– А ўлетку занадта горача, – дадаў бацька. – Плавімся ад сьпякоты ў нашым абутку. Не глядзі на мяне такім чынам, маці. Сын хоча гэта пачуць. Ён што-небудзь прыдумае, так, сынку? Знойдзе нам новае мейсца...
– Так, тату.
– Галава баліць, сын?
– Не. –Сын расплюшчыў вочы і пацягнуўся за віном. – Я гэтым займуся. Абяцаю.
Цікава, падумаў ён, ці даводзілася каму-небудзь падшукваць у такой сытуацыі новы прыстанак выключна дзеля добрага выгляду і прыемнага суседзтва? Ці дазволіць гэта закон? Ды і куды іх везьці? Куды яны захочуць перабрацца? Можа, у Чыкага? Ёсць там адно мейсца на ўзгорку...
Толькі цяпер да іхняга століка падыйшоў афіцыянт, каб прыняць замову.
– Мне – тое ж самае, што яму. – Маці кіўнула на сына.
– Мне – тое, што есьць вось той чалавек, – сказаў бацька.
– Hamburger steak, – замовіў сын.
Афіцыянт сышоў і хутка павярнуўся. Яны пачалі хутка есьці.
– Гэта што, спаборніцтва на хуткасьць?
– Супакойся, хлопча. Ах!
І тут раптам усё скончылася. Мінула роўна гадзіна, як сын, апусьціўшы відэлец і нож, дапіў чацьвёртую шклянку віна. Нечакана ягоны твар азарыўся усьмешкай.
– Я ўспомніў ! – Усклікнуў ён. – Я маю на ўвазе, што ўспаміны вяртаюцца да мяне! Чаму я вас паклікаў, чаму выцягнуў Вас сюды !
– Ну? – спытала яго маці.
– Кажы як ёсьць, сын, – сказаў бацька.
– Я... – пачаў сын.
– Што?
– Ну-ну?
– Я, – сказаў сын, – люблю Вас.
Ягоныя словы адкінулі бацькоў на сьпінкі крэслаў. Іхнія плечы аселі; яны абмяняліся позіркамі, галовы апусьціліся.
– Чорт, сынку, – прамовіў бацька. – Мы гэта ведаем.
– Мы таксама цябе любім, – сказала маці.
– Так, – ціха сказаў бацька, – гэта так.
– Але мы імкнемся ня думаць пра гэта, – сказала маці. – Гэта робіць нас сумнымі, калі ты нас ня клічаш.
– Маці! – Усклікнуў сын і спыніў сябе, ледзь не сказаўшы: ты зноў забылася !
Замест гэтага ён паабяцаў:
– Я буду клікаць вас часьцей.
– У гэтым няма патрэбы, – сказаў бацька.
– Я буду, паверце, так і будзе!
– Не давай абяцаньняў, калі ня маеш патрэбы іх выконваць, вось што я скажу. Але зараз.. – Бацька зрабіў глыток віна. – Скажы мне, сын, што яшчэ ты нам хацеў сказаць?
– Што яшчэ? – Сын быў уражаны. Хіба недастаткова таго, што ён прызнаўся ім у вялікай, бясконцай любові...
– Як сказаць...
Ён замяўся. Ягоны позірк паў па-за вакно рэстарацыі на маўклівую тэлефонную будку, дзе ён апошнім разам званіў.
– Мае дзеці... – пачаў ён.
– Дзеці! – Расхваляваўся стары. – Божухна, як я мог забыцца! Хто яны ў цябе?
– Дачкі, вядома! – Сказала жонка, адштурхнуўшы яго рукой. – Што здарылася з табой?
– Калі ты за дваццаць гадоў не зразумела, што са мной адбываецца, то тлумачыць няма сэнсу. – Бацька павярнуўся да сына. – Дачкі, зразумела. Яны мусілі ўжо зусім вырасьці. А былі такія крохі, калі мы апошнім разам бачыліся...
– Пачакай, няхай сын сам пра іх распавядзе, – перапыніла яго маці.
– Няма чаго распавядаць – Сын няёмка запнуўся. – Чорт, насамрэч шмат чаго. Але гэта ня мае сэнсу.
– А ты паспрабуй, – сказаў бацька.
– Часам бывае...
– Так?
– Часам бывае, – павольна працягваў сын, апусціўшы вочы, – вось гэтае пачуцьцё, быццам мае дачкі – ўдумайцеся: мае дачкі памерлі, а вы, вы жывыя ! Ці мае гэта сэнс?
– Сэнс у тым, што амаль ва ўсіх сем’ях адбываецца падобнае, – сказаў бацька, дастаўшы цыгару, адрэзаўшы ейны кончык і закурыўшы яе. – Цябе не адразу зразумееш , сынку.
– Тат... – сказала дакорліва маці.
– Ну, так было і зараз адбываеца тое ж самае, чорт пабяры. Гэта сьмешна, але так і ёсьць. Я хачу сказаць: яго не адразу зразумееш. Але ты працягвай, кажы і, пакуль ты гэта робіш, налі мне яшчэ віна.
Сын наліў яму віна і сказаў:
– Не магу іх зразумець. Так, і я маю дзьве праблемы. Вось чаму я вас і паклікаў. Першая: я сумую па вас. Другая: мне вельмі дрэнна бяз іх. Вось гэта нечакана для вас . Чаму так атрымліваецца?
– На першы погляд... – пачаў бацька.
– Такое жыцьцё, – дадала маці, ківаючы.
– Гэта ўсё, што вы можаце мне параіць? – Усклікнуў сын.
– Прабач, але мы ведаем, што ты сёньня пастараўся, і вячэра была выдатнай, і віно першаклясным, але мы проста ад гэтага адвыклі, мой хлопчык. Мы нават ня можам прыгадаць, якім ты быў! Як мы можам табе дапамагчы? Зусім ніяк! – Бацька дастаў запалкі і назіраў, як полымя праглынае чарговую цыгару. – Не, сын. Праблема ў іншым. Няёмка пра гэта казаць. Нават ня ведаю, як растлумачыць...
– Твой бацька хоча сказаць…
Читать дальше