Набліжалася вёска. Непрыкметна да самай дарогі падбегла бульбяное поле. Захутаныя пад самы падбародак хусткамі, па полі хадзілі. жанчыны з бляшанкамі ў руках і раз-пораз нахіляліся і штосьці абіралі з бульбоўніку, напэўна, каларадскіх жукоў.
— Спыні! Спыні! — раптоўна ўгледзеўся ў гэтых жанчын і поле Адам, крычаў і махаў рукамі.
Машына стала. Ён лёгка скочыў на зямлю і накіраваўся да ўзгорка, да адзінокай, са ссечанай, высахлай вяршалінкай бярозкі на ўзгорку. Параўняўся з бярозкай, спыніўся, пакруціўся вакол яе і бягом, з усіх ног, кінуўся назад.
— Вось тут за мной і ганяўся той самы падлюка Герынг сказаў Адам Рыгору, калі яны ўжо кранулі далей.
Рыгор не першы раз чуў ад Адама пра Герынга і змоўчаў: цішыні, роздуму прасіла яго душа. І Адам, як зразумеў гэта, павярнуўся да хлопцаў, закрычаў на іх:
— Вы чаго тут сядзіце, як ёлупні, чаго? Трымайце помнік, такая дарога паб'е, патрушчыць усё. Не давезямо, добра трымайце.— І ўчапіўся ў абразкі стальных двухтаўровых бэлек, нібыта тыя маглі разбіцца. Антось па яго прыкладу ўзяўся падтрымліваць дошкі. Яму ўжо даўно было крыху не па сабе. Маўклівасць бацькі, брата і гэтых мармуровых пліт ужо даўно гняла яго, быццам ён сапраўды ехаў у машыне разам з нябожчыкам, сядзеў каля труны. I ён баяўся дакрануцца да каменя, дошак, жалеза.
Алесь напракаў сябе за такія думкі, але і інакш думаць не мог. Да таго ж, ён баяўся, што гэтая мёртвая жанчына можа ўпікнуць яго за такія думкі, ён ніяк не мог пазбавіцца ад адчування, што жанчына тая знаходзіцца побач з ім, стаіць за яго спіной, і абрадаваўся выбуху энергіі Адама...
А сам Адам ужо забыў пра свой загад, устаў, абхапіў пліту і ехаў стоячы, не зважаючы на бясконцыя штуршкі. Рот яго быў скрыўлены ў нямым безгалосым крыку. Ён сапраўды крычаў, але ніхто не мог яго чуць, як ніхто не чуў і тады, каля трыццаці гадоў назад, калі па яго душу прылятаў той самы падлюка Герынг. Тады на гэтым полі не было яшчэ бульбы, нічога не было. Адам толькі араў яго, каб засяваць, рыхтаваў і сам не ведаў, пад што, бо не было чым засяваць поле ў тую далёкую вясну. Пара старых валоў рухалася паволі, Адам сцябаў іх і ўгаворваў і плакаў у разоры. А валы сабе хоць бы ніхто, нават не аглядваліся на яго біццё і слязу, зрэдку накручвалі абрэзанымі хвастамі і ішлі марудна.
Раптам яны ўзнялі галовы, навастрылі вушы і пайшлі самі па сабе спорным, добрым крокам. Адаму нават ужо прыходзілася бегчы за імі. А з-за лесу, з-за хмар выплывалі на поле, накіроўваліся да чыгункі чатыры нямецкія самалёты. Яны нізка праляцелі над Адамам з яго валамі. Адзін, а мо і два з іх сыпанулі па аратым з кулямётаў. I па чыгунцы загрымелі выбухі. Валы пайшлі яшчэ шпарчэй, і хлопчык ледзь паспяваў кіраваць імі, ледзь паспяваў выцягваць з зямлі цяжкі плуг і зноў заганяць яго ў зямлю. Тлустая зямля, даўно не араная, нібыта счарсцвелая луста хлеба, развальвалася пад плугам.
Выбухі сціхлі, самалёты адбамбіліся і вярталіся назад. Яны зноў былі над Адамам з валамі. Дзіўна, але яму ў той час і ў галаву не прыйшло схавацца. Ды і дзе схаваешся — вакол голае поле, адзіная толькі бярозка пасярод узгорка. Самому яшчэ так-сяк, ці то пад бярозку, ці то сунуў галаву пад скібу зямлі, а валы? Куды дзяваць валоў? Гэтая лядашчая пара была амаль адзінай жывёлай у калгасе. Загінуць валы, то што ён мусіць сказаць старшыні, чым апраўдаецца. Не, лепш ужо што будзе.
I Адам ішоў па полі пад далёкія выбухі бомб, а потым і пад блізкія, прызначаныя яму кулямётныя чэргі. Лётчыкі, усе чацвёра, далі па чарзе па ім і па валах, але кулі мінулі іх. Тры самалёты паляцелі сваёй дарогай, зніклі ў небе, а чацвёрты развярнуўся і пайшоў на Адама. Ён быў адкрыты самалёту з усіх бакоў і бездапаможны. I нямецкі лётчык секануў вясновую зямлю кулямётнай чаргой перад самымі мордамі валоў. Тыя спыніліся, Адам штомоцы ўрэзаў іх пугай і, захлынаючыся слязьмі, прыпаў да плуга:
— Пайшлі, ваўкарэзіны.
I валы пайшлі. А самалёт рабіў новы заход на яго. Адам ужо азіраўся, куды знікнуць, а знікаць не было куды, толькі ў зямлю, стаць самому насеннем, зернем. Голая, неўзараная зямля ляжала перад ім. На ёй ужо тры гады нічога не расло, акрамя пустазелля. I неба над яго галавой было чысцюткае, ні адзінай хмаркі, ні адзінай плямінкі. Сонца ды нямецкі самалёт — больш там нічога не было. I самалёт зноў густа сеяў па полі кулі, курэла толькі ўсохлая зверху зямля. I кожная з куль, здавалася Адаму, праходзіла праз яго цела. У яго ўжо не было сілы і баяцца. А нямецкі лётчык, напэўна, паставіў сабе за мэту знішчыць гэтага аратага. Спачатку ён думаў толькі напалохаць яго, пасмяяцца, як пойдуць наўскач валы, як зайцам заскача па полі гэты хлопчык. А яны, можа, здавалася яму зверху, не звярталі на яго ўвагі. А ён, відаць, быў майстрам сваёй справы, гэты лётчык, добрым майстрам.
Читать дальше