— Нашто?
— Каб файна было! Каб мужчыны вачэй не зводзілі.
— Ото распуста! — не ўтрывала свякроў. Яна запынілася тут, у «чыстай хаце», каб паглядзець, як будзе выглядаць на Зосі вясельная сукенка.
Зося скінула блюзку, абсунула на рукі шлейкі кашулі, саромеючыся, схавала аголеныя белыя невялікія тугія грудзі рукою. Галена падала ёй станік, памагла прасунуць яе адну-другую рукі між шлейкамі, накрыла яе грудзі ядвабнымі кружочкамі, сціснула яе цела, зашпільваючы на спіне шлейкі аплікамі.
Грудзіну Зосіну сціснула нібы абцугамі.
— Бачыш! — прамовіла Галена.— Як падняліся! Якія файныя!
— Цісне ж! — паскардзілася Зося, трымаючы кашулю, каб яна не аб'язджала ніжэй гэтага станіка, не агаляла яе белага, што снег, цела.
— Цярпі,— сказала Галена.— От пабачыш зараз, як сукенка добра будзе на гэтым станіку...
Сукенка была яшчэ не пашытая, толькі састрыгаваная. Галена ўссунула яе Зосі праз галаву, абцягнула.
— Бачыш,— правяла па Зосіных грудзях далонню, аж Зося ўздрыгнула ад гэтага дотыку.— Каралеўна! Вот тут падбяром на жываце, тут, пад пахамі, папусцім крыху, як улітая будзе!
— Што файная, то файная дзеўка! — пахваліла Галеніна свякроў.
Дома сёння Зося была паслухмяная, рабіла ўсё, што ні казала маці, i як толькі павячэралі, шмыгнула з хаты. За гумно. Сэрца яе білася часта i дробна, нібы трапяталася, дыханне перасякалася. Здаецца, нават, пазвоньваючы, ляскалі зубы.
Заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй.
— Прыйшоў! — прашаптала i адразу прытулілася да яго. Але ён не прамовіў ні слова, не варухнуў рукою. Стаяў, як той сноп.
Яна ж абхапіла яго за шыю, абсыпала яго шчокі пацалункамі.
— Родненькі мой! — прыгаворвала. — Адзіны! А я баялася: не прыйдзеш! Не захочаш мяне нават убачыць. Як i не ведаеш мяне. Аж ты не такі. Ты лепшы...
Цяжка ўздыхнуў. Здаецца, у яго гэтаксама часта i дробна білася, трапяталася сэрца.
— Абдымі мяне,— папрасіла.— Моцненька. Як i некалі...
— То некалі...— скупа працадзіў, па-ранейшаму не падымаючы апушчаныя рукі.
— Прыхілі! — зноў папрасіла. Ён нібы з неахвотаю прыклаў да яе спіны далоні.— Я ж люблю толькi цябе.
Маўчаў. Здаецца, расхваляваўся, аж падрыгвалі калені i нервова затрымцелі рукі. Яна адарвалася ад яго, падняла галаву i зірнула яму ў вочы. Добра не бачыла ў цемені ix, бо яшчэ заміналі i слёзы, што былі i ад чуллівасці ды хвалявання. Яна прыпаднялася на дыбачкі, ён адчуў гэты рух, прыгнуўся, i яны пацалаваліся. Замёрлі ў пацалунку. Бадай, упершыню за ўсе іхнія ранейшыя пацалуйкі сёння ix вусны былі не стрыманыя, не стуленыя, але растуленыя i соладка цёплыя, нават гарачыя — вусны маладых, што кахаюць адно аднаго, сумуюць без пацалункаў, баяцца, што больш не будзе вось такіх хвілін. Ад шчырага пацалунку Зося адчула полымя ва ўсім целе, сэрца забілася, здаецца, уся кроў хлынула да твару. Яна бліжэй прытулілася, больш авалодала яго паслухмянымі вуснамі, i Янка перастаў супраціўляцца, моцна сціснуў яе, запалымнеў. Відаць, адчуў, зразумеў, што яна хацела сказаць, калі клялася, што толькі яго, бо толькі яго кахае. Можа, ён здолеў забыцца ў гэтую хвіліну, што яна пойдзе замуж за іншага, трымаў яе ў сваіх абдымках, адчуваў праз тонкую сукенку гарсэт, трапяткое яе цела, сэрцабіццё, жар i не думаў ні пра што іншае, бо цяпер розум магло засланіць пачуццё.
— Хадзем...— прашаптала яна, прачыніла дзверы, першая пайшла ў гумно. Ён як сам не свой ступіў за ёю. Не выпускаючы яго рукі (a іхнія рукі былі гарачыя, дрыготкія), зашчапілася i павяла яго далей да цёмнай загародкі, дзе ляжала крыху сена.
Як толькі яны пералезлі цераз застаронак i падышлі да сена, яна, адпусціўшы яго руку, хуценька знайшла загадзя схаваную тут дзяружку, разаслала яе, а пасля нават нечакана для самой сябе пачала расшпільваць перад ім гарсэт, скінула з сябе сукенку. Надзіва, не адчувала ніякага сораму. Наадварот, ёй здавалася, што робіць усё высакародна, чынна, як i трэба, аддзяквае Янку за яго каханне.
— Ляж...— прашаптала разгубленаму Янку, i ён паслухаў, лёг побач з ёю.— Абдымі мяне моцненька.
Ён прытуліўся, але ўжо не парывіста, як нядаўна, a абняў нібы сястру. Нібы шкадуючы. Яна, канечне, не ведала, па маладосці яшчэ не здагадвалася, што цяпер на яго душы. А ён збаяўся ўжо гэтага яе намеру, бо не зусім разумеў яго i не быў у думках падрыхтаваны. Яна адчула, што якраз ёй трэба падбадзёрыць яго.
— Яначак,— прашаптала, тулячыся.— Я ж табе праўду кажу: я толькі цябе аднаго люблю. I толькі цябе аднаго хачу любіць. Ён жа ведаў гэта i гвалтам змусіў бацькоў, каб насваталі яго да мяне... А я i бачыць яго не хачу. Дык i не хачу даставацца яму дзяўчынаю... Бо ён разбіў наша шчасце... Дык няхай... Я хачу быць тваёю...
Читать дальше