— Божа пречістый i всея тварі содетелю...— казаў ён не то зразумела, не то незразумела, i гэта пабольшвала загадку таго, што адбываецца.— Іже раба твоего Авраама благословівый i разверзый ложесна Сарріна... іже Ісаака Ревеце даровавый... Подаждь рабом твоім сім Вікенцію i Соф'і жівот мірен...
«Здаецца, пра нас ужо кажа...— устрапянулася Зося.— Відаць, злучае нашы сэрцы...»
— ...долгоденствіе,— гаварыў далей, нахіляючыся i зазіраючы ім у вочы. Здаецца, з хітрыкаю, нібы ўсё ведаў, што на яе душы,— целомудріе... сподобі я відеть чада чадов...
«Здаецца, пра дзяцей кажа!..— апякло пранізліваю здагадкаю.— Можа, на споведзі мне трэба было яму прызнацца, што іду за Віцю не дзяўчынаю? Ёсць жа тайна споведзі... А то...»
— ...і дажді іма от росы небесныя свыше... імполні домы ix пшеніцы, віна i елея... возвысі я яко кедры ліванскіе...
Дзяк Дземідовіч, што стаяў ззаду, камандаваў, i яна, як i Віця, паслухмяна ўсё рабіла, гаварыла, па знаку надзявала Віцю пярсцёнак на яго тонкі, нібы дзявочы пальчык, а ён — на яе, здаецца, таўсцейшы палец. Пасля, нягледзячы адно на аднаго, пацалаваліся. У Віці былі сухія i халодныя губы.
«Вось ужо i замужняя, як птушка ў клетцы...— думала i з горасцю, i ў той жа час з нейкім дзіўным суцяшэннем, ідучы з Віцем з царквы,— Не Мішук ужо, a Гарбацэвіч...»
Узрушаная, як сама не свая, ехала з Віцем на адным возе дадому, дзе ix удваіх ужо сустракаў з хлебам i соллю бацька (маці па даўнейшаму звычаю спатыкала ў вывернутым кажуху, з векам ад дзяжы, на якім гэтаксама быў хлеб-соль i чаркі гарэлкі. Паблаславіўшы i павіншаваўшы, яна падняла века — i яны ішлі ў хату пад ім: гэта — каб яны былі роўныя, «параўняліся векам»), пасля сядзела на покуце пад абразікам, пазірала, як спраўна пілі i елі дружкі i асістэнты, іхнія госці: выгаленыя, падстрыжаныя, ад таго з белымі патыліцамі i скронямі мужчыны i ўбраныя кабеты, па ix камандзе, калі крычалі «горка!», падымалася i датульвалася да так i не пацяплелых вуснаў свайго мужа. Час ад часу яна пазірала на маці. У той, здаецца, не было сёння радасці, была на твары засяроджанасць. Забярэ са стала пустую талерку, прынясе новую, крышку ўсміхнецца некаму, тое-сёе адкажа, а сама зноў ідзе ў кладоўку. Зося адчувала: выходзіць ужо ўсё, не хопіць да канца вяселля. Бо i праўда, людзі добра ядуць.
Калі ўсе пазней загудзелі, прыйшлі «пяўчыхі». Сёння сярод ix не было Янкавай маці, галасістай цёткі Анці. Былі толькі Марыся Драздовіч, Аўдоля, Фроня Чорныя — надта здатныя на песні кабеты. Без ix не абыходзіцца ні адно вяселле. Не сват, а Лядзяш запатрабаваў цішыні.
Пяўчыхі заспявалі:
Да свацейкі, да галубачкі,
Не смеем вас спытаці,
Ці добрая ў вас зямліца
Ды ці родзіць у вас пшаніца.
Дай, свацейка, караваю,
А не караваю — пірага.
Возьмем вала за рогі,
Сівую кабыліу за грыву,
Павядзём яе ў адрыну,
Адсячом хваста палавіну.
— Надта скора вы захацелі караваю!— не паддалася свацця Салвэсіха.— Яшчэ саспявайце.
Тыя саспявалі яшчэ некалькі песень. Вось тады Салвэсіха падала ім свой каравай. Тыя ўзялі, але пасвойму аддзячылі:
Дзякуй, свацейка, за каравай,
Харошы, бяленькі,
Толькі ганьба,
Што маленькі.
Да каравая Мішучыха дала пяўчыхам гарэлкі, закусі, i тыя неўзабаве зніклі. Пайшлі да некага баляваць.
Застолле гудзела.
— Сядзь з намі...— прыставаў да Мішука сусед, Міхайла Супраневіч,— Сам гаспадар пакажы пуць, як гарэлку п'юць!
— Перш налі чарку, а тады дай на парку,— усміхнулася Міхайлава жонка, Настуля.
— Не саромейся, сусед,— адказваў Мішук.— Што пастаўлёна — тое блаславёна.
— Ды я госць беспрынукны, не люблю марыць гаспадара...— адказваў Міхайла, ласы на гарэлку, i выпіваў яшчэ чарку, паказваў, што чарка пустая.— Я такую моду маю: да дна выпіваю. Не хачу зла астаўляць на дне.
— У п'яніцы адгаворак хваціць...— усчувала жонка.
— Не той п'яніца, хто п'е,— сыпаў i сыпаў жартамі Міхайла, закусваючы,— а той, хто міма рота лье...
Мішук адыходзіў — да другіх гасцей. Найперш — да Ледзяша. Пытаўся, што яму трэба.
— Хораша! — адказваў той.— Усім задаволены.
«Яшчэ б не быў задаволены!— думаў Мішук,— I п'еш, i трэш як млын!»
Праз нейкі час уладу захапілі музыканты, сталі пасупраць маладых.
Зося ведала: ix падагнала маці, каб яны сыгралі свой «марш», каб пасля ўсе пачалі дарыць. Падораць — можна i выбірацца з хаты. А раз падганяе маці — значыць, на сыходзе гарэлка i закуска.
Читать дальше