10
У ix — справядлівасць
i чысціня
духа, душы i цела;
у ix — непахібная праўда
i навучанне праўдзе;
у ix — дасканалы розум
i ўсёабдымная мудрасць;
у ix — чалавекалюбства,
якому чужая ліслівасць
i незнаёмае запабяганне;
у ix — міласэрнасць,
што не вышуквае ўзнагароды,
a ўзнагароджвае шчодра;
у ix — дабрыня i шчырасць
i іншыя цноты,
што, быццам з крыніцы,
з ix вынікаюць
i не вычэрпваюцца ніколі.
11
У ix — вялікая таямніца
пра вечнаіснага Бога,
адзінага ў Тройцы,
пра ўцелясненне
Божага Сына Ісуса Хрыста,
пра яго цудадзейныя ўчынкі,
прыпавесці
i запаветы,
i пра пакутніцтва беспавіннае,
i пра смерць,
i пра ўваскрэсенне з мёртвых.
12
У ix — неўміручае спадзяванне
на перамогу над смерцю
i на паўстанне з мёртвых;
у ix — прадчуванне жыцця,
што не мае скону,
у ix — засцярога
прад страшным судом
i агнём апраметным;
у ix — адмыканне замкнёнага,
водшук схаванага
i патаемнага выяўленне.
Быццам вялікая скарбніца,
усё гэта мае
i зберагае ў сабе Псалтыр.
13
Ззажаючы на спажыткі
сабраныя ў гэтай кніжцы,
я, Францішак,
Скарынаў сын, у навуках
лекарскіх доктар,
родам з Полацка горада,
загадаў друкаваць
у горадзе Пражскім старым
Псалтыр
рускімі словамі
у мове славянскай:
для ўвасхвалення
i ўшаны Бога,
у Тройцы адзінага,
i прачыстай
Божае маці — Марыі,
i Божых святых, i ўсяго
нябеснага чыну;
а гэтаксама
для добрага ўжытку
i для карысці
людзей паспалітых,
з якімі
зрадніў мяне Бог міласцівы,
даўшы
мне нарадзіцца на свет
у гэтым народзе
i ў гэтай мове.
14
Псалтыр азначае снадзь,
якая нагадвае гуслі.
Сам цар i прарок абвяшчае
у сваім хваласпеве:
«Хваліце
Бога на гуслях i псалтыры!»
I дзеля гэтага цар Давыд
выбраў спаміж усёй
людской грамады чатырох
іярэяў вялікіх —
Асафа, Ямана,
Яфана i Ідыфуна,
паставіўшы ix,
каб ігралі
перад каўчэгам
Гасподняга запавета
i каб спявалі
ўвесь час псалмы,—
як сведчыць
першы Параліпаменон.
15
Аднак жа псалтыр ад гусляў
адрозніваецца заўважна:
гуслі маюць шмат струн,
псалтыр — толькі дзесяць.
«Хваліце Бога на псалтыры
дзесяціструнным!» —
гаворыцца ў хваласпеве.
Усталявана
гэта я снадзь была
Духам Святым на азнаку
Гасподняга дзесяціслоўя,
якое Майсею
запавядаў Гасподзь Бог
на Сінайскай гары
для нашага навучання:
каб мы,
калі спяваем псалмы
ці чытаем,
ці разважаем над імі —
заўсёды
мелі перад вачамі
дзесяцікротны Божы загад.
16
Хай будзе ведама,
што змясціў
я на баках
друкаваных старонак
таксама найменні раздзелаў
з другіх багаўгодных кніг,
каб кожны,
хто хоча пераканацца,
мог распазнаць,
што сведчаць
астатнія пісьмы святыя
адно пра адно
i разам
усе згаджаюцца з Псалтыром.
Таксама змясціў на баках,
ні ў чым
не рушачы Псалтыра самога,
словы, што простым людзям
незразумелыя будуць,
i растлумачыў ix моваю рускай.
I падзяліў я таксама
псалмы на вершы —
паводле таго, як дзеляць
у іншых мовах.
Напісана гэтая кніга дваіста
1
Біблія — слова,
узятае з грэцкай мовы,
І азначае,
калі яго перакласці: кніга.
Напрыклад, святы Мацвей
кнігаю радаводу
Ісуса Хрыста
пачынае Хрыстова Евангелле.
У ім
першы радок па-грэцку
так i чытаецца:
«Біблос генесеос Icy Хрысту».
2
Гэтая назва таксама
стасуецца да ўсяго
Святога Пісьма — да кніг,
якія змяшчае
у зборы сваім Стары
i Новы Закон:
праз вартасць,
ім уласцівую, i яна
сама набывае
адметную вартасць
i адмысловы сэнс.
3
Піша пра гэтую кнігу
евангеліст,
спадарожца Хрыстовы,
у сваім аб'яўленні:
«I бачыў
я ў правай руцэ ў Тагo,
Хто сядзіць на пасадзе,
кнігу,
напісаную знутры
i знадворку».
4
I праўда,
напісана гэтая кніга дваіста:
знутры для тых,
хто мае духоўныя вочы
i можа ўбачыць
вялікія Божыя таямніцы,
што запячатаны ў ёй.
Апостал Павел уражваецца:
«О, бяздонне
багацця i ведаў
i мудрасці Божай!
Як неспасціжны яго суды
i як неспаследны яго дарогі!»
5
Для ўсіх астатніх
напісана гэтая кніга знадворку,
каб не адны дактары
i людзі вучоныя
ў ёй разумеліся,
а каб усякі
зямны чалавек, што будзе
яе чытаць альбо слухаць —
добра
змог зразумець, што трэба
рабіць для збавення душы.
6
Сам Збаўца
сведчыць, гаворачы:
«Ойча,
Госпадзе неба й зямлі,
услаўляю цябе,
што гэта
схаваў ты
ад мудрых i ад разумных,
а дзецям малым адкрыў».
Читать дальше