Фама адказаў:
«Госпадзе, веру,
што ты Хрыстос,
Бог мой,
i што аб табе пісалі
прарокі, відушчыя духам,
i што ў Законе Майсеевым
твой правобраз,
i што адпрэчыліся ад цябе
фарысеі,
i што з цябе здзекаваліся
заканазнаўцы,
i што глуміўся з цябе натоўп,
i што, вымыўшы рукі, Пілат
аддаў цябе на укрыжаванне,
i што Бог-Айцец
уваскрасіў цябе з мёртвых.
Бачу
твае рабрыны: з ix
тачыліся кроў i вада;
вада —
каб ачысціць
зблюзнераную зямлю,
a кроў —
асвяціць чалавечую існасць.
Бачу рукі твае, якімі
ты існае ўрэчаісніў,
i рай насадзіў,
i стварыў чалавека;
багаславіў патрыярхаў імі,
памазаў імі цароў,
асвяціў апосталаў.
Бачу
ногі твае: да ix
схіліўшыся, атрымала
блудніца грахоў адпушчэнне;
да ix прыпаўшы,
займела ўдава жывым
адзінага сына свайго,
што быў мёртвы,
i, дакрануўшыся да краёў
рызы, што ix атуляла,
ад крывацёку
балесная ацалела.
Ія,
Госпадзе, веру,
што ты Гасподзь Бог».
Icyc,
адказваючы на гэта,
Фаму сказаў:
«Ты мяне ўбачыў —
i, калі ўбачыў, паверыў:
райлівыя тыя, аднак,
што, i не бачыўшы,
вераць».
Дык будзем жа верыць,
браты,
у нашага Госпада Бога
Ісуса Хрыста:
укрыжаванаму — мы яму
паклонімся сёння,
ca смерці ўваскрэслага —
ўславім,
апосталам з'яўленага —
прывітаем,
раны свае паказаўшага —
увасхвалім,
прыйшоўшаму нас ажывіць —
уздзячым,
нас прасвяціўшага —
зразумеем,
шчадротамі ўзнагародзіўшага
узвялічым,
адзінага ў Тройцы —
прымем
нашага Збаўцу Ісуса Хрыста.
З Богам-Айцом,
з Богам-Духам Святым яму
цяпер i заўсёды —
слава.
Францыск Скарына
(каля 1490— каля 1551)
Псалом — песнаспеў анёльскі
1
Пісанне, натхнёнае Богам,
карыснае ўсякаму чалавеку:
для навучання
i разважання,
для ачышчэння
i высвядчэння,
для выпраўлення
i для здзяйснення праўды,—
каб дасканалы быў чалавек
і здатны
да ўсякае добрае справы,
як піша апостал Павел.
2
Усталявана Святое Пісанне,
каб мы
знаходзілі ў ім
для сябе спажытак
i мелі раду —
ў Законе Старым
i ў Законе Новым,
у дзеях святых айцоў
i ў святых прароках,
у прыпавесцях мудрацоў
i ў псалмах урачыстых,
якія складаў цар Давыд
i іншыя Божыя хваласпеўцы.
3
Розняцца між сабою
найменаваныя пісьмы,
аднак усе яны ў зборы
i кожнае паасобку
адзіную справу ў сабе
змяшчаюць,
адзіную мэту ў сабе
трымаюць,
навуку адзіную маюць:
як дасягнуць чалавеку
жыцця, над якім не мае
улады ні тлен, ні смерць.
4
Прарокі
звястуюць наступнасць,
якая суджана людзям
i цэлым народам
паводле іхняга чыну:
добрую — добрым
i злую — злым.
Жыцці святых айцоў
i іхнія дзеі
вучаць нас жыць на свеце
у цярплівасці i ў надзеі,
i ў боязі Божай.
Прыпавесці i сказы
настаўнікаў мудрых
дбайна
усіх нас — малых i старых —
настаўляюць
у звычаях добрых.
5
Псалтыр жа ўбірае
усе здабыткі,
якімі багаты іншыя пісьмы
i, як яны, навучае ведам,
i, як яны, прарочыць.
Ён — быццам скарбніца,
у якой
найдаражэйшыя скарбы
сабраны,
I гэтыя скарбы —
не дыяменты,
не срэбра,
не золата,
не смарагды,
а чалавечыя словы,
натхнёныя Богам
i выслаўленыя да Бога.
6
Псалмы ацаляюць дух
i гояць
ад немачаў цела,
душу прасвятляюць,
мацуюць розум,
спакой усталёўваюць,
льюць лагоду,
тугу праганяюць,
адводзяць смутак,
любоў абуджаюць,
спагаду шыраць,
людзей прыязняць,
даюць у малітвах чуласць,
духаў ліхіх выганяюць,
анёлаў на помач клічуць.
7
Псалом — гэта шчыт
супроць начных сурочлівых мрояў
i пострахаў,
супакаенне —
у рупеску дзённым,
падтрымка — у працы,
дарадца i радасць — юным,
старым — уцеха i песня,
жанчынам —
малітва набожная
i акраса,
мужчынам — апора трывалая
i падмога,
навук памнажэнне —
дарослым
i дзеткам малым — пачатак
усякай добрай навукі.
8
Псалом — суадзіны голас
усёй царквы Багаіснай,
ён упрыгожвае набажэнства
i аздабляе свята,
a ростыркі,
злыбеду,
варажнечу
дзеля ўсявышняга Бога
змірае.
Нават каменнае сэрца
псалом расчульвае i змякчае,
i слёзы з яго вытачае,
быццам ваду з крыніцы.
Псалом — песнаспеў анёльскі,
цімвян духоўны:
вучыць душу, а цела
вяселіць спевам.
9
Што ёсць высокае ў высачыні,
што для псалмоў
было б недасяжным?
Што ёсць глыбокае
ў глыбачыні,
што для псалмоў
засталося б схаваным?
Што ёсць далёкае ў далечыні,
пра што б у псалмах
не вялося гаворкі?
Псалмы жыватворыць хвала,
якая ўзыходзіць ад сэрца,
i поўніць Божая веліч,
якая пераўзыходзіць
усё, што ёсць.
Читать дальше