Прамовіла i начала шукаць яго вуснаў. А ён, дзівак, стрымана адказаў на яе пацалунак.
— А грэх? — прашаптаў,— На вялікдзень жа ты баялася граху...
— То тады... А цяпер не баюся...
4.
Апошні тыдзень перад вяселлем Зося ледзьве трывала. Яна не была ні хворая ці слабая. Яна спраўлялася i з мужчынскаю, i з жаночаю работаю — можна сказаць, лепш ды спрытней рабіла за якога хлопца. А тут вось нямелі рукі i ногі, ныла спіпа, трымцела, здаецца, усё ўсярэдзіне, прапаў моцны сон, i яна хадзіла, працавала, збіраючы апошнія сілы. Працуе-працуе, а пасля, калі ад болю, ад стомы аж пацямнее ў вачах, не вытрывае, стане, прыхіліцца да сцяны ці да печы i стаіць заплюшчыўшы вочы ды думаючы сабе: «Нашто, нашто мне ўсё гэта трэба?» Адпачывае, a думкі нібы бягуць-бягуць i ўрэшце вернуцца да таго, пра што яна апошнія дні найбольш думала.
«А што, калі будзе ў мяне ад Янкі дзіця? — трывожылася.— Кажуць, абы паспала дзяўчына з хлопцам, дык i заявіцца дзіця... Ну што ж. Будзе дык будзе. Лепш ад любага дзіця мець, чым ад нялюбага...»
Маці, бачачы яе пакуты, шкадавала, вінавата гаварыла: «Прысядзь, дачушка. Адпачні. I не бяры гэтак усяго да галавы...»
Шмат што выбіла Зосю з моцы i раўнавагі. I напружанне, з якім яна цяпер жыла, i праца. Бацька закалоў свінню (яе яны раней думалі адсадзіць, карміць на зіму, цяпер жа прыйдзецца замест яе пакінуць на кормніка падсвінаку), дык яны з маці рэзалі мяса, прыпраўлялі яго часнаком, кменам, соллю, рабілі кілбасы, варылі печань, лёгкія, сала i рабілі сальцісон; заадно пачалі пячы хлеб, булкі, сухарыкі, варыць свіныя ногі i вушы на квашаніну — лічы, увесь светлы дзень, вечар да цёмнай ночы не адыходзілі ад печы, задыхаючыся ад дыму, чаду i гарачыні, млеючы ад мноства ўсякіх смачных пахаў. I яшчэ было адно, што знядужыла Зосю. Пра тое сорам быў нават думаць. Яна занемагла пасля той ночы, калі спаткалася з Янкам у сваім гумне, сама па сваёй волі аддалася яму. Ён спачатку нібы разгубіўся, а пасля ўзяў яе, узяў з болем, з пакутаю. Назаўтра яна не магла ні нагнуцца, ні разагнуцца, была нібы скалечаная. Але таілася. Як таіла ад маці i тую кашулю, у якой была тады ў тую сустрэчу. Здзіўлялася: чаму ж, калі збліжэнне так баліць, да яго ўсё роўна імкнуцца не толькі дзяўчаты, але i кабеты? Ці ім, кабетам, яно даецца без болю?
Бацька маўкліва i пакорліва памагаў ім, кабетам; меншыя брат i сястра крыху памагалі, але больш таўкліся пад рукамі ў вясёлым настроі (ім хуткае вяселле было вялікай уцехай, i яны загадзя ўжо ўсяго патроху пасмакавалі з яды) ці бегалі па суседзях i пазычалі ў людзей міскі, талеркі, відэльцы, чаркі.
Прыбягала памагчы ім i Галена. З ёю ж яны ў пятніцу, каб не адкладаць шмат работы на апошпі дзень, спяклі вялікі каравай, торт.
У суботу бацька напрыносіў ад суседзяў сталоў, выкінуў з хаты у падпавець ложкі, расставіў у хаце сталы, падправіў, падмазаў калёсы. Спакутаваўся за гэтыя тыдні i ён. Запалі вочы i шчокі. У Зосі нечакана аж паменшала да яго злосці, крыўды, з'явілася спачуванне. Hi для чужога ж, для яе вось так стараецца!
— Колькі ўсяго нагатовілі! — бачачы, што яны зрабілі з маці за тыдзень, здзіўлялася Зося.
— Ох, дачка! — уздыхала маці.— Вот паглядзіш: яшчэ i не хваціць. Людзі цяпер, пасля зімы, пасля работы ў полі, згаладалыя. Будуць есці як не ў сябе... Можа ж, помніш, мы Галену ўвосень, калі ўжо, лічы, усе пачалі калоць свіней, аддавалі, гэтаксама многа нагатовілі, a сяроўна не хваціла. Свяцілі вачыма. А цяпер жа яшчэ лепей трэба старацца... Не можам жа гасцей горш, чым Пётрык, прыняць... Абгавораць людзі... I так у нас вясельных меней будзе...
— Вяселле зробіце — a самі потым зубы на паліцу пакладзіцё...— паспачувала Зося.
— Абы табе добра было. Абы цябе ніхто ніколі не папікаў...— адказвала маці.— А мы неяк ужо выжывем, абы здаровыя былі.
Увечар у суботу прыйшлі дрўжкі — Волька i Верка Чорныя, іншыя дзяўчаты. Спачатку памаглі прыбраць у хаце — выдраць рыдлёўкамі гліняны ток, пашкрэбці пажамі i вымыць сталы, лавы, падаконнікі, а пасля пачалі плесці з травы i лясных кветак для яе вянок, часаць ёй валасы, прыбіралі яе ў вясельную сукенку i ў вэлюм, словам, прыйшлі на «вянок», ці на «дзявочнік», як казалі ў Янкавінах.
Апошнія два гады Зосю запрашалі ўжо ў дружкі, дык яна хадзіла на такія «вянкі», i тыя часіны для яе былі ўрачыстыя, вясёлыя. Яна з нейкаю таямнічай радасцю пляла вянкі, памагала ўбіраць маладую, спявала песні. Але сёння i яна, i адна з дружак, Міхайлава Верка, былі невясёлыя, дык вечар быў сумны. Гэта адчувалі яны i самі, дзяўчаты, адчувала i маці — паходзіць-паходзіць, паглядзіць на ix ды паслухае, а потым складзе на грудзях рукі i замаркоціцца. Маўклівы быў i бацька. Сядзеў моўчкі каля стала i курыў піпку за піпкаю, пазіраючы долу.
Читать дальше