Сёння
новіцца новым людзям
свята Хрыстова ўваскрэсення
i ўсё тое,
што сталася новым,
добраахвотна
прыносіцца Госпаду:
вера — ад жыхароў,
ад хрысціян — набажэнства,
апека царкоўная —
ад вяльможаў,
ад праведнікаў —
мудрасціпласць,
ад грэшнікаў — пакаянне,
ад несумліўцаў —
звяртанне да Бога,
адно аднаму дараванне —
ад варагоўцаў.
Узыдзем цяпер, браты,
i мы на Сіён
i ўвойдзем
змысловымі ўвойдзінамі
ў святліцу,
дзе ўжо
сабраліся вучні Хрыстовы
i сам Хрыстос,
калі былі дзверы зачынены,
спасярод
іхняга збору з'явіўся
і, прывітаўшы ix: «Мір вам!»,—
споўніў
ix радасцю невымоўнай.
Усцешыліся —
апавядае Пісанне —
вучні,
убачыўшы Госпада,
i растаў
тут жа, умомант, іхні
цялесны смутак,
i страх сардэчны прапаў.
I далася
духоўная здарсць іхнім душам,
калі распазналі
свайго Уладыку,
а ён агаліў рабрыны,
што дзідай былі ўвярэджаны
перад імі
i раны цвіковыя на руках
i нагах паказаў Фаму.
Не было Фамы
з астатнімі вучнямі,
калі першы раз
ім аб'яўляўся
Хрыстос уваскрэслы,
таму, пачуўшы,
што насампраўдзе
Хрыстос уваскрэс, не даваў
гэтаму веры,
але хацеў
упэўніцца сам у гэтым.
«Пакуль я рукі сваёй
не ўкладу
у рэбры яго,
a ў раны цвіковыя
пальца свайго,
не паверу»,— казаў ён.
Таму Гасподзь,
дакораў не чынячы,
гэтым разам
яму i сказаў:
«Працягні
руку сваю i ўкладзі
у рэбры мае, i вер,
што я гэта.
Бо i раней
прарокі i патрыярхі
верылі,
розумам спазнаючы
знакі часін,
у маё ўчалавечанне.
Распазнай,
што пішацца пра мяне
у кнізе Ісаі:
«Дзідай
у рэбры працяты будзе
i сыдзе кроў i вада».
А потым:
«У рэбры працяты быў
i праз гэта
Адама зупалага
ўваскрасіў».
I хіба цябе,
хоць ты не паверыў словам,
што я ўваскрэс i жыву,
адпрэчу?!.
Даткніся i ўпэўніся,—
гэта я.
Верачы ў маё прыйсце,
калі я быў немаўля,
упэўніўся праведны Сімяон,
што споўнілася абяцанне
Святога Духа,
i з вераю ў Бога прасіў,
каб цяпер
ён адпусціў яго
з гэтага свету з мірам.
Не будзь
нявернікам, як быу Ірад.
Калі ён пачуў
пра маё нараджэнне,
выпытваў у вешчуноў:
«Скажыце,
дзе нарадзіўся Хрыстос,
каб i мне
пайсці яму пакланіцца»,—
a ў гэты час
думаў у сэрцы сваім
аб маім забойстве.
Па ўсёй акрузе
ён вынішчыў немаўлят,
ды таго, чаго ён жадаў,
асягнуць не здолеў,—
так будуць мяне шукаць
зламыснікі
i не знойдуць.
Вер у мяне, Фама,
i ўведай
мяне, як Аўрам:
з двума
анёламі я прыйшоў
пад шаты яго, i ён
уведаў, што гэта я,
назваў мяне Госпадам
i маліў
мяне аб Садому:
каб не губіў
горада, дзе набярэцца
праведнікаў хоць бы дзесяць.
Не будзь
нявернікам, як Ваалам,
што Духам Святым прарочыў
аб умярцвенні маім за свет
i ўваскрэсенні,
але потым,
спакушаны
нізкаю ўзнагародай,
загінуў.
Вер у мяне, Фама,
што я гэта;
бачыў мяне Іакаў
на версе прыснёнай драбіны,
якая злучала зямлю i нябёсы,
i ён жа мяне распазнаў
духам, калі я з ім
змагаўся ў Месапатаміі:
абяцаў
яму я тады, што прыму
у родзе яго
чалавечае ўцелясненне.
Не будзь
нявернікам, як Наўхаданосар,
што ўбачыў мяне,
калі я
у печы напаленай ад загубы
трох юнакоў ратаваў i сам
быў спаміж імі чацвертым;
тады назваў
ён мяне Божым Сынам
i вызнаў
мяне перад тварам прысутных,
ды потым
зноў да спакусаў сваіх
вярнуўся
i ў ix загінуў.
Вер у мяне, Фама,
што я гэта;
бачыў мяне Ісая,
калі яму ўбачыўся
ўзгорны трон,
які абступала
мноства анёлаў.
Я — той,
хто быў Езекілю
з'яўлены вобразам чалавечым
спаміж жывёлін;
i вы былі з'яўлены
ў выглядзе колаў,
якія злучаліся
з постацямі жывёлін
i рухаліся за мною;
у колах
быў тады дух жывы,
i цяпер
у вас я ўдыхнуў
Святы Дух гэтаксама.
Я — той,
каго ўбачыў Даніл
на аблоках нябесных
i хто,
постаццю Сын Чалавечы,
сышоў
да Спрадвечнага днямі
i атрымаў ад яго
уладу i царства
на небе i на зямлі
гэтага веку i будучага,
якому
не будзе канца.
Укладзі, Блізня,
свой палец сюды
i ўгледзь мае рукі:
імі я вочы сляпым адтуляў,
імі глухім я слых аднаходзіў,
i адмыкаў нямым
рукамі гэтымі мову.
Угледзь
i ногі мае: хадзіў
імі па моры
узбураным перад вамі,
імі ішоў па паветры
і, увайшоўшы
у пекла імі,
спрамог
апраметную цемру;
імі прайшоў
з Лукой i Кляопам
шлях да Эмаўса.
Дык жа не будзь, Фама,
тым, хто не верыць,
а будзь
тым, хто верыць».
Читать дальше