начальнікам КДБ ды яму сказаць:
– Не так гэта робяць! Больш тонка трэба!.. Эх, за што вам грошы ладныя плоцяць?!.
Крадучыся, спаткалі мяне Валянцін Чэкін, затым Алег Малашанка і расказалі, як іх, гэтых пачаткоўцаў, работнікі КДБ завалаклі на патаемную кватэру горада і дамагаліся, каб абодва мужчыны дакладвалі пра кожны мой і Быкава крок. А Малашанку абавязалі яшчэ падпісаць заяву, што ў творчасці ён таму такі рэзкі, бо начытаўся майго выступлення на V з’ездзе пісьменнікаў БССР...
Адным словам, зажылі мы, бы тыя ізгоі. Часамі, як змоўшчыкі, спатыкаліся дзе-небудзь далей ад людзей ды меркавалі, што ж нам цяпер рабіць.
Нарэшце, ноччу выклікалі мяне на допыт у КДБ…
Следчы Фамін пацікавіўся, якая з маіх кніжак найбольш біяграфічная. І колькі сапраўды было ў бацькі кароў – 2 ці 3, зямлі 18 га ці 32.
Што ў маіх мастацкіх творах насіла характар аўтабіяграфічны, што не, я адразу не так лёгка мог адказаць – на маім месцы заблытаўся б, мабыць, і Шолахаў.
Не лепш было і з другім пытаннем.
У бацькі быў хутар. Сельская гаспадарка – жывы арганізм. Яна ніколі не стаіць на адным узроўні. Усё залежала ад наяўнасці корму, мажлівасці сям’і і кан’юнктуры на рынку. Таму, напрыклад, кароў бацька то прадаваў, то заводзіў больш, чым коней. А пры савецкай уладзе колькасць іх мела прынцыповае значэнне. Па гэтай прычыне, пішучы сваю аўтабіяграфію, я выбіраў наяўнасць кароў з такой лічбай, якая мне не зашкодзіла б, зусім нікога не ашукваючы, калі падыходзіць да справы па закону. Зрэшты, Божа мой, з пункту гледжання глабальнага гуманізму, якая розніца – 2 рагулі ў сям’іціна адну больш? Але ж толькіцяпер я з жахам уяві . сабе, як з такой драбязы, здабытай вось такім функцыянерам, розныя чыноўнікі раздуюць вялікую палітыку, каб мяне дабіць дарэшты.
Я козыр даў ім у рукі сам – трапіў, нічога не скажаш.
Зноў успомніліся часы падполля пры Польшчы ды нямецкай акупацыі. Следчы абудзіў якіясьці старыя душэўныя раны. Страх некуды без следу падзеўся, я нават адчуў асалоду вадзіць яго за нос.
Читать дальше