Я — слова, што вучыцца гаварыць,
думка — што вучыцца думаць,
жыццё — што вучыцца жыць.
Людзі, што мне сустрэліся ўчора i пазаўчора i што сустракаюцца сёння...— уваходзяць яны ў мой лес, быццам яны гэта я таксама.
Нават калі я адводжу вочы — яны ўсё адно глядзяць на мяне,
нават калі не растульваю вуснаў — яны ўсё адно ўступаюць ca мною ў размову.
Вось яны, вось: то хаваюцца ў цёмныя нетры майго забыцця, то аб'яўляюцца на белым полі маёй увагі.
Але чаму з разнастайнага мноства якраз яны?
Чаму менавіта яны — яны?
У лесе дрэвы i людзі: той, хто стаіць нерухома на месцы,— дрэвы, той, хто блукае,— людзі.
Збочвае поле ў лес, i збочвае ў лес лагчына.
Быццам заклятае дрэва, ляжыць каля ног маіх цень.
Сцежкі, якія ўва мне, упадаюць у сцежкі, якія ў лесе.
Каб адшукацца, трэба спярша згубіцца.
A таямніца ў самай сярэдзіне нетраў трымае відушчы ліхтар.
Куды б ні ішоў — я вяду за сабою лес.
Дзе б я ні быў — застаюся ў лесе.
А словы складаюцца разам i паўтараюцца бесперастанку: лес — лес.
Кашу траву, якую касіў перад гэтым,— атаву.
Дыхае восень.
Туманіцца лета.
Кранае званы далячыняў туга.
Незаўважна расце трава, незаўважна мяняюцца поры года.
З аднаго канца лугавіны скіроўваюся ў другі канец лугавіны.
Час, як траву, мяне росціць i час, як траву, мяне косіць, i смерць становіцца нараджэннем, якое нічога не памятае пра тое, што было перад ім.
Спяшайся расці, трава,
спяшайся, адна палова імгнення, злучыцца з другою паловай,—
каб спраўдзіўся некалі цуд, каб паспелі ўсе нарадзіцца i не паспела смерць анікога скасіць касой.
— Ты не ўсё яшчэ ўзяў з сабою,— кажа мне стражнік, калі я спрабую выйсці з падземнага замка.
Я вяртаюся i аглядаю яшчэ раз рэчы, сабраныя тут.
Я не ведаю іхняга сэнсу i прызначэння, i таму наўздагад бяру сабе тое, што нагадвае мне пэўным чынам мяне самога: бронзавага чалавечка з ключом у руцэ.
Аднак i на гэты раз мне не ўдаецца выйсці.— Ты не ўсё яшчэ тут пакінуў,— кажа мне стражнік, але не тлумачыць — што.
І зноў я вяртаюся ў залы падземнага замка, дзе я i вязень, i валадар, i стаўлю свайго чалавечка на тое месца, дзе ён стаяў.
Што мушу я ўзяць у падземным замку i што ў ім пакінуць?
Я бяру й пакідаю, пакідаю й бяру — i апынаюся кожны раз то ў нястачы, то ў лішку.
Зайшоўшы на загуменне, накопваю гліны, мяшаю яе са сваёю слінаю i ляплю, што хоча ляпіцца само,— чалавечкаў.
Гэта — сусед Іван,
гэта — сусед Багдан,
гэта — бацька,
а гэта — маці,
а гэта — я...
Прыходзіць на загуменне сусед Іван, прыходзіць сусед Багдан, прыходзіць бацька, прыходзіць маці i дзіву даюцца, што я ix так добра зляпіў.
— Аднак мы самі,— кажуць яны,— жывыя, а вось яны нежывыя, i калі ты ix не ажывіш, мы гэтаксама з часам станем такія ж, як i яны...
Я стаўлю сваіх чалавечкаў на ногі,
адхукваю ix, бы яны закляклі,
упрошваю ix, каб яны ажылі...
Але не чуюць мяне гліняныя чалавечкі i не намерваюцца ажываць.
Пойдуць суседзі, пойдуць бацькі, а я паранейшаму буду сядзець на тым загуменні,
i думаць,
i мучыцца,
i шкадаваць, нашто я наогул звязваўся з глінай.
Вобразы вабяць услед за сабою, але памкнуся за імі — i ix растворыць прастора: магчыма, яны проста птушкі, якія адводзяць таго, хто ідзе, ад сваіх затоеных гнёздаў.
Заблытаны сцежкі, якія вядуць i на ўсход, i на захад, але на кожным кроку, усюды, ад ix падымаецца стромкая вышыня, i, падымаючыся над сабою, становіцца розумам цела, i, падымаючыся над сабою, розум становіцца ўсёразуменнем, якое, нібы ваданосныя жылы, сабой насычае i жывіць кожнае слова i кожны крок.
Чалавек — гэта два чалавекі, як дзве далоні, што лепяць суладна снежку ці перакідваюць, каб утрымаць, жарыну: адзін з ix — пачатак, другі — завяршэнне, адзін з ix — выток, i другі — суток, адзін з ix — прычына, другі з ix — вынік, адзін з ix — пытанне, другі — адказ, а паміж імі цякуць, вынікаючы з ix i ўпадаючы ў ix, сусветы.
Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне.
Не скончаны дзень тварэння: зноўку i зноў вылеплівае чалавек сваю лепшую долю.
Дзеліць мяне прастора, з'ядноўвае час.
Калі чалавек сустрэнецца з чалавекам?
У бездані памяці мгліцца бяссонны ліхтар.
Читать дальше