— Паспявалі б вы, дзяўчаткі,— папрасіла маці,— некалі ж, калі мы яшчэ хадзілі на «вянок», дык весела было. Паўвёскі прыходзіла пад вокны, каб паслухаць.
Заспявала Волька Сцяпанава, першая Зосіна сяброўка, а цяпер дружка:
Выйшла Зосечка
За вароцейкі,
Стала сабе
Пад калінаю.
Калінку ломіць,
Слёзачкі роніць.
Слоўца не прамовіць.
За ёю, ёю
Мамачка яе.
Стала ў яе пытаціся:
— Дзіцятка маё
Маладзенькае,
Да чаго ж так плачаш?
— Мамачка мая
Родненькая,
Ды як жа мне не плакаць:
Гавораць людзі,
Нашы суседзі,
Што ў вас доўга мне не быць.
— Дзіцятка маё
Маладзенькае,
Не давай людзям веры,
Пайдзі ў садочак,
Нарві красачак,
Сядзь сабе між дзявочак,
Зві сабе, маладзенькая,
Вяночак.
— Не мне ў садочак,
Не мне вяночак,
Не мне між дзявочак.
Прыйдзе Віцочка
У белым цвеце
Ды завяжа мне свецік.
— А мне ж, Зосечка, Уладак так свет завязаў! — прытулілася да яе i ўсхліпнула Верка.— Я й не ведаю, што буду далей рабіць. Паверыла яму, а ён гэтак пацешыўся...
— А мне, думаеш, свет не завязаны? — прашаптала Зося ёй у адказ.— Сама ж ведаеш...
I яны, абняўшыся, пачалі плакаць.
Слухаючы песню ды назіраючы за дачкою i Веркаю, пачала хліпаць i маці.
— О то бабы! — злаваў бацька.— Рвяцё сэрца...
Узяўшы вянок, Волька заспявала ўжо новую песню — «Ой, звілі дый вяночак...». Калі праспявала, аддала вянок гаспадыні. Яна падзякавала i запрасіла дружак садзіцца за стол. Тыя адмаўляліся, маўляў, «ой, не трэба, цёця», але ўсё ж селі. Мішукі хацелі захаваць стары звычай — частаваць дружак, каб не гаварылі, што гаспадары скупыя. Праўда, дзяўчаты выпілі толькі па кроплі, не шмат i з'елі, бо саромеліся тых, што стаялі на двары над вокнамі. Баяліся папроку ў сквапнасці. Канечне, стаяць цяпер над вокнамі i ў Гарбацэвіча. У таго сёння, казалі, будуць гуляць не толькі асістэнты, але i сваякі, важныя янкавінскія людзі — Лядзяш, поп з пападдзёю, Сяргеенкавы, пісар Дзяжко, стараста, Чарноў, паштавік Гарбуковіч, суседзі Нямкевічы.
У нядзелю ўсе ўсхапіліся раненька. Трэба было ўхадзіцца, прыбраць сталы.
Калі кабеты — а да ix зранку прыбегла i Галена — накрывалі стол, Мішук корпаўся ля калёс. Накрываў ix сенам, пасля схадзіў да Міхайлы Чорнага і, як i дамаўляўся, прывалок i ад яго калёсы. Калі выкладаў мурагом, да яго выйшла жонка.
— Я вот што думаю...— сказала.— Усё ж схадзі ў Засценак, пазыч у Драздовічаў боты. Пётрык будзе ў ботах, а ты не, дык... Як парабак перад панам...
— Ведаюць жа ўсе, хто ён, а хто я! Ды не хачу я пазычанага. Лепш горшае, ды сваё, чым добрае, але чужое...
— Сяроўна... Схадзі... Калі сам не саромеешся, дык падумай пра дзіця! Як яму будзе пазіраць? Бачыш жа сам: як нежывое ходзіць i так...
Паслухаў. Калі вярнуўся ад Драздовічаў з ботамi, дык ужо прыбеглі дружкі. Прыбралі стужкамі вобраць, намандрыкі, прывязалі званочкі i хваёвыя ды бярозавыя галінкі да дуг. Пасля прывалілі i хлопцы-дружбакі. Выгаленыя, святочныя, як i не янкавінскія: хто з ix смялейшы, палез у хату, да дзяўчат, хто тоўкся каля яго, Мішука, курыў, жартаваў, радуючыся ў прадчуванні выпіўкі, закусі i вясёлых уцех. Раз за разам зіркалі з двара ў той канец, у Глінішча: ці не едзе малады?
A ў хаце тоўпіліся дружкі i кабеты. Каторых кабет i не прасілі, каб яны прыйшлі так рана. Дык самі прыбеглі, ірваліся памагаць то накрываць стол, то лезлі да печы ці ў кладоўку — хацелі ўсё, канечне, выгледзець i выслухаць.
— Багаты стол! — зыркаючы па талерках з салам, з мясам, сальцісонам, ацаніла Буднічыха.
— Ага, Аршулька, добры. Лепшы, чым летась у Касцюкевічаў быў. Тыя ганарацца-ганарацца, а стол бедны зрабілі...— падтакнула ёй Ваўчыха, ужо не зважаючы, што на днях сварылася з Буднічыхаю на смерць. Дадала да гаспадыні: — Але годзе вам, людзі, кешкацца. Усяго ж хватае ўжо. Вунь якая часіна! Няхай прыбіраюць ужо дзеўкі маладую...
Зося стаяла неяк беспрытульна за станком каля печы, што цяпер, цёплаю парою, дыхала гарачынёю, i нібы не ведала, дзеля каго яны нагатавалі столькі пітва i яды, дзеля каго састаўлены гэтыя сталы, ідзе-шуміць такая бязладная гамана. Яна нават не адчувала ўсяго сэнсу ў тым, што ёй цяпер дружкі запляталі валасы ўжо не ў адну касу, a ў дзве касы — як замужняй кабеце.
— Малады едзе! Малады едзе! — загулі на двары, i ўсе там кінуліся да варот, на вуліцу.— Затрымалі каля Будніка! Перагарадзілі дарогу! Стол вынеслі. Таргуюцца...
Читать дальше