Фатографка як бы мімаволі ўстала і наблізілася да клеткі, адкуль на яе глядзелі ўважлівыя шэрыя вочы.
- Звер, скуголіў ты так, бо ведаў,
Што ў мяне, пяшчотнай такой,
Столькі жорсткасці воўчай гэткай,
Колькі ўлады ёсць над табой.
Багуслава наблізілася ўшчыльную да клеткі і ўзялася за краты. Пісталет адцягваў кішэню кардыгана.
- Не здыму я з цябе, ваўчышча,
Зачарованы ланцужок,
Каб вярнуўся ў сваё аблічча,
Каб ізноў да людзей прыйшоў,
Каб устаў, малады, прыгожы,
Засмяяўся, пацалаваў...
На Купалле так лёгка можна
Заблукаць між высокіх траў...
Словы злавесна гулка раздаваліся пад нізкімі зводамі сутарэння, быццам гучала старажытная замова.
- Не! Забуду пераступіўшы,
Праз пакуту тваю - на ўсё.
Як свяціліся, быццам вішні,
Вочы, поўныя воўчых слёз,
Як стагнаў ты, не змогшы болю,
І завыў на мае сляды.
І кацілася рэха полем
У далёкія гарады...
Апошнюю страфу Багута прагаварыла амаль шэптам, углядаючыся ў свайго звера:
- І каціліся з неба знічкі,
І вянкі па рацэ плылі...
Ты ў ваўчыным жывеш абліччы,
Мой... адзіны... на ўсёй зямлі...
Ён ўстаў і паклаў гарачыя далоні паўзверх ейных, што сціскалі халодныя прэнты.
- Я ж табе гаварыў, не набліжайся... Гэта небяспечна...
- Я ведаю.
Пацалунак скрозь краты, з якіх ты вольны выйсці - усё роўна што ананасы ў шампанскім... Прыгожа да манернасці...
- Нагадвае сцэну з оперы... - з некаторай няёмкасцю прамовіў Каганецкі, які, адарваўшыся ад вуснаў сваёй магчымай забойцы, адразу ж адыйшоўся, прытуліўся спінай да халоднай сцяны. - Прабачце... Сам парушыў правілы бяспекі. Думаю, лепей будзе памаўчаць, каб не правакаваць нешта падобнае.
- Добра, давайце памаўчым, - нягучна згадзілася Багуслава, якой таксама было няёмка. Урэшце, яна не сентыментальная дзяўчынка, і не такое яшчэ бачыла ў жыцці, каб перажываць з-за неўрастэнічнага арыстакрата, які спрабуе вызначыць, вар’ят ён ці не. Няшчаснаму жаўнеру, якога прыгаварылі з-за нязначнай правіны да шпіцрутэнаў, такія б праблемы!
Багуслава зноў уселася на сваю скрынку, прытулілася спінай да калоны... Тут было так ціха... Як у чэраве біблейскага кіта, які праглынуў прарока Іова за тое, што не хацеў ісці прарокаваць смерць грэшнаму гораду. Дзесьці ішлі дажджы, выў вецер, злодзеі задумвалі свае нядобрыя подзівігі на пагібель добрым людзям - а тут было ціха... Так, што Багуслава нават задрамала.
Пабудзіў яе стогн... Ці рычанне?
А-ёй, гэта ж не адна гадзіна прамінула... Што там робіцца з яе паднаглядным?
Багута зняла з крука лямпу, падкруціла як мага болей кнот, каб дадаць святла, і паднесла да клеткі. Граф ляжаў на спіне, проста на камянях, павярнуўшы набок галаву, заплюшчаныя вочы пад павекамі круцяцца... Вось - зноў стогн скрозь зубы... Нейкі... нечалавечы?
А раптам ён сапраўды ператвараецца ў звера? У пачвару? Багуслава разумела, што гэта глупства, забабоны, графская манія, але... На хвілю нават захацелася, каб тут быў Ніхель, рацыянальны, рашучы, нязломны... Што ж рабіць? Зразумела, Варакса строга наказаў - што б ні здарылася, графа не прыстрэльваць... Пакуль не ажэніцца. Вось ажэніцца, выправіць пашпарт - тады хоць скуру з яго лупі на дыванок.
І ўсё-ткі... Раптам...
Пакуль яшчэ не лапа, рука: роўна падстрыжаныя пазногці, пальцы прыгожай формы, але не слабыя, і здрапаныя па-пралетарску - ясна, столькі стодаў пасек граф уласнаручна за апошнія суткі... У куточках вачэй намеціліся зморшчынкі... Адна, глыбейшая - між броваў, густых і прамых - такія бываюць у людзей, якія не ўмеюць хітрыць. На ўпартым падбароддзі ўжо, здаецца, прабіваецца шчэць... Ці поўсць?
Каганецкі зноў застагнаў-захрыпеў і адвярнуўся да сцяны. Спіць? Перакідваецца ў звера? Ці... памірае? Мінулай ноччу ледзь не памёр жа! А раптам і сёння трэба даць яму ўкол? Ну чаму Ніхель пра гэта не падумаў...
Нешта зусім ціха ляжыць... Дыхання амаль не чутно... Не чутно?
Багуслава доўга не раздумвала, ключ двойчы павярнуўся ў замку, і вось яна ўжо ў клетцы са зверам.
Фатографка паставіла лямпу на камяні падлогі і нерашуча схілілася над мужчынам. Зноў яна разглядае яго, вывучае з нейкай хваравітай цікаўнасцю... Быццам першы раз у жыцці ўбачыла іншага чалавека. Здавалася, за сузіраннем гэтага зусім не класічнай прыгажосці аблічча Багуслава магла праседзець вечнасць... Як углядаючыся ў плынь вады ці ў танец полымя.
Вядома, чалавек заўсёды знойдзе, як сябе апраўдаць. Я гэтага хачу, значыць, мне гэта трэба, а раз мне гэта трэба, я гэтага дамагуся.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу