Вось мы і ў сталіцы. У інтэрнаце на Дабралюбава без клопатаў атрымалі на двух пакойчык. Патэлефанавалі адразу Барысу Мажаеву, які калісьці вучыўся на курсах сцэнарыстаў ды жыў са мной у гэтым будынку таксама, а прыязджаючы ў Гародню з-за свайго нарыса аб вытворчых брыгадах у калгасах Сібіры, надрукаваным у «Октябре», пазнаёміўся і з Быкавым.
Мажаева я даўно не бачыў. Барыс з’явіўся ўжо з раскошнай рыжай барадой ды аж свяціўся бадзёрасцю і аптымізмам. На маю бяду, прывалок каньяк. Югаслаўскі п’янлівы прадукт са стракатымі наклейкамі быў у такім адмысловым і элегантным упакаванні, што аж дзіва брала, – кніжкі б так выдавалі! Сябры адразу ажывіліся. Адкаркавалі бутэльку ды сабраліся правесці цікава рэшту часу, а мне, абсалютна непітушчаму, стала з імі сумна.
Я крыху яшчэ пасядзеў. Калі ж абодва пачалі паўтарацца ды казаць тое, што дыктавала ім віно, павалокся ў калідор. Там адразу наляцеў на Валодзю Сапожнікава – былога курсанта. Адно ў эпоху галоснасці з «Литературки» я даведаўся, што за кулацтва ён перажыў усе стадыі ізгоя і сям’я яго адведала поўны набор сталінскіх жахаў, якія нам, выхадцам з Заходняй Беларусі, і не сніліся. Але ў канцы шасцідзесятых пра гэта яшчэ я не ведаў, бо нашыя курсанты біяграфіі свае тады старанна ўтойвалі.
Хоць былі мала знаёмыя, цяпер калідорнай сустрэчы ўзрадаваліся.
Не ведаю, пра што тады казаў я. Сапожнікаў жа адразу пачаў апісваць, як на яго радзіме адстаўнікі павыбівалі ўшчэнт качак ды лебедзяў, што для «Октября» ён падрыхтаваў пра гэта вялізны матэрыял. Круглатвары, з чорнымі, як смоль, валасамі пісьменнік гаварыў пра гэта падрабязна ды са смакам – пяць, дзесяць, дваццаць хвілін. Я слухаў аднакурсніка, а перажываў сваё.
Былая падпольшчыца з Беластока Ліза Чапнік (Марыся Мразоўская) цяпер працавала ў Разанскім педінстытуце. Працавала разам з жонкай Салжаніцына – Наталляй Рашатоўскай. Муж Лізы, Юлек, меў гараж побач з гаражом Аляксандра Ісаевіча. Беластоцкія сябры завочна і пазнаёмілі мяне з гэтым рускім пісьменнікам. Неўзабаве ён мне прыслаў, каб перадаць Макаёнку, сваю п’есу для друку.
Прачытаўшы, адважны Андрэй Ягоравіч узяўся яе друкаваць у сваім часопісе «Нёман». П’есу ў апошнюю хвіліну давялося здымаць: пастараліся беларускія даносчыкі, якіх тады было ў кожнай рэдакцыі поўна (!). Цяпер я рукапіс прывёз у Маскву, каб вярнуць аўтару.
Мне пашанцавала. У «Новом мире» я сустрэў самога Салжаніцына і рукапіс з каментарыямі перадаў. Разгаварыліся. Мяне вельмі здзівіла, што адмова ў друкаванні п’есы абсалютна аўтара не кранула. Ён гэтак быў упэўнены у сваёй праваце, што са смакам пачаў расказваць пра сябе анекдоты, якія хадзілі па Маскве.
Чаму такім не быць, калі на тваім баку цэлы свет? Крыўдна, хоць ты плач. Як не крыўдаваць, скажыце?
За фанернымі дзвярыма інтэрната гучала ажыўленая гаворка дваіх. А гэтым што? Аднаго абараняе Твардоўскі з усімі «навамірцамі». Другі ў тэатры на Таганцы з самім Любімавым рыхтуе да пастаноўкі «Живого», а кожны масквіч у яго сябар, для форсу чалавек нават бараду адпусціў.
I Сапожнікаў чакае карэктуру. А ў мяне?
Днём Сац з «Нового мира» са шкадаваннем і просьбай прабачыць вярнуў аповесць «За цветком папоротника». Аляксей Кандратовіч з кампліментамі за выступленне на V з’ездзе пісьменнікаў БССР, якое ў рэдакцыю трапіла нават без майго ведама, вярнуў усё, падрыхтаванае да друку. Аднак перад Кандратовічам я не падаў і выгляду. Што мне з іхніх кампліментаў ды спачуванняў? Работы не маю. З партыі выключылі. Сям’я па вушы залезла ў пазыкі. Як вяртацца дамоў з пустымі рукамі? Яшчэ не ўпэўнены, ці там адразу не пасадзяць альбо не выкінуць за мяжу, як іншых: куды мне ад сям’і ехаць? I каб хоць малюсенькая доля праўды была ў тым, што мне інкрымінуюць розныя ульяновічы, фаміны!
Сапожнікаў-дзівак, атрымаўшы цярплівага слухача, усё маляваў злачынствы браканьераў, абзываючы іх «варашылаўскімі стралкамі», а мяне ад адзіноты агарнула такая самота і неспакой, што хоць ты воўкам завый.
Мабыць, вось у такія моманты людзі і накладваюць на сябе рукі. Але мне чамусьці не хацелася рабіць нават гэтага. З пакоя раптам выглянуў Быкаў і загадаў далёка не аддаляцца, бо пойдзем у госці, дзе мяне чакае сюрпрыз.
Прапанова
Неўзабаве рускі барадач, поўны якойсьці здаровай ды ўпэўненай бесклапотнасці, як і яго «Живой», пайшоў, а мяне, ужо надта зацікаўленага, Васіль павёў да свайго сябра – паэта Грышы Куранёва. Там за часопісным столікам з кубачкам кавы ў руцэ чакаў нас галоўны ўрач псіхіятрычкі.
Читать дальше