ЛАНЦУГ
На панадворку сабакі: на ланцугу.
Яны адважныя — дакуль дазваляе ланцуг,
куслівыя — дакуль дазваляе ланцуг,
брахлівыя — дакуль дазваляе ланцуг,
i злуюцца яны на ланцуг таксама — дакуль дазваляе ланцуг.
Наводдалі, вакол ix, блукаюць ваўчыныя зграі.
Яны прынюхваюцца да сабак, прыслухоў-ваюцца да сабак, але бліжэй усё роўна не пад-ступаюць:
не дазваляе ланцуг.
ТАНЕЦ З В УЖАКАМ!
Змаганне захоплівае мяне: яно разнявольвае ўсе мае здольнасці, яно абуджае ўсе мае сілы, яно становіцца танцам, яно становіцца святкаваннем, яно тчэ з маіх рухаў свой непаўторны ўзор.
Я ашчаджаюся ад яго. I чакаю яго.
А з мора ўжо вынырнулі дзве вужакі — дзве неспатольныя пометы.
Яны апантана накідваюцца на мяне, абкручваюць слізкімі шчыльнымі звівамі, пстрыкаюць джаламі ў самы твар...
Я аддзіраю ix ад сябе, я душу ix рукаMi, тапчу нагамі, кручуся, уюся, крычу...
Навокал, з усіх бакоў, збіраюцца гараджане.
Нібыта прыцягнутыя магнітам, яны глядзяць на мой адчайны міжбой, на мае пагібельныя вымогі...
— Якое відовішча!..— у захапленні, я чую, гамоняць яны.—
Мы першы раз назіраем такі напружаны рытм,
мы першы раз бачым такі выкшталцоны танец.
ПАСТКІ
Каб не баяцца хадзіць у лес, панастаўлялі аднавяскоўцы ў лесе ўсялякіх пастак: на рысь, на ваўка, на дзіка, на мядзведзя...
Пайшоў Сымон паглядзець, што трапіла ў яго самаловы,— трапіў у нейчы сам,
пайшоў Тарас паглядзець, што трапіла ў яго петлі,— заблытаўся сам у нейчай,
пайшоў Дамінік паглядзець, што трапіла ў яго ямы,— нібы скрозь зямлю праваліўся, кудысьці прапаў...
I пачалі яшчэ горай людзі баяцца лесу:
водзяцца там ваўкі,
водзяцца там дзікі,
мядзведзі,
рысі
i — пасткі.
ДУБОВЫ ПЛОТ
Я рухаюся ўздоўж плота — i плот рухаецца ўздоўж мяне,
спыняюся перад плотам — i плот спыняецца перада мной...
Ён побач, але калі я спрабую ступіць да яго бліжэй — адступае.
З таго боку плота ў доўгай зрэбнай кашулі ходзіць мой дзед. Ён па-змоўніцку мне махае рукою: «Хадзі сюды — я адкрыю табе таямніцу жыцця...»
Але паміж намі дубовы плот.
На кожнай штакеціне плота — бязмоўная дзедава галава.
* * *
Што прымушае нас незаўважна пераходзіць з гадзіны ў гадзіну, з дня ў дзень, з года ў год i не дазваляе спыніцца?
Рэчка цячэ — i знаходзіць дарогу да мора,
дрэва расце, урастаючы ў час i прастору,
i адкрывае ў сабе, жывучы, чалавек неабсяжнасць, дзе свеціць новае сонца i новы сэнс.
Нешта глядзіць на мяне маімі вачамі,
слухае, што я кажу, маім слыхам,
думае пра жыццё маёй думкай...
А на драўляным парозе сядзіць нядужы стары чалавек, яму ўжо цяжка выходзіць з хаты i ў хату вяртацца — цела ўвабрала ў сябе свой шлях i стала само парогам: што чалавеку дапамагае, урэшце, пераступіць i праз тэты парог?!.
Паспелі зярняты — i адшукалі глебу, a пас-пявалі — туліліся да сцябліны.
Крычу — адгукаецца рэха.
Маўчу — адгукаецца ціша.
Заходзіць сонца ў мой сон.
I час, як рэльеф невядомай мясціны, свед-чыць, дзе ёсць мы i дзе нас няма.
ПАДАРУНАК ХРОСНАЙ МАЦІ
Хросная маці аддае мне свой падарунак. Гэта люстэрка. Я спрабую ўгледзець у ім сябе, але дарэмна. Яго паверхня зморшчаная i цьмяная, быццам чыясьці далонь.
— У ім жыве Бог,— кажа хросная маці,— i некалі ты яго ўбачыш...
Здараецца, люстэрка яснее, зморшчыны разгладжваюцца — i тады мне відаць то птушка, якая ляціць, то паставы людзей, то абрысы незразумелых рэчаў...
Я губляюся ў меркаваннях: магчыма, я ўжо бачу Бога, ды толькі не ведаю, што гэта ён.
АСКЕПКІ
Люстэрка, у якое я бачыў сябе, расцялася на аскепкі —
i кожны аскепак расказвае мне пра сваё,
i кожны гаворыць ca мной па-свойму...
У адным — сціскаючы шчыт i меч, я ваюю на полі бою,
сяджу на ўзбярэжжы вялікай ракі — у другім,
у трэцім — кляновай сахою ару палетак,
праз урвішчы i кустоўе ўцякаю ад насцігачоў — у чацвёртым,
у пятым — схіляючыся ля горна, сплаўляю серу i ртуць...
Я спрабую злучыць аскепкі ў адно, але пярэчаць сколы, спрабую ўсіх гэтых — такіх разнаісных — людзей пазнаёміць паміж сабой, але не дазваляюць краі...
Ты, загнаны ўцякач, за кім небяспека цікуе хціва,
ты, засяроджаны ў позе лотасу ёг,
ты, руплівы ратай,
ты, рымлянін ваяўнічы,
i ты, чарадзей-алхімік,
хіба вы нічога-нічога не ведаеце пра мяне?!.
Я той, хто стаіць проці вас, i ўзважвае вашы жыцці, i пераходзіць з аскепка ў аскепак, не ранячыся аб краі.
Читать дальше