І што вы думаеце? Наладзілі!
Але нядоўга ў нас праіснавалі на сяле тыя вытворчыя брыгады. У той самай Маскве, дзе і «Октябрь» друкаваўся, знайшліся ў ЦК КПСС разумнікі, якія Гарадзенскі абкам партыі абвінавацілі ў падрыве сацыялістычных устояў, а Мікуловіча за гэта ледзь не знялі з пасады сакратара абкама па сельскай гаспадарцы, – такую пасаду ён тады займаў.
Неўзабаве настаў перыяд застою, а з ім разгул дэмагогіі, пустазвонства ды прынцып паводзін: хапай, хто што можа, бо пасля нас – хоць патоп! Вось тады метастазы разгулу дабраліся і да I.Мікуловіча. Да таго часу ён ужо ў нас стаў першым сакратаром абкама.
Аднойчы ехаў я з Менску ў вагоне з нейкай маладзіцай.
Неўзабаве даведаўся: яна – дэпутатка-даярка, вяртаецца з сесіі Вярхоўнага Савета БССР.
Я пацікавіўся:
– І што там было цікавага?
– Апельсіны ў буфеце! – борзда пахвалілася яна ды паказала на аранжавыя кругляшы ў сетцы.
Я сябе супакоіў разважаючы: што ж, відаць, маладая мама. Выпадкам надарылася аказія набыць ласунак дзеткам, і гэта ёй зацьміла ўсё астатняе.
Пачакаўшы хвіліну-другую, я зноў спытаўся:
– А яшчэ што было на сесіі цікавага?
Яна наморшчыла лобік, успамінаючы:
– Яшчэ?.. Яшчэ...
Бачу, успомніць не можа аніяк.
– Вы ж там, нябось, не гадзіну былі! – дапамагаю.
– Аж два дні!
– Ну? – цягнуў я з яе навіну.
– А яшчэ ў ларку давалі кітайскія кофты, але мне ўжо не дасталіся!
– Не хапіла? Што ж так зявалі?
– Так выйшла!.. Стаяла, стаяла ў чарзе, ужо мая калейка падыходзіла і... Эх, як шкада!
– Ах, ах!.. – падыграў я.
– Ледзь не заплакала ад крыўды!
– Та-ак, не пашэнціла вам...
Знайшоўшы ўва мне цярплівага слухача, маладзіца вырашыла быць шчырай да канца:
– І яшчэ трэба было прысутнічаць дзень на сесіі, але я ўжо не вытрывала!
– Так дамоў цягнула?
– Жах! Хутка ж дзецям у школу ісці, сабраць іх трэба! І я мала слоікаў з гароднінай на зіму накруціла, а сезон гуркоў вось-вось скончыцца! Дый у гэтых гасцініцах жыць не люблю – казёншчынай ад іх аддае!..
Мне раптам падумалася: нічога сабе ілюстрацыя да міфа наконт таго, што кожная кухарка зможа кіраваць дзяржавай! Вярнуўшыся дамоў, зайшоў я і да I.Мікуловіча і, як раней, давай яму з горыччу выкладваць сцэнку ў купэйным вагоне. Маўляў, вось такіх пасланцоў народа выбіраем! А менавіта ад іх залежыць лёс культуры, асветы, здароўя, мова ды быт нашага народа!
Першы сакратар абкама слухаў, слухаў, а затым нечакана абрынуўся на мяне з Быкавым (Васіль Уладзіміравіч жыў тады яшчэ ў Гародні) за тое, што, маўляў, не туды глядзім і бачым не тое. Параіў абодвум добра праштудзіраваць раман У.Кочатава «Чего же ты хочешь?».
–Прачытайце гэтую кніжку абодва, прачытайце! – павучаў, аж чырванеючы ад абурэння. – І там дакладна такія паказаны, што бачаць толькі ўсё змрочным, у багатым савецкім жыцці не знаходзяць станоўчых акцэнтаў! I там такія разумнікі ўсіх крытыкуюць ды вышукваюць чорныя плямы, бытта мала ў нас светлага і добрага!
Дагэтуль мы з Мікуловічам не бачыліся года з паўтара.
Толькі цяпер я на яго твары разгледзеў незвычайную для Івана Фёдаравіча важную самаўпэўненасць, нядобры бляск вачэй і жорсткае раздражненне чалавека, якому наступілі на пальцы. Унь як улада цябе перамяніла!
Пакуль я ад здзіўлення паспеў што-небудзь уставіць, ён напаў на мяне з кпінамі:
– Як вы не адводзіце вачэй ад сваіх твардоўскіх, максімавых, бакланавых, салжаніцыных, гэтак і ў той кніжцы героі ўсё глядзяць і глядзяць на Захад! Глядзяць, не могуць нагледзецца, а сваё ганьбуюць ды бэсцяць! Вы падыгрываеце варожай прапагандзе, льяце на сваё толькі дзёгаць і дапамагаеце ЦРУ! Але ведайце: працоўны народ вас не разумее і зняславіць ганьбай!
Мне было выразна відаць, што чалавек гаворыць не сваё. Як было ў ім усё пераблытана! Нягледзячы на ап’яняючыя поспехі ўасабістай кар’еры, у гэтым прастаку загаварылі раптам тысячы страхаў, бяздумна засвоеных догмаў, лозунгаў і шаблонаў, чым было нашпігавана нашае хворае грамадства.
Не праяўляйце да мяне варожасці сёння, пенсіянер Іван Фёдаравіч, калі трапяць вам на вочы гэтыя радкі, не крыўдуйце і не абвінавачвайце мяне ў няўдзячнасці. Так, вы сімпатызавалі мне і нават шчыра радаваліся маім удалым творам, а па тэлефоне кожны раз не забывалі павіншаваць з Новым годам. Тым не менш, сумныя факты я выношу на грамадскі суд. Раблю гэта не для слоўца і не для таго, каб Вас прынізіць у вачах людзей, а таму толькі, што лінія паводзін людзей, да катэгорыі якіх лёс вызначыў Вам належаць, – дакумент эпохі; дакументы не ўпрыгожваюць, нягледзячы на тое, падабаецца гэта каму-небудзь ці не.
Читать дальше