Я б'ю па парозе нагою — з яго сыплецца парахня.
Але гэткі ён толькі зверху, далей ён трывалы, далей ён моцны — i шашаль яго не стачыў, i цвіль яго не збуцвіла,
— О, яму безліч гадоў,— кажа брат.— I высечаны ён з дрэва, якога цяпер няма ўжо,— ca шчырага дрэва, i высечаны людзьмі, якіх гэтаксама няма...
Мы не ўваходзім у хату: у ёй жылі нашы дзяды, у ёй жылі прадзеды нашы, а мы стаім на парозе, на шчырым парозе, i адчуваем, што мы гэтаксама парог, да якога — няма нас, i пасля якога — няма...
Ёсць месца ў набытку i месца ў страты.
Дзе растлумачыцца чалавеку, хто ён такі?
Хаты чакаюць, што вернуцца людзі.
Пыл ацярушваецца на парозе.
Калі мы са светам — мы супраць свету,
калі мы з прыродай — мы супраць прыроды,
калі мы з родам — мы супраць роду...
Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня — у светлыні.
СНЕГ
Такое маўчанне ў снезе,
такая далеч,
такая бель —
што замірае душа: не ўмее яна яшчэ быць такой.
Шастае шорсткая асака.
Сінеюць самотныя лозы.
У вёсцы запальваюцца агні.
У снега позірк маіх надзей,
у снега маіх летуценняў голас.
Снег, ты з бясконцасці? ты з дасканаласці? ты са скону?
Усё, што буяла, цвіло, красавала, усё, што стала мінулым, усё, што стала ўспамінам, усё, што вярнуцца назад не можа,— вярнулася ў белы снег.
У наваколлі яшчэ адно наваколле,
у адвячорку яшчэ адзін адвячорак,
у долі яшчэ адна доля:
снег.
Свет спавядаецца перад снегам. Кранаю далонню снег.
КРАТЫ
Як здрадлівы лёд, пад намі правальваецца зямля,
самі сабою зрушваюцца са сваіх месцаў нашы бажніцы, астрогі, музеі, крамы...
— Не трэба звяртаць на ўсё гэта ўвагі,— нам раяць аднекуль зверху,— гэта капаюць краты свае норы, усяго-наўсяго краты...
Мы i так не звяртаем даўно ўжо на шмат што ўвагі,
нават на тое, што мы ўжо не надта i мы,
што мы падкапаны ў саміх сваіх думках, учынках, словах,
што — невядома кім — ашуканы, што — невядома як — страцілі грунт...
Мы чуем спаднізу штуршкі — быццам там, пад зямлёй, устае на ногі палонны волат,
адною сваёю часткай палохаемся, i радуемся — другой,
адважваемся i марудзім, чакаем i выраша-ем, як быць, што цяпер нам рабіць усё-ткі:
ці слухаць не тое, што чуем, бачыць не тое, што бачым, казаць не тое, што разумеем,
ці напярэймы кратам капаць пад сабой — разам з імі — зямлю.
ДЗІЧКА
Дзічка-дзічка, чаму ты не груша?
Вось i піла ўжо зубіцца на цябе, i вострыцца ўжо сякера.
Але хіба ведае дзічка, чаму яна дзічка?
Але хіба ведае горкі палын, чаму ён горкі палын?
I хіба ведаюць людзі, чаму яны людзі?
Нешта пагасла ў свеце, нешта замоўкла, нешта асірацела.
Не ўсё, што расце, расце для яды, i ўсё, што расце, расце не адною ядою.
Прыходзіць з мінуўшчыны на апусцелае месца сівы дзядуля.
З будучыні выблісквае ў нашы вочы пажар.
— Яны не мелі таго, што мы сёння маем,— расказваюць сваякі пра людзей, што жылі калісьці,— але жылі яны лепш.
Ці ведае чалавек урэшце, што яму лепш, а што горш,
што — страта, а што — набытак,
што — немач, а што — здароўе,
што — мала, што — шмат?
Усё вырашае па-свойму розум, ды нешта ў жыцці не згаджаецца з ім.
Пад вечар запаліцца ў печы.
I загаворыць — апошні раз — з намі дзічка на самай відушчай мове — на мове агню.
ВІДУШЧЫ КАМЕНЬ
З веку ў век ляжаў ля гасцінца камень.
З веку ў век ішлі па гасцінцы людзі.
Людзі глядзелі на камень, камень глядзеў на людзей, глядзеў-прыглядаўся i ўрэшце зрабіўся відушчым.
I стала яго відушчасць праменіцца на гасці-нец i абпраменьваць кожнага, хто па гасцінцы ішоў.
I сталі рабіцца відушчымі людзі, i стаў кожны ў кожнага бачыць думкі — пярэстыя, простыя, пакручастыя, белыя, шэрыя, чорныя, каляровыя, i стаў кожны кожнага без слоў разуметь.
Спачатку ўсе ўзрадаваліся, а потым палохацца сталі гэтага свайго разумення, відушчасці гэтай нязвыклай сваёй.
Накінуліся грамадой на камень — i саштурхнулі яго ў глыбокую яму, але на трэці дзень стала свяціцца яма,
укінулі камень у мора — на шосты дзень стала свяціцца мора,
закінулі камень высока ў нябёсы — камень адно ўсміхнуўся i стаў, быццам новы месяц, кружыцца i ззяць над усёю зямлёй.
Так скончыўся колішні свет i настаў — відушчы.
АПОШНІ АРГУМЕНТ
Перад тым, як пачнецца бітва, бяссонныя звездары разважаюць-гадаюць, чым яна скончыцца, на чый бок схіліцца перамога.
Я таксама ўзіраюся ў зоркі,
Читать дальше