— Прыбірайся, Зоська,— сказала маці. Яна гэтаксама ўжо вымылася, тут жа, пры кабетах i дзяўчатах, скінула з сябе старую спадніцу, блузку i, дастаўшы з куфра, усцягнула на сваё поўнае цела сінюю, лічы, дзявочую, сукенку, абула туфлі i пачала прычэсваць разбэрсаныя, мокрыя на лобе ад поту валасы палавінкаю старога грэбеня.
Зося саромелася ўбірацца тут жа, пры чужых людзях. Ёй здавалася: тыя толькі кінуць на яе позіркі i адразу ж здагадаюцца, што яна ўжо не дзяўчына. Учора ўвечар, як пайшлі дружкі дадому, яна пры маці мылася ў начоўках i ўвесь час сядзела нібы на іголках: здавалася, на яе сцёгнах захаваліся сляды парушанай цнатлівасці.
Рашыла цяпер спажыць даўні звычай, што быў у Янкавінах: убірацца перад вяселлем, перад прыездам маладога, у чужой хаце. Дык цяпер шапнула Верцы, узяла з сабою белую сукенку, вэлюм i белыя туфлі, i яны з Веркаю пабеглі сценкаю ў хату Міхайлы Супраневіча.
Настуля i Міхайла, нявесткі былі дома.
Схаваўшыся за стаяк, Зося пачала ўбірацца.
— Адкупіліся ўжо!— сказаў Міхайла, пазіраючы ў акно.— Прыехаў малады!
Неўзабаве i тут пачулася музыка: гармонік, скрыпка, цымбалы, бубен. Жаласна гэтая музыка рэзнула па Зосіным сэрцы. Без радасці, з якой яна слухала такую музыку на чужых вяселлях.
Праз колькі хвілін сюды ўжо шыбавалі асістэнты i дружкі — па маладую. З імі былі i Зосіны брат i сястра, Казік i Юзя.
— Дзе тут схавалі маладую? — уваліўшыся ў хату, загукаў Антон Емельяновіч.— Аддавайце! Яна ўжо нам трэба!
Верка вынесла з-за стаяка i падала яму вялікую, скручаную з падушачкі, дзяругі ды хустак ляльку:
— Вот маладая! На!
— Хіба гэта маладая! Гэта старая баба. Нам трэба жывая, маладзенькая i файная.
— За маладзенькую i файную, братка, трэба многа заплаціць! — улез у гаману Міхайла.— Выкупі...
Патаргаваўшыся, Антон мусіў i гаспадарам, i Зосіным меншым брату i сястры даць цукерак. У гэты час Зосіны дружкі прышпілілі да пінжакоў сваіх асістэнтаў, на левы бок грудзін, белыя стужачкі з зялёнаю рутаю. Хлопцы давалі ім за гэта цукеркі, спрабавалі абдымаць — у хаце, як i заўсёды на вяселлі, стаяла вясёлая тузаніна i гамана.
I толькі яны збіраліся выйсці з хаты, як ix запыніла гаспадыня.
— Пачакайце,— сказала яна.— Надта скора забываецеся на старыя звычаі. Няхай во маладая пасядзіць на пасадзе,— i паднесла да Зосі дзежку, накрытую вывернутым кажухом.
Зосі няможна было ўжо садзіцца на дзяжу. Але як не сядзеш? Ад языкоў тады не абярэшся.
«Ці ведае што? — зірнула на Настулю, здаецца, чырванеючы.— Можа, падгледзела?»
Тая хітра ўсміхалася. Зося павагалася i села.
— Вот так, дзеўкі, каб усе замуж выходзілі! — сказала Настуля.— Цэлыя i нечапаныя!
— Не заўсёды так i бывае...— усміхнуўся Miхайла.
Пасля ўжо, калі вялі пад руку асістэнты, а за імі парамі, дружка ca сваім асістэнтам, ішлі на вулщы, твар у Зосі гарэў.
Каля хаты скўпіліся калёсы з коньмі. Дугі, аглоблі, драбіны былі ўтыканыя бярозавымі галінкамі, дзеразой. Як коні трэслі галовамі, дык звінелі шаламкі. Люду-люду было каля двара.
Маладога тут ужо не было. Яго, відаць, ужо сустрэлі бацька i маці, запрасілі ў хату. На дварэ толькі тоўкся Уладак. Трэба было, каб i ён, як першы Віцеў асістэнт, ішоў па яе, але во не пайшоў. Пэўна ж, збаяўся Міхайлы. Як убачылі працэсію, музыканты зайгралі, ашаламляючы сваёю музыкаю. У Зосінай галаве нібы ўсё паплыло-паплыло.
— Якая файненькая! — хтосьці з кабет прашаптаў ёй услед, калі яна, апусціўшы вочы, ішла па двары ў хату.— Даўно ўжо ў нас не было такой пагляднай маладой!
— Як галубка!
— Але вароне дастаецца...
— Сама ж захацела... На багацце пагналася...
«Соль вам у вочы, дзяркач у зубы!» — як i вучылі ўчора маці ды Галена, падумала яна сама сабе, крыўдзячыся, чаму ўсё ж такія злыя людзі. Хай бы хто i паспачуваў бы. Пазірала, цікавала, ці ёсць у Віцевай дружыне Янка i Кастуся? Кастуся ёсць, а Янкі няма. Значыць, адмовіўся. I добра. А то ні ёй, ні яму не было б як падняць вочы.
— За каго пайшла!..— дагнаўшы, зашаптаў на вуха Уладак.— Я цябе ўзяў бы...
— Дык чаму ж не ўзяў? — зазлавала.
— Дык ты ж з гэтым блыталася... Каб не ён, дык я... Але ж i хітрая: з адным буські, а за другога замуж...
— A хіба блага? Хіба Віця за вас горшы?
— Дык ты што, па сваёй ахвоце ідзеш? — здзівіўся.— Кажуць жа, бацька сілком цябе прэ...
— Сама іду. Ніхто мяне не гоніць. I толькі за яго. Нi за кога больш не хачу. I за цябе — такога красуна таксама. А ты не выскаляйся вот, a глядзі: не возьмеш замуж Верку — заб'юць Чорныя...
Читать дальше