- Збор твораў нельга дзяліць!
- Гэта яшчэ чаму? Ты зьбіраешся падзяліць нават дзіця. Раманы пакінь сабе, а ідэі забяру я.
Схапіўшы тры тамы, ён кінуў іх па дыване на іншую палову гасьцёўні.
Пераступіўшы праз кнігі, яна пачала вывучаць стосы, якія сама склала для яго.
- У чым справа? – узрушыўся ён.
- Трэба сёе-тое пераглядзець. Вазьму-ка я назад Джона Чывэра[ 10 10 Джон Чывэр (1912-1982) — амэрыканскі пісьменьнік, сацыяльна-псіхалягічны рэаліст.
].
- Яшчэ чаго?! Табе – што лепей, а мне – што атрымаецца? Чывэра не кранай. Вось табе Пушкін. Нудота. Роб-Грые[ 11 11 Роб-Грые, Алэн (р. 1922) — уплывовы французкі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў «новага рамана».
] – нудота на французкі манэр. Кнут Гамсун[ 12 12 Кнут Гамсун (Кнут Пэдэрсан, 1859-1952) — нарвэскі пісьменьнік, на чыю раньнюю творчасьць знаяна паўплывала філязофія Ніцшэ; ляўрэят Нобэлеўскае ўзнагароды па літаратуры 1920г.
]? Нудота на скандынаўскі манэр.
- Хопіць прычэпліваць цэтлікі. Няма чаго заносіцца, нібыта я двоечніца. Разьлічваеш забраць самыя каштоўныя кнігі, а мяне пакінуць з носам?
- Можна і так сказаць. Гэтыя дутыя аўтарытэты толькі і робяць, што корпаюцца адзін у аднаго ў пупку, сьпяваюць ўзаемныя дыфірамбы на Пятай авеню і ўсю дарогу паляць халастымі!
- Дыкенс, па-твойму, таксама дуты аўтарытэт?
- Дыкенс?! На працягу гэтага стагодьдзя яму не было роўных!
- І на тым дзякуй Богу! Калі Ты заўважыў, Табе дастаецца ўвесь Томас Лаў Пікок[ 13 13 Томас Лаў Пікок (1785-1866) — ангельскі сатырык, паэта і эссэіст.
]. Уся фантастыка Азімава. А гэта што, Кафка? Суцэльныя банальнасьці.
- Дык хто з Нас навешвае цэтлікі? – Ён нецярпліва перабіраў то ейныя стосы, то свае. – Пікок! Ледзь не найвялікшы гумарыст усіх часоў. Кафка? Глыбіня. Бліскучае шаленства. Азімаў? Гэні.
- Ох, скажыце, калі ласка! – Яна села ў фатэль, паклала рукі на калены і нахілілася наперад , ківаючы ў бок кніжных гор. – Здаецца, я пачынаю разумець, дзе паміж Намі прайшла расколіна. Твае ўлюбёныя кнігі для мяне – глупства. Мае для Цябе – барахло. Смецьце . Чаму Мы гэтага не заўважылі дзесяць год таму?
- Мы шмат чаго не заўважаем, пакуль ... – ён запнуўся, – ...пакуль кахаем.
Нарэшце гэта было вымаўлена ўголас. Адкінуўшыся на сьпінку фатэля, яна няёмка склала рукі на грудзях і чапурыста зрушыла калены. У вачах з'явіўся здрадлівы бліск.
Ён адвёў позірк і пачаў мераць крокамі пакой.
- Ат д’ябал, – прамармытаў ён, з асьцярогай кранаючы нагой то адзін, то другі стос. – Мне пляваць, што куды патрапіла. Якая розніца, я ж...
- Зможаш ўсё забраць за адзін раз? – ціха спытала яна, гледзячы на яго ва ўпор.
- Думаю, так.
- Дапамагчы Табе пагрузіць кнігі ў машыну?
- Не, ня трэба. – У пакоі зноў павісла доўгае маўчаньне. – Я сам.
- Сапраўды?
- Абсалютна.
Зь цяжкім уздыхам ён пацягнуў да дзьвярэй першы ахапак кніг.
- У мяне ў багажніку ёсьць скрынкі. Зараз прынясу.
- А астатняе ня будзеш праглядаць? Можа, Ты палічыш, што там шмат лішняга.
- Наўрадці, – адазваўся ён. – Ты ведаеш мой густ. Я ж бачу – усё прасартавана з розумам. Проста ня верыцца: як быццам Ты ўзяла аркуш паперы і акуратна разрэзала яго напалам.
Ён перастаў нагрувашчваць кнігі каля дзьвярэй і акінуў поглядам спачатку адзін кніжны вал, потым усе іншыя літаратурныя фартэцыі зь вежамі і, нарэшце, сваю жонку, заціснутую на нэўтральнай паласе. Недзе далёка-далёка, у процілеглым канцы.
У гэты час зь ядальні прымчаліся дзьве чорныя коткі, адна буйная, іншая меньшая; яны пачалі скокаць па шафах і паліцах, а потым гэтак жа раптам зьніклі, ня выдаўшы ані гуку.
У яго здрыганулася рука. Правая нага разгарнулася наском ў адчыненыя дзьверы.
- Не, ня трэба! – спыніла яна. – Тут коткам вальней. І Мод, і Модлін застануцца са мной.
- Але ж ... – пачаў ён.
- Не, – рэзка сказала яна.
Зноў наступіла паўза. У яго тужліва апусьціліся плечы.
- Чорт пабяры, – упаўголас сказаў ён. – Навошта мне гэтыя кнігі? Пакінь сабе.
- А праз пару дзён Ты перадумаеш і прыедзеш за сваёй доляй.
- Мне яны не патрэбны, – кінуў ён. – Мне трэба зусім іншае.
- У тым і жудас, – сказала яна, стоячы нерухома. – Я ўсё разумею, але зьмяніць нічога нельга.
- Так, відаць, так . Зараз вярнуся. Трэба схадзіць за скрынкамі. – Адкрыўшы дзьверы, ён яшчэ раз недаверліва агледзеў новы замок. Дастаў зь кішэні стары ключ і паклаў на столік у пярэднім пакоі. – Гэта можна выкінуць.
- Вядома, – пацьвердзіла яна, але так ціха, што ён не пачуў.
Читать дальше