Самалёт, здавалася аратаму, пайшоў прама на яго. Пайшоў без стрэлаў, убіваючы яго гукам у зямлю. I пад гэтым нясцерпным гукам валы спыніліся, павярнулі адзін да аднаго морды. А Адам падпяў галаву. Ён разгледзеў чорныя крыжы па баках самалёта, срабрыста-белы, як у шчупака, жывот яго. Разгледзеў схаваны над цэлулоідам кабіны ў ахоўных вялізных акулярах твар лётчыка. Выскачыў з разоры і замахнуўся на самалёт пугай. Самалёт узмыў, ірвануўся ў неба, быццам гэтай дзіцячай пугай можна было збіць яго.
А лётчык як ашалеў, ён кідаў і кідаў самалёт на аратага. Сек зямлю кулямі. Араты і валы рабілі сваю справу. I спыніліся толькі тады, калі самалёт, завываючы, знік у небе. Адам кінуў плуг і валоў і, размахваючы пугай, секучы ёю паветра, пабег, пабег у той бок, куды паляцеў самалёт. Бег, падаў, ускокваў, зноў бег, згубіў пугу і не стаў яе шукаць. Выставіў у неба сціснутую ў кулак правую руку, прыціснуў яе ў локці левай і памахаў услед самалёту:
— Вось што табе, падлюга Герынг... а не маю душу...
Вярнуўся, падняў пугу і пачаў аглядацца. Перад ім было ўсё тое ж, знаёмае яму да апошняга каменя поле. Знаёма дыміла наводдаль комінамі вёска, і непаслухмяныя валы стаялі мёртва па ўзгорку, хоць ты іх і забі. І ён біў іх пугай, і кулакамі, і адсечанай кулямі вяршалінкай бярозы. Валы ні з месца. Тады ён заплакаў апошні раз у жыцці, упаў грудзьмі па зямлю, прыпаў да яе зарумзаным тварам, забіў зямлёю нос, рот, біў зямлю кулакамі.
А назаўтра пакінуў вёску, з'ехаў у горад.
I вось перад ім была зноў яго родная вёска. Ён уязджаў у яе, прыціснуўшыся грудзьмі да мармуровага помніка, па ўсё такой жа дарозе.
IV.
Рыгор з болем і з радасцю ўглядаўся ў блізкую вясковую вуліцу. Ён пазнаваў яе і не пазнаваў і не мог зразумець, што здарылася ці то з ім, ці то з вуліцай. На ранейшых месцах стаялі калодзежы. Мо іх было крыху больш, але яны былі амаль такія ж і не такія, да якіх ён прывык. На імгненне ён убачыў адбітак свайго твару ў зялёным кабінным лаку машыны і адразу супакоіўся. Толькі зашчымела-зашчымела сэрца: гэта змяніўся ён, Рыгор Вечка, а вёска засталася нязменнай. Ён старэў, старэла ў яго намяці вёска, а яна амаладжалася. Усхапіліся зелянінай вакол хат сады.
I цешчына хата таксама памаладзела. Ён расчыніў веснічкі і амаль сутыкнуўся са старой. Разгубіўся і не знайшоў нічога лепшага, як толькі спытаць:
— А ці нельга ў вас тут вады папіць? — словы гэтыя вырваліся ў яго самі сабой, і ён тут жа пашкадаваў аб іх. Перахапіла дых, быццам ён бразнуўся вобземлю з каня. А старая нічога не разумела і не пазнавала яго. «Забыла, напэўна,— з ціхім смуткам падумаў Рыгор,— Колькі ўжо год прайшло, колькі год ужо ёй? Бог яго ведае, тут свае гады няма калі лічыць».
Следам за Рыгорам у двор забег Антон. Убачыў старую, стаў паблізу бацькі.
— А дзетка ты мая, і крошачкі матчыныя сабраў,— кінулася да яго бабуля, заабдымала, загладзіла.— Міхаська, Міхаська, родненькі...
— Антон я, Антон, бабуля! — Антон прыпаў да яе высахлага, лёгкага цела.
— Не, не, блытаеш ты, Міхаська, Міхаська — ты. Антон загінуў... Загінула дзіцятка...
Антон не пярэчыў ёй, і не таму, што не хацеў хваляваць старую, не таму, што перахапіла дыханне, а таму, што ён сапраўды не ведаў, як яго завуць. I ніхто гэтага не ведаў... Міхась і Антон — два браты-блізняты. Адзін з іх загінуў, ледзь навучыўшыся хадзіць. Хто? Хто? Бабуля гаворыць: Міхась, а ўсе астатнія — Антон. А ён сам, той, каго клічуць сёння Антонам?
— Ці ты не пазнала мяне, мама? — пытае ў старой Рыгор.
— Як жа, Рыгорка, цябе не пазнаць...
Выйшла на ганак на галасы старэйшая Лукер'іна сястра, амаль такая ж старая і без узросту, як і маці.
— Дзе тут у вас магазін? — спытаў у яе Рыгор, калі ўжо крыху нагаварыліся і паплакалі.
— Ды ты што,— абурылася дачка.— Ды ці я для сваёй сястры пашкадую чаго... Дзякуй богу, пакуль што ёсць свая, як ведала, прыдбала. Сын жэніцца, выгнала трохі... Прабачце, з вамі не паеду. Няхай там сястра не крыўдуе ўжо на мяне, картоплю абганяла, ухадзілася, ног няма. А гарэлкі знойдзем, пасядзіце там, усё каб як у людзей было... А ты, мама, паедзеш? Старая паглядзела на яе з папрокам і пачала збірацца. Яна доўга, вельмі доўга ішла па двары якіхсьці дваццаць крокаў. Рыгор з Антонам потым доўга падсаджвалі яе ў кабіну. А Алесь кідаў у кузаў цэбрыкі, рыдлёўкі, насіў ваду. Нарэшце кранулі. Шафёр ехаў цяпер асцярожна, ціха, бярог старую. I Рыгор быў удзячны яму, бо ўсё імкнуўся аддаліць тую неймаверпа страшную гадзіну сустрэчы.
I вось могілкі. Старыя, лясныя, неабгароджаныя, зарослыя ціпчаком і верасам. Машына спынілася. Пакуль у кузаве раздумвалі, прыходзілі ў сябе, старая хуценька расчыніла дзверцы і была ўжо па зямлі. Заламала рукі і загаласіла, залямантавала:
Читать дальше