— Дачушка! Зоська! — паклікала маці.
Зося азірнулася: маці стаяла за ёю сашчапіўшы рукі. У вялікіх вачах яе быў страх.
— Дзіцятка! — зірнула з жальбою.— Ды не бяры ты гэтак усяго да галавы. Можа, усё i добра будзе. Лепш, чым ты думаеш.
Прамовіла i, здаецца, зусім утрупела: яна, відаць, чакала, што Зося пачне спрачацца, паракаць ці нервова плакаць, а Зося нечакана нават для самой сябе ўсміхнулася з нейкаю хітрыкаю. Дык маці, відаць, i напужалася, ці не звар'яцела дачка ад роспачы? Колькі ж вунь у песнях пяецца ды людзі расказваюць пра такіх дзяўчат, што вар'яцеюць, сохнуць па сваім любым!
2.
Як i наказвалі некалі дзед i бацька, Ясь Нямкевіч выехаў на поле араць пад ярыну ў загадзя вызначаны дзень. Тыя заўсёды першае ворыва пачыналі толькі ці ў аўторак, ці ў чацвер, a сеялі ўвесну ўсякую ярыну ў той дзень, у які ўвосень выпадаў першы іней ді снег — каб усё добра ўрадзіла. Часамі гэта праўдзіла, часамі i не, але Нямкевіч шанаваў старыя звычаі, помніў, ведаў на ўсе работы свой каляндар. Гной вазіў толькі на поўнюо, бо, лічыў, вывезеш на сыходніх днях — не абярэшся потым ад пустазелля. Каб добра ўрадзіла, стараўся не пачынаць сеяць першы, чакаў, калі пасее сусед. Пакуль увесну не пасеюць ярыны, дык не забіваў у зямлю i кала, каб зерне не забілася, узышло. Калі араў каля хлява, дык асцерагаўся зачапіць плугам будыніны — каб не калолася быдла, не грызліся свінпі... Словам, меў сотні вось такіх прыкмет, не вельмі, праўда, гаварыў пра ix уголас, але людзі ўсё роўна адчувалі, што ён робіць усё «па навуцы», дык пільнаваліся за ім.
I сёння, гледзячы на яго, шмат хто выехаў араць. Сусед, Гарбацэвіч, гэтаксама. Падсохлае ўжо, выветранае шэрае поле ажыло; на ім тужыліся i коні, i людзі, адчуваючы хваляванне i радасць ад работы, якой даўно ўжо чакалі. Хто-хто, а вясковы чалавек такі: стамляецца, падрываецца, старэе ад работы, a ўсё роўна нічога больш на свеце не любіць, як яе.
Ясь Нямкевіч лёгка ішоў за плугам, убіраючы ў сябе цёплы i хмельны пах свежай зямлі, адчуваючы ў руках, здаецца, яшчэ маладую сілу. Ён добра ведаў сваё поле. Знаў, дзе можна заглыбіць плуг, бо там i чорная зямля глыбока, i няма каменняў, знаў, дзе трэба прыпадняць нарог, бо там жоўты пясок i вялікія, якія не зрушыш з месца, камяні.
Даараў да самай мяжы — да Касцюкевічавага шнура. Завярнуў каня, пусціў плуг у зямлю i прыпыніўся. Не, не адпачыць. Пачакаць сына, Янку. Той хадзіў па ворыве i збіраў у кошык каменне, насіў яго над ігрушу. Ясь любіў, каб поле было чыстае, каб на ім не было ні вялікага, ні малога камення. Хоць колькі ты ні збірай, таго ўсё роўна хапае. Адзін бог ведае, адкуль яно бярэцца. Нібы расце, як грыбы.
— Можа, ты паарэш? — сказаў, калі сын падышоў да яго. Той хацеў прайсці i не падняць нават галавы. Сярдуе, што ў свой час не дазволіў паехаць у сваты да Зосі Мішуковай, перажывае, што тая ідзе замуж за Гарбацэвічавага Віцю.
Ясь адчуваў сваю віну. Праўда, апраўдваў сябе, сваю задуму ажаніць Янку з Гарбацэвічавай Анелькаю, бо той будзе пасля гэтага гаспадар на ўсю вёску, але ўсё роўна адчуваў i няёмкасць: як-ніяк, а пакрыўдзіў, не ўважыў, быў жорсткі. Адно, што суцяшала яго, дык гэта тое, што Гарбацэвіч апярэдзіў, паслаў сватоў да Зосі. Ён колькі разоў апраўдваўся гэтым, але не апраўдаўся, бо i сыны, Янка ды Алесь, i дачка ды жонка ўпотай зацяліся па яго. Нібы ён непрыяцель Янку. І ў хаце ix запанавала маўклівая няшчырасць, непрыязнь.
— Паары, а я пазбіраю... — сказаў.
Янка моўчкі паставіў долу кошык i пайшоў на яго месца. А ён падаўся да каня, нібы перавязаць пастронкі. На самай справе хацеў пагаварыць.
— Ары як трэба, не толькі абы чорным дагары. Рабі ўсякую работу як след, з душою. Зямля як i кабета, лашчыш, любіш, трэшся, мацаеш — падатная, падзяклівая. Не глядзіш, абы-як паводзішся — злая... Дык зямлю трэба любіць і шанаваць. Яна ж карміцелька наша. I корміць, i поіць, i адзяе. He любіш зямлі, не аддаеш ёй душы — не гаспадар ты...
Янка слухаў бацьку i маўчаў. Сёння ён не вельмі браў да душы, да розуму бацькаву навуку, бо чуў яе ўжо i раней часта, згаджаўся з ёю i ведаў, што якраз па ёй i будзе жыць. Цяпер жа, калі зірнуў на высокую старую грушу, успомніў адно лета, жніво. Тады маці зрабілася кепска, яна ўпала, страціла прытомнасць. Ён прынёс яе да грушы, у цень, куды неўзабаве збегліся i ўсе кабеты з поля. Сярод ix была i Зося. I яна тады неяк вельмі ж незвычайна, са шчырасцю, са спачуваннем, нават з нейкаю любасцю пазірала на яго, i той яе позірк узварушыў яго душу, помніцца i цяпер i, мусіць, ніколі ўжо не забудзецца...
Читать дальше